ХРЫСЬЦІЯНСКА-ДЭМАКРАТЫЧНЫ РУХ У БЕЛАРУСІ
На пачатку ХХ стагодздзя, калі актывізаваўся беларускі нацыянальны адраджэнскі рух, пачаўся і беларускі хрысьціянскі рух, перш за ўсё ў асяродзьдзі маладога беларускага каталіцкага духавенства: у Віленскай каталіцкай духоўнай сэмінарыі і Каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу. У гэтых вучэльнях утварыліся беларускія гурткі.
Менавіта ў гэты перыяд адраджэнскага руху і пазьней адзначыліся сваёй нацыянальнай сьвядомасьцю каталіцкія сьвятары, выхадцы зь Беларусі, якія скончылі Віленскую духоўную семінарыю й Каталіцкую духоўную акадэмію ў Пецярбургу. Гэта былі Адам Станкевіч, Станіслаў Глякоўскі, Антон Шышка, Канстанцін Стаповіч, Язэп Германовіч, Фабіян Абрантовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Аляксандар Астрамовіч і іншыя.
Ужо ў гэты пэрыяд у асобных касьцёлах Віленскай і Менскай дыяцэзіяў вернікі сьпявалі рэлігійныя сьпевы на беларускай мове. Так у 1911 годзе газэта “Наша ніва” зьмясьціла патрабаваньне аб пераводзе набажэнстваў у Праваслаўнай і Каталіцкай Царкве на беларускую мову.
Пачынаючы з 1917 году, ва ўсходняй і цэнтральнай частках Беларусі Касьцёл апынуўся ў новых абставінах. Адразу пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году у Расіі Часовы ўрад сваім дэкрэтам надаў Каталіцкай Царкве такія ж правы, як і Праваслаўнай. 5 траўня 1917 году Часовы ўрад дазволіў аднавіць адміністрацыю каталіцкіх дыяцэзіяў (біскупстваў). 20 траўня Касьцёлу была вернута маёмасьць, раней канфіскаваныя будынкі, дазволена дзейнасьць манаскіх ордэнаў. Рэлігійная праца суправаджалася і грамадзка-палітычнай.
Як адзначалася вышэй, хрысьціянска-дэмакратычны рух у Беларусі ўзьнік на пачатку ХХ стагодзьдзя ў асяродздзі слухачоў Пецярбурскай духоўнай акадэміі, а таксама ў гуртках настаўнікаў і каталіцкіх сьвятароў у самой Беларусі. Датай арганізацыйнага афармленьня Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі (спачатку яна называлася Хрысьціянская Дэмакратычная Злучнасьць) лічыца травень 1917 году. Заснавальнікамі яе былі ксяндзы Фабіян Абрантовіч, Лук’ян Хвецька, Адам Станкевіч, Кастусь Стаповіч, Аляксандар Астрамовіч, Францішак Будзька, Вінцэнт Гадлеўскі.
Так, 24-25 траўня 1917 году ў Менску адбыўся зьезд беларускага каталіцкага духавенства, на якім пасьля дакладу а. Вінцэнта Гадлэўскага была прынята рэзалюцыя аб неабходнасьці ўвядзеньня аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай дэмакратычнай рэспублікі. Прадстаўнікі партыі ўваходзілі ў Беларускі нацыянальны камітэт, а потым і ў Вялікую Беларускую раду, займалі патрыятычныя і дэмакратычныя пазыцыі. БХД вітала акт 25 сакавіка 1918 году, які абвяшчаў незалежнасьць Беларусі.
Як арганізацыя дэмакратычная, БХД арыентавалася на эвалюцыйны шлях развіцьця грамадзтва і парлямэнцкія формы барацьбы. Выступала супраць таталітарызму — фашызму і бальшавізму.
У 1918 годзе ў Менску адчынілася Каталіцкая духоўная сэмінарыя на чале з а. Фабіянам Абрантовічам. Амаль усе навучэнцы ў ёй былі беларусамі. Айцец Ф.Абрантовіч намагаўся заснаваць у Менску Беларускую каталіцкую акадэмію, але не здолеў давесьці гэтую справу да канца з-за ўсталяваньня ў сьнежні 1918 года савецкай улады.
