Новая гісторыя
На першы погляд, у Беларусі з пачаткам трэцяга тысячагодзьдзя ўсё засталося па-старому. Тыя самыя людзі на вуліцах, тыя самыя пачуцьці, той самы звычайны прэзыдэнт. Нягледзячы на выбары, урад Навіцкага, тэракты 11 верасьня й найноўшую сусьветную рэальнасьць, у нас усе моўчкі чакаюць заробку, трываюць і Лукашэнку, і апазыцыю, ды паціху раздумваюць над тым, хто вінаваты й што рабіць. Беларускі час ужо даўно ўвасобіўся ў бясконцай хадзе гадзіньнікавай стрэлкі, мікраскапічны рух якой абмежаваны замкнёным колам. Штосьці новае здаецца папросту немагчымым.
Але скрозь гэтую цьмяную шэрасьць ўсё мацней прабіваецца адчуваньне — у Беларусі пачалася новая гісторыя. Старая спынілася й зьнікла. Новая гісторыя Беларусі перастала быць пытаньнем новых эпохаў, імёнаў ці новае хвалі. Поўнае абнаўленьне сьветапогляду, сьвядомасьці, ладу жыцьця й спосабу існаваньня выявілася непазьбежным. Новая гісторыя — гэта абсалютна новая палітыка, эканоміка й духоўнасьць. Гэта новая генэрацыя, якая ўжо нарадзілася. Новая гісторыя Беларусі здавалася нам неверагоднай мрояй, але насамрэч яна натуральная, як надыход новага дня. Яна цудоўная й нечаканая, як раптоўнае абуджэньне. Прачынаешся — і бачыш, што толькі цяпер усё й пачалося.
І.
Новае слова
Спачатку было Слова…
Эвангельле паводле Яна, 1:1.
Так, сапраўды, спачатку заўсёды слова. Сем апошніх гадоў і асабліва сёлета, падчас прэзыдэнцкіх выбараў мы ўсе чакалі новага слова ў беларускай палітыцы. Вельмі хацелася ўбачыць таго, хто агучыць нацыянальную ідэю на поўны голас, прамовіць тое, што пачуюць, зразумеюць і падхопяць усе. 2001-ы год давёў, што нічога новага беларуская апазыцыя сказаць ужо ня можа. Галоўныя словы так і не прагучалі. Мы сустрэлі пачатак новага тысячагодзьдзя з пачуцьцём сораму й расчараваньня – моўчкі.
Выбірай
Прэзыдэнцкія выбары-2001 наглядна выявілі ўсю ўбогасьць цяперашняе апазыцыі – вычарпанасьць ідэяў, кволасьць волі й спустошанасьць лідэраў. Прычыны паразы, якія зараз спрабуюць адшукаць у тэхналёгіі кампаніі, недахопе часу, браку грошай ці асобах прэтэндэнтаў, відавочна больш сур’ёзныя й фундамэнтальныя. Карацей кажучы, апазыцыйнай эліце папросту не стае духу. Гаворка пра той дух еднасьці й салідарнасьці, веры й любові, які падымае шматсоттысячныя дэманстрацыі, цэлыя нацыі й грамадзтвы, натхняе найвышэйшыя гістарычныя ўздымы і ўсенародныя ўзрушэньні. А такі дух проста з паветра не ўзьнікае.
Ніводзін кандыдат, ніводзін вядомы аналітык, практычна ніхто зь лідэраў не зьвярнуў увагі на маральны стан беларускага народу. Тым часам, менавіта ім абумоўлены і фэномэн Лукашэнкі, і цяперашняя апатыя ды сонная дэпрэсія грамадзтва, і магчымыя шляхі абуджэньня, рэфармацыі ды, урэшце, любых пераменаў. Ня мела прынцыповага значэньня, хто менавіта будзе раскручвацца ў якасьці апанэнта Лукашэнкі. Было куды важней, на якія настроі будзе абапірацца перадвыбарны супраціў уладам – на пратэсную псыхалёгію й разбуральную злосьць або на стваральныя вобразы й духоўную сілу. Іншымі словамі – застанемся мы вечнай апазыцыяй ці ўрэшце ператворымся ў альтэрнатыву?
За апошнія гады менавіта Лукашэнка, ягоны вобраз і прозьвішча сталі восьсю, вакол якой круціцца апазыцыя – пачынаючы з татальнае асабістае контрапрапаганды й завяршаючы пратэснымі рэфлексамі, што складаюць сутнасьць стратэгіі пераважнае большасьці сёньняшніх палітычных дзеячоў – і гэта адназначна выяўляе іхную другаснасьць. Домаш і Ганчарык, паводле гэтага лукацэнтрызму прызначаныя выконваць ролю “не-лукашэнкі”, заканамерна прайгралі арыгіналу па ўсіх пазыцыях і здаліся амаль бяз бою.
Спачатку абнадзейвала тое, што апазыцыі ўдалося выпакутаваць адзінага. Але з-за адсутнасьці моцнага супольнага духу ўсе кааліцыйныя дамовы засталіся фармальнасьцю, мёртвай літарай, агульнымі фразамі без аніводнага новага слова. Адзіны быў – не было еднасьці.
Некаторым здавалася, што новыя словы ў беларускай палітыцы – гэта “бабры” й “зубры”. Першыя, былая саўбелаўская намэнклятура з красамоўнай назвай “За новую Беларусь”, выявіліся поўнымі палітычнымі пэнсіянэрамі. А другія, маркетынгавая сетка па збыце лібэралізму, скончылі, як фінансавыя піраміды ці “Гербалайф”: гарадзкую нефармальную моладзь проста чарговы раз “разьвялі” й “кінулі” на сэрбскім плягіяце й расейскіх PR-ах.
