Касцёл падтрымлівае хрысціянскую дэмакратыю
З царкоўных іерархаў першым зразумеў патрэбу абнаўлення і рашыўся на прынцыповы прарыў Папа Рымскі Леў XIII, які заняў папскі пасад у 1878 годзе – ў энцыкліцы “Rerum novarum”(1891). У 1901 ён жа апублікаваў энцыкліку «Graves de Communi Re», у якой дактрына атрымала назву «хрысціянская дэмакратыя».
Такім чынам, ідэалагічную платформу для новага этапу хрысціянскай дэмакратыі сфармавалі энцыклікі Льва ХІІІ. Царква і свецкі рух за грамадскую справядлівасць на хрысціянскіх асновах зразумелі ды прынялі адно аднаго – пачаўся бурлівы рост масавых хрысціянска-дэмакратычных партыяў, найперш у каталіцкіх краінах Еўропы.
Сярод хрысціянска-дэмакратычных аб’яднанняў канца ХІХ- пачатку ХХ стст. найбольшы ўплыў займелі нямецкая каталіцкая “Партыя Цэнтру” і італьянская “Народная партыя” Луіджы Стурца.
Якраз гэты перыяд першага уздыму спарадзіў вядучага тэарэтыка сусветнай хрысціянскай дэмакратыі Жака Марытэна (1882-1973).
Марытэн бачыў выйсце з крызісу эпохі Новага часу ў сцвярджэнні “тэацэнтрычнага гуманізму”, “персаналістычнай дэмакратыі”, хрысціянізацыі ўсіх сфераў культуры і экуменістычным збліжэнні рэлігіяў”.
У адсутнасці Бога, піша Марытэн, чалавек губляе сваю душу, што вядзе да з’яўлення тэорыяў адчаю і абсурду. Паводле Марытэна, у праекце “інтэгральнага гуманізму”, які разглядае чалавека як адзінства Боскага і чалавечага пачаткаў, крыніцай суверэнітэту дзяржавы будзе Бог, і хрысціянскія ідэалы стануць для сацыяльнай палітыкі дзяржавы канонам. У такім грамадстве, на погляд Марытэна, здольнасці асобы змогуць раскрыцца найбольш поўна.
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”
Працяг будзе