З 1918 году, падчас існаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі, беларуская мова стала паўсюдна ўжывацца ў каталіцкіх сьвятынях.
Пасьля Рысскай змовы (1921) Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя працягвала дзейнасьць на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая адышла да Польшчы (сядзіба партыі знаходзілася ў Вільні). Партыя пашырала нацыянальную сьвядамасьць сярод беларускага насельніцтва вёсак і мястэчкаў, заклікала адстойваць права на беларускую мову ў школах і ў рэлігійным жыцьці. Для ўзмацненьня свайго ўплыву сярод сялянаў хрысьціянскія дэмакраты заклалі ў 1926 годзе ў Вільні Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.
У тым жа 1926 годзе мітрапалітам, арцыбіскупам Віленскім быў прызначаны Рамуальд Яблжыкоўскі, які адразу пачаў праводзіць антыбеларускі курс у сваёй архідыяцэзіі. Былі забаронены казаньні на беларускай мове, а ксяндзоў-беларусаў пераводзілі ў мясцовасьці з польскім насельніцтвам. У Віленскай духоўнай сэмінарыі ўзмацнілася паланізацыя. Р.Яблжыкоўскі забараніў беларусам-католікам уступаць у Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю і асуджаў каталіцкую газэту “Беларуская Крыніца”.
Айцец Вінцэнт Гадлэўскі за сваю нацыянальна-рэлігійную дзейнасьць быў двойчы арыштаваны і ў 1927 году асуджаны на два гады турэмнага зьняволеньня.
Ад 1927 году сябрамі партыі, паводле зьменаў у Статуце, маглі быць не толькі каталікі, але й праваслаўныя. Гэты крок даў БХД магчымасьць стаць адным зь лідэраў сярод партыяў Заходняй Беларусі.
Павялічэньне колькасьці сяброў БХД не магло не турбаваць тагачасныя акупацыйныя польскія ўлады. Асабліва ўзмацнілі яны кантроль за Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыяй пасьля таго, як у лютым 1936 года паміж Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры і Таварыствам беларускай школы было падпісанае пагадненьне ў справе змаганьня за школу на роднай мове. Тым часам у самой партыі ў сувязі з рэарганізацыяй яе ў Беларускае Нацыянальнае Аб’яднаньне адбыўся падзел на дэмакратаў і кансэрватараў. Кансэрватары на чале з В.Гадлеўскім утварылі арганізацыю, якая атрымала найменьне Беларускі Нацыянальны Фронт, а Беларускае Народнае Аб’яднаньне ўзначаліў Янка Пазьняк.
Пасьля далучэньня ў верасьні 1939 году Заходняй Беларусі да СССР дзейнасьць партыяў была забаронена, многія хрысьціянскія дэмакраты былі рэпрэсаваныя (сярод іх Янка Пазьняк, Адам Станкевіч, Станіслаў Грынкевіч, Фабіян Абрантовіч, Янка Шутовіч, Язэп Германовіч, Андрэй Цікота), некаторыя пэўны час як маглі працягвалі працу на карысьць Бацькаўшчыны, іншыя выехалі за мяжу.
Улетку 1941 году Віленскі арцыбіскуп Р.Яблжыкоўскі накіраваў зь Вільні ва Ўсходнюю Беларусь ксяндзоў (Станіслава Глякоўскага, Дзяніса Мальца, Пятра Татарыновіча, Казіміра Рыбажтоўскага), якія павінны былі ўзнавіць дзейнасьць касьцёлаў. Аднак ужо ў сьнежні 1941 году нямецкія ўлады арыштавалі ў Менску ксяндзоў Д.Мальца і С.Глякоўскага і, праўдападобна, расстралялі. Ксяндзы П.Татарыновіч і К.Рыбалтоўскі былі вымушаныя пакінуць Усходнюю Беларусь. У сьнежні 1942 году у сваім службовым кабінеце быў арыштаваны менскім СД айцец В.Гадлеўскі і потым закатаваны. Айцец К.Рыбалтоўскі быў расстраляны нацыстамі ў ліпені 1943 году.