Вольга Кавалькова: Улада павінна зразумець, што людзей, якія прагнуць пераменаў, ужо большасьць
Вольга Кавалькова была адной зь нямногіх лідарак апазыцыі, каму 25 сакавіка ўдалося ня толькі прарвацца ў ачэплены сілавікамі цэнтар Менску, але і апынуцца ў самым гушчары падзей.
Старшыня Хрысьціянска-дэмакратычнага руху і прадстаўніца БХД удзельнічала ў арганізацыі калёны каля плошчы Якуба Коласа, вяла стрым зь месца падзеяў і нават адшукала кіраўніка менскага АМАПу, патрабуючы спыніць беззаконьне. Пра свой шлях ад навучэнкі Акадэміі МУС да хрысьціянскай дэмакратыі, сустрэчы зь міністрамі і пра тое, ці проста быць жанчынай у кансэрватыўнай партыі, якой кіруюць мужчыны, Вольга Кавалькова распавяла ў інтэрвію Свабодзе.
На шэсьце 25 сакавіка Вольга пайшла празь некалькі дзён пасьля вяртаньня з Маладэчна, дзе яна правяла 7 сутак арышту за ўдзел у акцыі «недармаедаў». Разам зь Дзянісам Садоўскім Вользе ўдалося прайсьці кардоны міліцыі і трапіць да кінатэатру «Кастрычнік». Садоўскага там затрымаў АМАП, а Вольга пасьля гэтага на таксоўцы прабівалася ў бок плошчы Якуба Коласа.
«Гэта была аднаразовая спроба, і яна ўдалася. Рэч у тым, што ДАІшнікі забаранялі людзям выходзіць з транспарту ў ачэпленай зоне. Але мой таксіст аказаўся вельмі адважным чалавекам. Ён сказаў: «Я супраць Лукашэнкі. Я іх не баюся, хай робяць што хочуць, але я спыняюся тут, можаце выходзіць». Там было шмат людзей. Мы ўзьнялі сьцягі й рушылі зь лёзунгамі «Жыве Беларусь», «Мы — народ».
Каля ЦУМу Вольга разам з сотнямі іншых удзельнікаў акцыі апынулася ў гушчары падзеяў і вяла стрым з камэнтарамі праз свой тэлефон. Калі калёна рушыла, то ўздоўж праспэкту пачалі шыхтавацца АМАПаўцы. Вольга наўмысна падыйшла да іх як мага бліжэй, каб гледачы яе стрыму маглі ўжывую пабачыць, што адбываецца ў цэнтры гораду.
«Не было ні страху, ні атмасфэры напружаньня. У такіх сытуацыях уключаецца ўнутраны рэсурс, якога няма ў штодзённым жыцьці. Я аналізавала потым свае паводзіны. Ёсьць нейкая сіла і адказнасьць за людзей. Тады думаеш не пра тое, што з табой зробяць, калі схопяць, а пра іншых. Я спрабавала дагрукацца да міліцыі, падыходзіла да маладых у кардоне, якія дзялілі калёну на некалькі групаў, каб потым іх затрымліваць. Я спрабавала знайсьці начальніка гэтых міліцыянтаў і знайшла начальніка АМАПу. Ён быў у цывільным. Я прасіла не ўжываць рэпрэсіяў да людзей. Ён пачаў пагражаць мне і загадаў сысьці з праезнай часткі, а потым загадаў сваім людзям: «Работаем, ребята». Тады з усіх мікрааўтобусаў паваліў АМАП. І яны пабеглі на людзей. Пасьля таго, што я адседзела і што пабачыла на свае вочы 25-га, у мяне няма страху. У мяне ёсьць яшчэ большае жаданьне змагацца, з новымі сіламі».
Вольга Кавалькова — мянчанка. Паводле адукацыі юрыст. Скончыла тэхнікум бізнэсу і права, вучылася ў Акадэміі МУС. Мае таксама эканамічную адукацыю, працуе галоўным бугальтарам у недзяржаўнай арганізацыі.
«Для апазыцыянэра ў мяне вельмі нетыповая біяграфія. З 2004 году я працавала ў адміністрацыі Партызанскага раёну Менску, ва ўпраўленьні сацыяльнай абароны. Потым у аддзеле жыльлёвай палітыкі адміністрацыі Савецкага раёну. Лічу, што калі чалавек працуе на дзяржаўнай пасадзе, то гэта ніяк не павінна перашкаджаць ягоным унутраным перакананьням. Аднак сёньня, на жаль, адэкватныя людзі сыходзяць зь дзяржаўных пасадаў».
У сям’і Вольгі, як сама яна кажа, ніколі не падтрымлівалі Аляксандра Лукашэнку, але ў палітыку яна прыйшла досыць выпадкова.
