Хрысціянская дэмакратыя. “Трэці шлях”
Разгортванне хрысціянскай дэмакратыі у паўнавартасную палітычную ідэалогію звязваюць з эпохай еўрапейскіх рэвалюцыяў 1848 года. Вострыя супярэчнасці гэтага перыяду прымушалі Царкву шукаць саюзу з народам, састыкоўваць дактрыны каталіцызму і дэмакратыі, фармаваць палітыку супрацоўніцтва, а не знішчальнай барацьбы паміж працай і капіталам. Хрысціянска-дэмакратычныя перакананні паўсталі як плён напружанага пошуку грамадскай згоды.
Разам з тым, адносіны паміж новастворанымі хрысціянска-дэмакратычнымі аб’яднаннямі і Цэрквамі складваліся няпроста. Царква, досыць кансерватыўная паводле сваёй прыроды, нягледзячы на глыбокія грамадскія змены, працягвала вызнаваць дактрыну перавагі духоўнай улады над свецкай – і змагалася за вяртанне згубленых пазіцый. З пачатку ХІХ амаль да пачатку ХХ стагоддзя афіцыйная Царква супрацьпастаўляла буржуазна-дэмакратычным і ліберальным ідэям свой саюз з манархіямі – абсалютнымі і канстытуцыйнымі.
Але ўжо ў другой палове XIX ст. шырокае развіццё набыў рабочы рух, свет апанавалі ідэі сацыяльнай роўнасці і класавай барацьбы. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў сацыял-дэмакратыя і камунізм, адстойваючы сацыяльную справядлівасць праз нянавісць да эксплуататараў, літаральна спустошвалі цэрквы – бо клір у сваёй масе заставаўся абаронцам улады і капіталу. У сувязі з пашырэннем і паглыбленнем небяспечных сацыяльных з’яў у грамадстве ў Касцёле сталі нарастаць плыні, якія выступалі за змену царкоўнай пазіцыі – і фармуляванне “трэцяга шляху”.
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”
Працяг будзе.