“БОЛЕЙ ТРЭБА СЛУХАЦЦА БОГА, ЧЫМ ЛЮДЗЕЙ”

13 кастрычніка 2009 23:36  |  Артыкулы

(Дзеі 5:29)

 

 

Па-першае, Бог стварыў Царкву як стоўп і ўмацаваньне праўды. (1 Цім 3:15). Калі праўда адкідаецца, то абавязак Царквы яе ўмацаваць! Калі “праўда адкідаецца на плошчы (г.зн. публічна)” (Іс 59:14-15), то адказнасьць Царквы – яе адстаяць!

 

Бог ад пачатку даў духоўную ўладу сьвятарам і прарокам, каб яны ўмацоўвалі прынцыпы праведнасьці, і, калі трэба, выпраўлялі нават цароў, калі тыя парушалі Божае Слова. Так прарок Самуэль выпраўляў цара Саўла (1 Цар 15:10-23); сьвятары супрацьсталі цару Озіі (2 Пар 26:18); прарок Натан і сьвятар Ядай не згадзіліся з карупцыяй у сваёй дзяржаве (3 Цар 1 разьдзел). Гэты сьпіс можна працягваць. Такім чынам, царква павінна быць ініцыятарам праведных зьменаў у грамадзтве.

 

Па-другое, як кажа Слова Божае, усе вернікі павінны выконваць толькі тыя законы, якія не пярэчаць Божым прынцыпам. Мардахей не схіляўся перад Аманам, хоць гэта і быў каралеўскі ўказ (Эст 3:2), бо, калі б ён выканаў гэты ўказ, то парушыў бы прыказаньне Божае (Мц 4:10). Эстэр сказала, што пойдзе да караля, “хоць гэта супраць закону”. (Эст 4:16). Даніэль, Сэдрах, Місах і Аўдэнага, будучы на службе ў караля, адмовіліся выконваць законы, якія пярэчылі Слову Божаму (Дан 3 і 6 разьдзелы).

 

Па-трэцяе, апостал Павал паказаў, што вернікі павінны ведаць і адстойваць свае грамадзянскія правы (Дзеі 16:37, 21: 24-29). Ён таксама вучыў, што калі мы можам выкарыстаць лепшае, то мы павінны гэта выкарыстаць (1 Кар 7:21).

 

У першай царкве ў апосталаў не было сумневаў, што рабіць у выпадку, калі сьвецкі закон партабуе аднаго, а закон Божы – іншага. Апосталы пакінулі нам правіла, што рабіць у такім выпадку: “Болей трэба слухацца Бога, чым людзей” (Дзеі 5:29).

 

Апостал Павал таксама сказаў, што калі б ён дагаджаў людзям, то ніколі ня быў бы рабом Хрыстовым.

 

Такім чынам, прыйшоў час вырашыць, каго мы будзем слухацца болей: “Бога ці людзей”!

Болей навін