Любы староньні назіральнік палічыў бы лідэраў усіх нашых палітычных партыяў марксісцкімі дэмагогамі: апазыцыянэры ў адзін голас заяўлялі аб прыярытэце матэрыяльных і сацыяльных пытаньняў. Голы саўдэп, шалёная раскрутка нэгатыўнае прапаганды, апалёгія “масавых пратэсных настрояў”… Спрабуючы раскруціць вырашальную кампанію выключна ў нізкім, фізыялягічным, нават камунальным рэгістры, на страху, голадзе, злосьці й нянавісьці, апазыцыянэры старэйшага пакаленьня проста прынізілі беларускую нацыю.
Адзіным масавым і моцным словам волі й веры падчас прэзыдэнцкай кампаніі стаў супраціў моладзі. Маладыя 14-30 гадоў, народжаныя ў часы дэмаграфічнага валу, яшчэ да перабудовы, якія перажылі ўсе гіганцкія трансфармацыі сучаснай гісторыі зь пераламленьнямі ва ўласных лёсах і сьветапоглядах, якія ўпершыню адчулі сябе сілай увесну 1996-га, – арганізавалі сапраўды адкрытую й дэманстратыўную апазыцыю рэжыму. Моладзь штодня выходзіла на акцыі, скрозь расклейвала налепкі, насіла саколкі ды значкі з выбарчай сымболікай; асноўная частка распаўсюду незалежных газэт і ўлётак таксама ішла праз моладзевыя арганізацыі. І на выбары‘2001 моладзь выйшла небывала масава, цэлым маладым фронтам: калі на ўчастках у 1994, 1996-м ці 2000-м галасавала ўсяго ад 10 да 30% моладзі, дык 9 верасьня – беспрэцэдэнтныя 75%. З 1 200 000 маладых выбаршчыкаў, якія прыйшлі на выбары, амаль мільён прагаласаваў супраць рэжыму. На жаль, сілаў аднаго толькі новага пакаленьня выявілася недастаткова.
Рэдкае запамінальнае слова, якое напружыла душы падчас прэзыдэнцкай кампаніі, – “Выбірай”. Яскравыя мабілізацыйныя лягатыпы й вобразы, выкананыя па-беларуску й на эўрапейскім узроўні, нагадалі ўсім: пара выбіраць. Толькі вось што – народ так і не пачуў. Пасьля слова “выбірай” было дзіўнае маўчаньне.
Нямая сцэна
Сытуацыя 9-10 верасьня й агульны стан апазыцыі пасьля выбараў найбольш нагадалі клясычную нямую сцэну ў фінале драмы. Усе застылі – няма словаў! – і позы герояў у адпаведнасьці з амплюа сьведчаць самі за сябе.
Маўчаць лідэры, зрабіўшы выгляд, што яны так і ведалі, – насамрэч проста сказаць няма чаго. Маўчаць назіральнікі, якія так нічога і ня ўбачылі, і не палічылі, але й пра гэта нікому не сказалі. Урэшце, маўчыць зьбянтэжаны народ, які выцягнулі на выбары чыста паглядзець: дзіва што пасьля нямой сцэны не пачулася воплескаў і воклічаў “брава!”. Разгубленасьць, стомленасьць, абыякавасьць – вось што стаіць за нямымі сцэнічнымі позамі апазыцыянэраў.
На першы погляд, нічога звышнатуральнага ня здарылася. Да маўчаньня грамадзтва мы прызвычаіліся даўно: рабочыя МАЗу, “Азоту”, “Хімвалакна” робяць выгляд, што не заўважаюць на прахадных шыльдаў “Распродажа. Только для русских”, што іх ня тычацца масавыя звальненьні і будучыня заводаў; навукоўцы, сустракаючы пастаўленага Мясьніковіча, таксама інтэлігентна маўчаць (нават за Сталіным прэзыдэнта Акадэміі навук выбіралі); зьнікаюць выкладчыкі, якіх цкуе рэктарат – моўчкі пішуць заявы “па ўласным жаданьні”… Ужо Лукашэнка й Сівакова з Замяталіным выставіў, адшукаў ва ўрад нейкіх лібэралаў з Магілёўшчыны, і буйных гаспадароў пачаў саджаць, а апазыцыя ўсё маўчыць, усё тая ж нямая сцэна на вачох усяго грамадзтва. Тым часам па-за Беларусяй поўнай хадой разгортваецца новая гісторыя сьвету. Ужо назаўтра пасьля таго, як беларуская апазыцыя правалілася на выбарах, выбухнулі тэракты ў Нью-Ёрку й Вашынгтоне. Гіганцкія геапалітычныя трансфармацыі й эпідэміі трывогі, увядзеньне эўра і прывід вялікае эканамічнае дэпрэсіі, банкруцтва высокіх тэхналёгіяў і ўзрастаньне ролі Расеі – вось з чаго пачынаецца трэцяе тысячагодзьдзе. Хрысьціянскі сьвет абуджаецца, рыхтуючыся да выпрабаваньняў новае гісторыі. А беларуская эліта ўсё ў нейкім ненатуральным одуме. Нібыта няма ні выбараў у саюзны парлямэнт, ні разборак, ні эпахальных зьездаў – ніхто ні слова ані пра тактыку са стратэгіяй, ані пра барацьбу, ані пра сьвет. Усе замерлі.
Гэта ня проста шок пасьля выбараў. Гэта гамон. Такая апазыцыя ўсё, што магла, ужо сказала. Пара ісьці да рэальнага жыцьця без суфлёраў і прытворства, да жыцьця, якое дыхае й гаворыць за сьценамі заляў ды офісаў – да вуліцаў, заводаў і кватэраў, дзе час вымяраецца ня тым, што “пасьля выбараў”, а тым, што “пасьля абеду”. Бо зараз людзі гавораць пра амэрыканцаў, захапляюцца найлепшай у сьвеце беларускай гімнастыкай і сходамі эвангельскіх хрысьціянаў, жывуць халоднай зімой і польскімі візамі – усім тым, што патрабуе канкрэтнага імгненьня праўды, асобнае грані нацыянальнай ідэі, грамадзкай актыўнасьці тут і цяпер, прачулае й дачутае прамовы. Усім, што ператвараецца ў бессэнсоўную сумятню, калі няма слова, лідэра й палітычнае пазыцыі.
Пакуль беларускім палітыкам старэйшага пакаленьня гэта ўяўляецца цьмяным. Хочам свабоды для цэлай краіны – але ня маем свабоды ўнутры сябе. Патрабуем веры ў аднаго кандыдата – і самі ня маем ніякай веры, адно цынізм. Мы сто разоў на дні кажам пра любоў да сваёй краіны і ня маем любові да бліжняга свайго, уласны народ называем то “хворым”, то “халуямі”. Толькі калі апазыцыя пазбудзецца звыклае пыхі, калі любоў стане цаніцца намі ў палітыцы вышэй за нянавісьць, мы здолеем і элемэнтарна дамаўляцца пра адзінага кандыдата, і верыць у свае сілы, і перамагаць усякае зло.
Паўстае ўражаньне, што ў беларускай палітычнай гісторыі апошніх часоў усё ўжо сказана і ніхто нічога ня слухае, агульныя словы шматкроць перагавораныя й падкрэсьленыя, і іх ніхто не чытае, а ўсе трагедыі ўжо пасьпелі паўтарыцца ў выглядзе фарсаў і гэта да ўсіх дайшло. А іншая, абсалютна новая рэальнасьць, ужо акрэсьліваецца. Дастаткова толькі спыніцца й прыгледзецца, і гучаць ужо не агульныя словы, а вечныя.
Відаць, нездарма зараз на слыху падзабытае – “Курапаты”. Можа, гэтае слова ёсьць чарговым сыгналам на старт – калісьці ў 1988-м Крыж Пакуты й Дзяды выбухнулі Народным Фронтам й беларускім Адраджэньнем. І вось моладзь ўжо трэці месяц кругласутачна вартуе нацыянальную памяць: гэткага ў Беларусі яшчэ не бывала. Знак вельмі моцны – мы зноў пачынаем казаць пра пакуты, ахвяры, крыжы й памяць. Калі мы ўжо зноў у Курапатах, калі размова ўжо не пра тэхналёгіі ды асобы, а пра жыцьцё й сьмерць, пра Божае й д’яблава, і калі сыстэмай каардынатаў зноў робіцца крыж – значыць, мы нарэшце дайшлі да кропкі, да сэнсу, да сутнасьці. Значыць, нам трэба зноў пачынаць спачатку – з гэтай хвіліны, зь сябе, з глыбіні душы і нацыянальнай ідэі, у рэшце рэшт, з Крыжа Хрыстовага.
Цішыня цяперашняй нямой Беларусі вельмі характэрная. Яна прадвяшчае аглушальныя падзеі, пра якія пачуюць усе.
Беларусь чакае слова
З пачаткам трэцяга тысячагодзьдзя ад нараджэньня Хрыста беларусам патрэбна пачынаць усё спачатку. Такім чынам, спачатку было Слова… і Слова было ў Бога, і Слова было Бог (Ян, 1:1–4). Большасьць з тых, хто згадвае гэты знакаміты біблейскі выраз, забываецца працытаваць яго поўнасьцю.
Новыя словы беларускай палітыкі, безь якіх ня выйграць у новым тысячагодзьдзі, – “вера”, “воля”, “любоў”, “дух”. Яны значаць куды болей, чым “прагматызм”, “імідж”, “рэйтынг” альбо “грошы”. Мы мусім вывучыць пачатковыя, падставовыя паняткі дэмакратыі, грамадзянскае супольнасьці й усяе заходняе цывілізацыі, збудаваныя выключна на хрысьціянстве. Нам варта абмяркоўваць ня тое, што там заявілі Лукашэнка ці Пуцін, а нарэшце абдумаць словы Ісуса Хрыста ці сьвятога Аўгустына. Новыя палітычныя тэхналёгіі – пакаяньне й малітва, мітынговыя служэньні й нацыянальныя эвангелізацыі.
Толькі Слова Божае здольнае стаць асноўным законам пераўтварэньняў, унівэрсальным падручнікам і найлепшай агітацыйнай літаратурай. Толькі трывалы маральны падмурак дазволіць нам збудаваць новую, ад быту да палітыкі, ад асобы да ўсяго грамадзтва, краіну.
Хрысьціянства – і як сыстэма каштоўнасьцяў, і як аснова здаровага нацыянальнага сьветапогляду, і як вобраз самага эфэктыўнага жыцьця – мусіць стаць альтэрнатывай бездухоўнаму саўковаму рэжыму й грамадзкаму заняпаду. Так было ва ўсім сьвеце. Так будзе і ў Беларусі. Шчасьлівыя сем’і, здаровыя дзеці, непітушчыя працаўнікі, якія ня крадуць і ня хлусяць, адказныя й прыстойныя людзі – гэта вернікі. І найпершая задача сёньняшняга часу – “нацыяналізаваць” беларускіх хрысьціянаў, а ўсяму патрыятычнаму руху, у сваю чаргу, надаць хрысьціянскую сутнасьць.
Нацыянальная ідэя, якая сёньня можа ўзьняць усё грамадзтва, вызваліць грандыёзныя сілы дзесяцімільённага народу, заключаецца ў духоўным абуджэньні адначасова зь беларусізацыяй. Найлепшая, самая сучасная палітыка, эканоміка, культура будуць вынікаць толькі з душы, з усьвядомленага хрысьціянскага сэнсу існаваньня – і тады нас чакае вялікая будучыня, закладзеная Творцам у нашу ўнікальную родную краіну.
Мы павінны ўзгадаць гэтую найважнейшую гістарычную заканамернасьць, ужо неаднойчы праяўленую ў Х, ХІІ, XVI i XX стагодзьдзях: палітычны, эканамічны й культурны росквіт генэруецца духоўнымі пераўтварэньнямі. Полацкае княства з Сафіяй і Эўфрасіньняй, Рэфармацыя са Скарынай, Цяпінскім, масавым друкам Сьвятога Пісьма й біблійнымі перакладамі для суседніх народаў. Ды што там далёка хадзіць па прыклады: курапацкі крыж і аднаўленьне храмаў пры канцы 90-х, сьцяг Хрыста і заклік шукаць не кілбасы, а Бога абуджалі Беларусь на нашай памяці. У Польшчы й Прыбалтыцы, у Чэхіі й Украіне нацыі пачыналі свой дзень з малітваў і гімнаў – і гэтага духу ўжо не маглі зламаць ані камуністычная ідэалёгія, ані паліцыя, ані войскі.
Словам, для перамогі над рэжымам Лукашэнкі, над дэпрэсіяй, абыякавасьцю і жахлівай правінцыйнай залежнасьцю Беларусі патрэбна новая апазыцыя. Маладая. Заснаваная на нацыянальнай ідэі. І самае галоўнае – гэта мусіць быць апазыцыя духу. Цяперашняя “апазыцыя пратэсту” асуджаная на вечны правал – бо яна не стварае, а разбурае (у тым ліку і сама сябе). Большасьць палітычных партыяў і грамадзкіх рухаў на сёньняшні момант ня могуць арганізаваць ніякага супраціву. Любыя іх кампаніі, камбінацыі ці кааліцыі бессэнсоўныя – яны ня могуць перамагчы. На працягу бліжэйшых 1,5–2-х гадоў многія зь іх бо перажывуць унутраную трансфармацыю, або маргіналізуюцца. А ядро новае апазыцыі ўжо зараз складаюць дынамічныя, дзейсныя супольнасьці, нацыянальныя паводле характару і з аграмадным духоўным зарадам, здольным узьняць цэлыя сацыяльныя пласты. Сёньняшняя сытуацыя нагадвае прадвесьце: імкліва растуць хрысьціянскія грамады, вернікі палітызуюцца і беларусізуюцца, іх колькасьць у краіне, паводле сацыёлагаў, ужо перавысіла колькасць няверуючых.
Адзінай палітычнай пэрспэктывай Беларусі зьяўляецца ўтварэньне магутнага хрысьціянска-дэмакратычнага руху на грунце нацыянальнай ідэі – з масавым апірышчам на каталіцкія, уніяцкія, пратэстанцкія й беларусізаваныя праваслаўныя суполкі ва ўсім ансамблі канфэсіяў, у іх суіснаваньні й узаемадапаўненьні. Гэта рух, які зьяднае маладых і рашучых абаронцаў незалежнасьці на вуліцы з хатнімі малітоўнымі гурткамі й вялізнымі агульнаграмадзкімі служэньнямі. У любой эўрапейскай краіне народная хрысьціянская дэмакратыя зьяўляецца аснаватворнай базай патрыятычнай, маральнай і дзяржаўніцкай палітыкі. Той, хто займае гэтае поле, прымае на сябе місію абаронцы нацыянальных інтарэсаў і поўную адказнасьць за будучыню краіны.
Кансалідацыя й перамога хрысьціянскае дэмакратыі ў Беларусі можа адбыцца і праз сыстэму выбараў (мясцовых, парлямэнцкіх, наступных прэзыдэнцкіх), і праз паразу Лукашэнкі на чарговым рэфэрэндуме, і праз вулічныя выступленьні, і праз раптоўны крах улады перад абліччам лавінападобнага абуджэньня грамадзтва. Бог вызваляе народы, якія імкнуцца да Яго.
Там, дзе вераць у Бога, прэзыдэнты служаць нацыі. Там, дзе вераць у куміраў, – увесь народ стаіць на каленях перад прэзыдэнтам. У гэтым розьніца паміж заходняй, хрысьціянскай цывілізацыяй і бязбожнай дэспатыяй, кшталту савецкай імпэрыі ці сёньняшняй дыктатуры.
ІІ.
Новая зямля
…І ўбачыў я новую зямлю…
(Адкрыцьцё, 21:1)
За 10 гадоў незалежнасьці беларускі сьветагляд, собскае самаадчуваньне краіны паціху замяніла ў масавай сьвядомасьці колішняе няўтульнае, амаль няіснае пачуцьцё агульнае й вялізнае імпэрыі. Але мы чамусьці дагэтуль не пачуваемся дома. Нас усё яшчэ не кранаюць ані цяперашні распродаж нашае буйное маёмасьці расейскай мафіі, ані пакуты мясцовых фэрмэраў, ані вечны бруд у дварох. Толькі тады, калі гэтая зямля нарэшце стане для нас роднай, хоць бы як кватэра, лецішча ці любімы зэдлік, — мы здолеем збудаваць уласную дзяржаву з чыстымі вуліцамі, утульным жытлом і самай сучаснай эканомікай.
Тое, што пад нагамі
Калі ў Беларусі аднойчы паглядзець сабе пад ногі, можна назаўжды страціць патрыятызм. Калгасны бруд з ашмёткамі цывілізацыі, растрэсканы й запляваны асфальт, гнілая траўка й сьмярдзючыя лужыны нават у цэнтры сталіцы выклікаюць гідлівасьць у тых, хто прыяжджае сюды з-за мяжы.
Як жа мы запаскудзілі зямлю, дадзеную нам Богам!
Большасьць з нас і не падазрае, наколькі родная для нас тутэйшая глеба. Наш арганізм складаецца зь бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мікраэлемэнтаў якраз тае зямлі, зь якой мы ямо бульбу й мяса, п’ем ваду й зь якой праз абмен рэчываў створаны скрозь увесь наш генатып — ад формы й масыўнасьці костак шкілету да хуткасьці нэрвовых імпульсаў. Мы зробленыя зь беларускае гліны — вось што падсьвядома адчуваюць нацыяналісты, калі крычаць “Радзіма альбо сьмерць!”
Зямля, якую Бог абяцаў кожнай нацыі, — гэта аграмаднае народнае цела. Гэта цеплыня й сіла, плоць і боль чалавецтва. Беларусь у сваёй новай гісторыі наноў спазнае гэтую першапачатковую роднасьць. Беларуская зямля — асноватворны падмурак, на якім будуецца нацыянальная ідэя, у якім ёсьць усё неабходнае і дзе кожнае рэчыва разьлічанае да міліграма.
Беларусь — геаграфічны цэнтар Эўропы, пра які адзін з найвялікшых сусьветных геапалітыкаў Мак Кіндэр сказаў: “Хто валодае Усходняй Эўропай, хто валодае Сэрцам Зямлі, хто пануе ў Эўразіі, той гаспадарыць і ў сьвеце”.
Беларусь — стоеная аграмадная будоўля. Такі ўнікальны набор разнастайнае будаўнічае сыравіны — глінаў і жвіру, кварцавых ды сылікатных пяскоў, крэйды й мэргелю, вапны ды цэмэнту — мала дзе знойдзеш. Будуй!
Беларусь — суцэльны рэзэрвуар пітное вады. У той час, калі ў прамысловых гарадах Эўропы небясьпечна піць з-пад крану, беларускія глыбіні напінаюцца ад чысьцюткіх водаў. Мы прадаем сваю артэзіянскую мінэралку за нафтадаляры ў краіны Пэрсідзкае затокі.
Беларусь — гіганцкае ёмішча солі, аднаго з наймацнейшых біблійных сымбаляў. Ці ня самыя буйныя ў сьвеце радовішчы калію даюць нам да 1/4 усёй валюты ад экспарту, а нашай харчовай солі хопіць, каб засыпаць увесь кантынэнт слоем у 1,5 мэтра.
У Беларусі пад нагамі — грандыёзныя багацьці. Найлепшыя глебы пад жыта й лён, сода й алюмін, гарачыя рэдкамэтальныя расолы на шматкілямэтровых глыбінях, бурштынавыя россыпы й алмазныя трубкі. Дастаткова толькі ўявіць сабе ўсю гэтую шчодрую насычанасьць карысным рэчывам, усю калясальную архітэктуру нетраў, бляск каштоўных мэталаў і пульсацыю вадкасьцяў — і сіла зямнога прыцягненьня ў асобна ўзятай краіне будзе растлумачаная цалкам.
У Беларусі ўжо зьявіліся маладыя людзі, якім невыносны савецкі бруд на вуліцах, хамства прадаўшчыцаў і пячоры хрушчоўскіх пад’ездаў. Ім ня хочацца жыць на памыйных задворках, сярод задымленых кацельняў і прапахлых гнільлю агароднінных базаў. Яны мараць пра смарагдавую траўку і брук на вуліцах, пра двухпавярховы катэдж за горадам і пах жывых кветак пад вокнамі, магчымасьць патэлефанаваць маме праз сотавы і працоўнае месца ў празрыстым ад шкла, электронікі й плястыку офісе. Тыя, каму сёньня ад чатырнаццаці да трыццаці, разумеюць, што такую цудоўную, бліскучую Беларусь на гэтай зямлі з усёй любоўю, пяшчотаю й майстэрствам давядзецца ствараць сваімі рукамі.
Гэтыя маладыя выдатна ўсьведамляюць, што пачынаць шыкоўнае эўрапейскае жыцьцё трэба з саміх сябе. Яны разумеюць, што галоўная разруха не ў прыбіральнях і лужынах, а ў галовах і сэрцах. Яны разумеюць, што толькі ўнутрана чысты народ у стане ствараць чысьціню вакол сябе. Яны разумеюць, што толькі поўная любові душа можа абудзіць любоў іншых да роднай краіны, народу й прыроды. Яны спасьціглі найважнейшы закон пераменаў: калі мы хочам зьмяніць да лепшага штосьці навокал, мы мусім спачатку самі зьмяняцца й рабіцца лепшымі.
Новая краіна
Моладзь хоча бачыць Беларусь інфармацыйным, тэхналягічным і фінансавым цэнтрам сусьветнага ўзроўню, такім, як Бэнілюкс, Ганконг ці штат Каліфорнія — агменем культуры, уплывы якой сягаюць на палову кантынэнту, краінай чыстага паветра і жывой вады, раем эўрапейскага жыцьця — ня больш, ня менш.
Для новага пакаленьня Беларусь ХХІ ст. — гэта пляцдарм высакаякаснай зборкі й сэрвісу, краіна сучаснага інфармацыйнага, навуковага й культурнага прадукту, банкаў і гатэляў, спорту й турызму, файна арганізаванага адпачынку. Станавы хрыбет новае Беларусі — гэта грандыёзны транзытны комплекс: аўтамабільныя й трубаправодныя прадпрыемствы, дарогі й камунікацыі, запраўкі й майстэрні, матэлі й сеткі рэстаранаў хуткага харчаваньня, гандлёвыя і выстаўныя цэнтры, свабодныя эканамічныя зоны, “сыліконавыя даліны”, хай-тэк і дэпо абслугоўваньня. Канцэпцыя Беларусі як гіганцкага стратэгічнага, эканамічнага й геапалітычнага мосту паміж Захадам і Расеяй, Эўропай і Азіяй, Балтыкай і Чарнамор’ем дае нам унікальныя магчымасьці для сапраўднай нэўтральнасьці, дружалюбнай адкрытасьці на Захад і Ўсход з фармаваньнем восі ўласных фінансава-тэхналягічных, культурных інтарэсаў. Выкарыстаньне надзвычай выгаднага эканоміка-геаграфічнага становішча й кампактная канфігурацыя ўжо існае інфраструктуры, ледзь кранутыя прыродныя рэсурсы, вялізны навукова-тэхнічны досьвед кваліфікаванага насельніцтва, сумешчаны з адвечнай беларускай працавітасьцю, і тады ўсё нашае стоенае багацьце гатовае выбухнуць сапраўдным беларускім эканамічным цудам.
На пачатковым этапе такіх рэформаў трэба распрацаваць адпаведную заканадаўчую базу, зьнізіць падаткі й абмежаваць іхную колькасьць, прыцягнуць заходнія інвэстыцыі й крэдыты на структурную перабудову прамысловасьці з матэрыяла- й энэргаёмістае ў праца- й навукаёмістую, перамагчы інфляцыю, увесьці талер, прывязаць яго да эўра й ажыцьцявіць празрыстую прыватызацыю ад дробнага да буйнога, перавесьці сельскую гаспадарку на таварную спэцыялізацыю фэрмэрскага тыпу і, вядома ж, разгарнуць буйныя мытныя ды экспартныя праекты. Сёньняшняя скандальная вядомасьць Беларусі можа абярнуцца нам на карысьць. Інфармацыйная “раскручанасьць” краіны — патэнцыял, які вымяраецца сотнямі мільёнаў і нават мільярдамі даляраў. Дастаткова будзе, умоўна кажучы, памяняць “мінус” на “плюс”, каб атрымаць найвышэйшыя інвэстыцыйныя стаўкі й трапічны крэдытны клімат для былое “чорнае дзіркі Эўропы”.
Ёсьць толькі адно “але”. Усе гэтыя цудоўныя панарамы проста нішто, калі ў народу няма сапраўднай прагі аднаўленьня, калі забытыя галоўныя каштоўнасьці, калі людзі апатычныя й разбэшчаныя. Для грамадзтва як рухавіка палітычных і сацыяльных пераўтварэньняў прыстойнае этычнае выхаваньне нашмат важнейшае за гарвардзкую адукацыю ці тэхналягічную дасканаласьць. Інакш нахабныя “новыя” раскрадуць і прададуць краіну да апошніх запчастак, як Расею, а потым яшчэ й плюнуць людзям ў вочы. Без глябальнага маральнага апірышча правальваюцца любыя рэфарматарскія сыстэмы — унутраныя заганы й схаваныя грахі рана ці позна разьядаюць і завяршаюць крахам самыя бліскучыя на выгляд праекты. Посьпех поўнамаштабных эканамічных рэформаў у Беларусі будзе ў велізарнай ступені залежаць ад таго, наколькі маральныя спэцыялісты возьмуцца за іх, і наколькі падрыхтаванай да сапраўдных глыбінных зьменаў будзе духоўная атмасфэра самога грамадзтва.
І вось яшчэ што: “новай зямлі” патрэбная новая псыхалёгія. Прыведзеная вышэй мадэль беларускага эканамічнага цуду як гаспадаркі гасьціннага сэрвісу, тэхналягічных цэнтраў і інтэнсіўнага транзыту цалкам адпавядае сусьветнаму вобразу сучаснай, перадавой эканомікі — “эканомікі абслугоўваньня”. Разам з тым вельмі важна зразумець, наколькі сур’ёзна залежыць такая будучыня ад стану грамадзкае сьвядомасьці: гаспадарлівае, усьмешлівае, нават ласкавае эўрапейскае служэньне — панятак, супрацьлеглы саўковаму рабству, дзе за нішчымніцу даводзіцца гарбаціцца то на ВПК, то на бюджэт Лукашэнкі, то выяжджаць гастарбайтэрамі ў Нямеччыну, то будаваць сьвінакомплексы ды піраміды на патрэбу імпэрыі. Ключавое пытаньне ў справе фармаваньня “сэрвіснай эканомікі” — гэта пастаяннае, паўсюднае, на ўзроўні грамадзтва й кожнага індывіду, адчуваньне місіі служэньня. Адчуваньне да такой ступені моцнае, што яно робіцца сэнсам жыцьця.
Ты служыш людзям, краіне, нацыі. А асноватворны матыў мэнталітэту служэньня — ад зычлівае ўсьмешкі да чуйнага папярэджаньня жаданьняў, ад неверагоднай пунктуальнасьці да ўтульнае, амаль сямейнае атмасфэры — і ў Амэрыцы, і ў Эўропе, і ў заўтрашняй Беларусі элемэнтарна просты, унівэрсальны і культываваны стагодзьдзямі — гэта любоў да блізкага свайго.
Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам, усёй душой, усімі сіламі тваімі — тады любоў да блізкага стане сутнасьцю твайго існаваньня, кажа Біблія. Таму і стараюцца на Захадзе кожную справу, кожную драбніцу рабіць ідэальна, бо ведаюць: любая рэч і ўсякае імгненьне жыцьця нам Самім Богам дадзена. Ведаюць, што Бог добраслаўляе стакроць за кожны момант веры й любові — і за школьнай партай, і за кампутарам, і за стойкай супэрмаркету, і ў сям’і. Мы вельмі часта ўпускаем гэтыя фундамэнтальныя прынцыпы, калі спрабуем разабрацца ў сакрэце заходняга ладу жыцьця. Вось у чым сэнс: людзі, якія ўвесь час адчуваюць прысутнасьць Найвышняга, ператвараюцца ў надзіва адказных, працавітых і шчырых.
Такім чынам, разьвітая, якасная, тэхналягічная, эўрапейскага ўзору “эканоміка служэньня” Беларусі, гасьцінная, з глыбокаю культураю дачыненьняў — павінна абапірацца на моцную хрысьціянскую сьвядомасьць. Гэта найважнейшая патрэба для будучага пакаленьня ў справе стварэньня абсалютна новага, сапраўды эўрапейскага ладу. Калі ж будзем штосьці рэфармаваць бяз Бога ў душы, калі ня прымем Хрыста як Збаўцу, калі асноўным законам жыцьця краіны ня зробім Біблію — усе цудоўныя мроі аб Беларусі, і палітычныя, і культурныя, і эканамічныя, пойдуць прахам.
ІІІ.
Новае неба.
І ўбачыў я новую зямлю
й новае неба.
Адкрыцьцё, 21:1
Самае важнае вымярэньне новае гісторыі Беларусі — духовае Абуджэньне. Бо сапраўдныя падзеі творацца ў душах і нябёсах — на зямлі яны толькі разгортваюцца і прыводзяць да заканамерных вынікаў. Новае неба, неаглядная чысьціня і бясконцая веліч над Беларусяй — гэта ўжо ня сфэра прагнозу надвор’я, а адкрытыя вышыні духу. Якім чынам ажыцьцяўляюцца аксамітныя рэвалюцыі — і ў чалавеку, і ў масавай сьвядомасьці ўсяе нацыі? Што мусіць перажыць грамадзтва, калі яго чакае Новая гісторыя? Што адчуеш ты сам? Адказы ясныя й глыбокія, як самі нябёсы.
Абуджэньне
Духовае Абуджэньне — гэта некалькі моцных, як разрад бліскавіцы, момантаў ісьціны.
Першы — адкрыцьцё таго, што ўсё навокал: і зямля зь ейным прыцягненьнем, і сонечнае сьвятло скрозь лісьце, і зорныя галяктыкі, і подых пачуцьцяў — увесь гэты вялізны, цудоўны й неверагодны Сусьвет створаны Богам. Творцу падуладна абсалютна ўсё, для Яго няма нічога немагчымага.
Другі момант, ня менш істотны, — Госпад Бог любіць сваё тварэньне, любіць і кожную асобу, і цэлыя народы, любіць такімі, якія мы ёсьць. Бог цябе любіць, чуеш? Няхай тваё сэрца адчуе покліч Ягонай любові!
І, нарэшце, трэці. Бог любіць нас так моцна, што ня можа пакінуць такімі, якія мы ёсьць. Дзьве тысячы год таму праз укрыжаваньне і ўваскрасеньне Ісуса Хрыста, Сына Божага ў чалавечым абліччы, кожнаму з нас была дадзеная магчымасьць ачысьціцца ад граху і зла ды жыць у Царстве Нябесным. Той, хто спасьцігае Хрыста й прымае Яго як Збаўцу, зьдзяйсьняе найвялікшую з усіх пераменаў у гэтым сьвеце. Новае жыцьцё розьніцца ад ранейшага, як бадзёры розум і цьвярозая памяць ад беспрабуднага сну.
Чалавек абуджаны пачынае ўдасканальвацца. Думкі, словы і справы набываюць сэнс, мудрасьць і гармонію. Вера зьдзяйсьняе ў душы пераварот — магу засьведчыць на шматлікіх прыкладах сяброў і сваім уласным. Вера зьнішчае комплексы й стэрэатыпы. Зь верай зьнікаюць раздражнёнасьць, нэрвовыя стрэсы й невыносныя страхі. Зь верай зьяўляецца новая, поўная волі й любові спакойная сіла. Зь верай атрымліваеш сканцэнтраваны досьвед будучага жыцьця! Пачынаеш глядзець на гэтае жыцьцё нібыта зь нябеснае вышыні.
Грамадзтва, у якім ёсьць вера, кіруецца не фізыялягічнымі рэфлексамі ці псыхалягічнымі маніпуляцыямі, а жывой, паўсюднай адданасьцю найвышэйшаму дабру, справядлівасьці, салідарнасьці. Такое грамадзтва здольнае і да сацыяльнага спачуваньня, і да падпарадкаваньня закону. У грамадзтве, якое глыбока засвоіла стагодзьдзямі адшліфаваныя каштоўнасьці хрысьціянскае этыкі й маралі, найлепш разьвіваецца рэальная дэмакратыя, пасьпяховая эканоміка, эфэктыўная дзяржава. Для чалавека, які прымае жывога Хрыста, апэруе духовымі катэгорыямі ды ідэаламі, поўніцца нябеснай дасканаласьцю, абстрактныя “дэмакратыя”, “права”, “адказнасьць”, “сумленнасьць”, “міласэрнасьць”, усе асноватворныя імпэратывы, на якіх трымаюцца цывілізацыя і культура, арганічныя й натуральныя.
У нацыі, якая перажывае крах дзяржаўнасьці, востры крызыс эліты і абвальны заняпад маралі, застаюцца толькі два варыянты — “быць” альбо “ня быць”. Менавіта ў такіх экстрэмальных сытуацыях праяўляецца характар нацыі і ў яе мэнтальнасьці зьдзяйсьняюцца сапраўдныя перамены. І калі мы выбіраем “быць” — для нас настае час пакаяньня, эпоха посту й малітвы. Усеагульнае спавяданьне дазволіць нам асэнсаваць, скалануцца, прачуць увесь жах такога жыцьця і ўвесь боль адзінай надзеі. Супольная малітва — гэта душа нацыі. Так было ў Польшчы часоў “Салідарнасьці”, так было ў прыбалтыйскіх краінах падчас разбурэньня СССР. Менавіта з адначасовага малітоўнага хору ў цэрквах і касьцёлах нараджаюцца трохсоттысячныя сьпевы на маніфэстацыях. Воля Божая і людзкія імкненьні зьліваюцца, гучаць на ўвесь голас суладнай магутнай сымфоніяй — і прачынаецца ўвесь народ, абуджаецца любоў і зьяўляецца вера. Дзе яшчэ, як не ў малітвах, яднаецца й гуртуецца нацыя!
Новыя вышыні
Пад новым небам у Беларусі выяўляюцца абсалютна нечаканыя рэчы. Беларуская гісторыя набывае глыбокі хрысьціянскі падтэкст, у якім угадваюцца ясныя асацыяцыі зь Бібліяй і празрыстыя эвангельскія вобразы. Узьнікаюць свой Стары і Новы Запаветы. Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг паўстае як сьцяг Хрыста, а духовы гімн “Магутны Божа” — як сьпеўная малітва. Нацыянальныя асаблівасьці здаюцца проста прарочымі наканаваньнямі.
Усё робіцца настолькі відавочным, настолькі рэальным, што перад унутраным зрокам расхінаецца новая краіна. У пранізьлівых дэталях і намёках ты пачынаеш пазнаваць Новую Беларусь — цудоўную, маральную, эўрапейскую. Тую самую, якую мы так хочам убачыць.
Поўнасьцю сьвет відаць толькі зь нябёсаў. Усю Беларусь, усю бездань багацьця й хараство адметнасьцяў, да сьцяблінкі, да кропелькі роднасьці, да апошняй жывой душы, да астатняга атаму сэнсу, можна спасьцігнуць толькі праз Госпада Бога. Мне згадваюцца бел-чырвона-белыя налепкі, якія распаўсюджвала адна зь менскіх эвангельскіх грамадаў, з дэвізам, што максымальна ёміста выказвае нацыянальнае духовае азарэньне: “Беларусь для Хрыста”.
Абмежаванаму чалавечаму розуму ўвесь час уласьціва зводзіць хрысьціянскае абуджэньне да перавагі якой-небудзь канфэсіі. Небясьпечная памылка. Гістарычна склалася, што Беларусь зьяўляецца сусьветнымі сутокамі найбуйнейшых хрысьціянскіх плыняў, унікальнай арэнай сустрэчы каталіцтва, праваслаўя й пратэстанцтва, месцам нараджэньня ўніяцтва. І дзякуй Богу! Жывое хрысьціянскае жыцьцё — гэта перадусім выбар, і проста здорава, калі ты можаш выбраць адпаведную духовым запытам сыстэму традыцыяў, мэтодыку вывучэньня і рытуал. Агульнавядома, што ў Заходняй Беларусі, дзе канфэсіі сустракаюцца, а розныя храмы літаральна глядзяць адзін аднаму ў вокны, віруе духовая актыўнасьць і сацыёлягі ды статыстыкі фіксуюць анамальна высокія паказьнікі ў культуры, шкале каштоўнасьцяў і гаспадарцы.
Новае пакаленьне
Сёньняшняя сытуацыя разгортваецца заканамерна: новыя нябёсы для Беларусi адкрывае новае пакаленьне. Маладыя людзi 18—30 гадоў ня проста ставяць сьвечкi ў царкве цi чытаюць Бiблiю — яны абсалютна свабодна гавораць пра Бога, абвяшчаюць хрысьцiянскiя прынцыпы нацыянальнай iдэi, на поўны голас кажуць пра пакаяньне нацыi i Сьцяг Хрыста. Грамадзтва зьмяняецца пад iх уплывам. Новая генэрацыя ўжо апаноўвае палiтыку і прэсу, нефармальныя тусоўкi й цэрквы, унiвэрсытэты й школьныя летнiкi. На Захадзе такое ў парадку рэчаў.
Насамрэч, калi ня юная двухмiльённая хваля — тады хто?.. Яе эпiцэнтр у буйных гарадох, у асяродзьдзях адукаваных студэнтаў, творчае iнтэлiгенцыi, нацыянальна настроеных нефармалаў. Але й у асяродку сярэднестатыстычнае моладзi, не спустошанай марксісцкiм альбо лібэральным матэрыялiзмам, бачныя некаторыя хрысьцiянскiя акцэнты — у дачыненьнях, жыццёвых устаноўках, этыцы. Нягледзячы на постсавецкую сумятню субкультураў, базавыя каштоўнасьцi й жыцьцёвыя арыенціры беларускае моладзi ХХІ ст. набываюць усё больш выразныя й пазнавальныя эўрапейскія абрысы. Моладзь, а празь яе ў пэрспэктыве і ўсё грамадзтва, рыхтуецца да кардынальных сьветаглядных пераменаў. Залпу, зь якiм пачнецца iмклiвае разьвiцьцё Новае Беларусi, варта чакаць ад палiтызаваных, структураваных, дынамiчных, нацыянальных паводле характару й хрысьцiянскiх паводле духу супольнасьцяў. Такое разьвiцьцё падзей дазваляе пераменам спрацаваць у маштабах усяе краiны i мець менавiта нацыянальнае гучаньне. Элемэнтарная формуля нацыянальнае iдэi ўжо рэалiзуецца як “Беларуская форма — хрысьціянскі зьмест”. Найлепшая, самая сучасная беларушчына — беларуская палітыка й эканоміка, мова й культура, беларускія тэмы й вобразы, беларускае месца й час — для найвышэйшага, хрысьціянскага, Божага сэнсу, які яе напаўняе.
У Беларусі маладая генэрацыя часам інтуітыўна, а часам цалкам сьвядома ўжо арыентуецца ў слушным кірунку. Малады Фронт зь яго імкненьнем да хрысьціянскае палітыкі, Партыя Свабоды, краёўцы зь лёзунгам “Бог, нацыя, дзяржава!”, скаўцкі рух, выхаваны на Бібліі, — гэта яўна пакаленьне новае гісторыі.
Такiм чынам, моладзь адкрывае для сябе абсалютна новае жыцьцё. Гэта ня проста эўрарамонт, мода, перагляд iдэй цi новы кiрунак руху. Моладзь адчувае, як нараджаюцца й высьпяваюць у ёй самой усёахопныя, радыкальныя, капiтальныя пераўтварэньнi. Генэтыка й палітыка, прырода й грамадзтва, беларуская прастора й эпахальны час — гэта ўжо робiцца неадольным болем, неспатольнай прагай i проста сэнсам жыцьця новага пакаленьня.
Новае пакаленьне пеараадольвае страх. Бо ў новым тысячагодзьдзі нам так хочацца бачыць новую зямлю і новае неба!… Бо старая зямля й старое неба ўжо мінулі. (Адкрыцьцё, 21:1).
Пачалася Новая гісторыя.