«У 2011 годзе сяброўка запрасіла мяне на сустрэчу БХД. Я прыйшла і пабачыла, што каштоўнасьці гэтай арганізацыі супадаюць з маімі. Я пакрысе ўцягвалася ў працу, і апошнія пару гадоў я даволі актыўна там працую.
На пытаньне, ці складаны шлях ад навучэнкі Акадэміі МУС да лідэркі адной з апазыцыйных партыяў, Вольга Кавалькова адказвае, што для будучага юрыста навучаньне ў такой установе прэстыжнае і жаданае, але ў рэальным жыцьці мала дапамагае.
«Я хацела стаць юрыстам і выбірала паміж БДУ і Акадэміяй. Выбар спыніўся на Акадэміі МУС, бо там былі лепшыя выкладчыкі. Прафэсары казалі: закон — гэта асноўнае, ёсьць герархія, канстытуцыя ў першую чаргу. Але, на жаль, у практыцы гэта ня так. На жаль, улады за гэтыя гады зрабілі ўсё магчымае, каб беларускі народ ня ведаў сваіх правоў. Вядома, калі чалавек мае юрыдычную адукацыю, то ён больш абаронены, бо ведае, як рэагаваць, напрыклад, падчас затрыманьняў. Але гэта нячаста дае эфэкт. Асабліва калі цябе затрымлівае нехта ў шапцы і спартовых штанах».
У БХД Вольга каардынуе грамадзкія кампаніі абароны дзяцей ад алькаголю, за якасную мэдыцыну, у абарону жыцьця, адказвае за распрацаваньне заканадаўства.
«Уся мая праца палягае пераважна на юрыдычных працах, прапановах на базе праграмы партыі й каштоўнасьцяў БХД. Потым мы зьбіраем подпісы пад гэтымі напрацоўкамі і накіроўваем калектыўныя звароты ў розныя ўстановы. Я вельмі часта запісваюся на прыёмы да чыноўнікаў, сустракаюся зь міністрамі. Так мы спрабуем данесьці нашую пазыцыю. У палітыцы, я лічу, трэба рабіць усё, што магчыма тут і цяпер. Няважна, калі мы прыйдзем да ўлады, гэта можа адбыцца ня сёньня, але мы жывем у гэтай краіне цяпер і мы хочам, каб тут нешта мянялася. Маем добрыя прыклады, калі законы мяняліся па нашых прапановах».
Пасьля павышэньня пэнсійнага ўзросту Вольга сустрэлася з намесьнікам міністра працы і сацыяльнай абароны. Затым была сустрэча зь міністрам аховы здароўя, а нават прыём у віцэ-прэм’ера Сямашкі.
«Мы прыносім з сабою подпісы тысяч людзей, якія нас падтрымалі ў канкрэтным пытаньні. Ідзем да чыноўнікаў ад імя людзей, якія хочуць зьменаў. Агрэсіі да нас няма, хутчэй жаданьне слухаць. Вядома, пасьля рэпрэсіяўй часта аналізуеш, а ці ёсьць сэнс хадзіць да іх, калі потым яны так да нас ставяцца. Але я лічу, што трэба ўсё роўна грукацца да іх і дамагацца зьменаў. Ад гэтай улады, нават калі яна нелегітымная, залежыць нашае жыцьцё. Ад гэтых законаў залежыць тое, як мы будзем жыць. Таму лепш уплываць на іх прыняцьце, бо іншыя варыянты — горшыя».
Усе сустаршыні аргкамітэту БХД — мужчыны. Партыя, як сама назва сьведчыць, кансэрватыўная. На пытаньне, ці не дыскрымінуе кіраўніцтва жанчын, Вольга ўсьміхаецца і тлумачыць:
«Не, у нас няма вялікіх праблем. Жанчынам у кожным разе складаней даказаць, што ты маеш рацыю. І толькі калі ты тры разы будзеш яе мець, то чацьвёрты раз яны цябе паслухаюць, а на пяты зробяць так, як ты кажаш. Я не мужчына і ня ведаю, як яны прасоўваюць свае рашэньні, але на практыцы выходзіць так. У нас добрыя стасункі, гендэрных праблемаў няма. Проста жанчынам у прынцыпе цяжэй паўсюль уплываць на вырашэньне нейкіх праблемаў».
Сама Вольга — праваслаўная, ходзіць у царкву. Свае адносіны да рэлігіі яна лічыць галоўнай прычынай выбару менавіта БХД, але называе рэлігію сваёй асабістай справай.
«Мае хрысьціянскія перакананьні важныя, як падмурак у палітыцы, але форма маёй працы — сьвецкая. Для мяне важна займацца сацыяльнымі і эканамічнымі сфэрамі. Я хачу працаваць для людзей. Для тых, хто побач, хто цябе падтрымлівае і давярае табе. Думаю, што калі мы прыйдзем да ўлады, то я не адмовілася б ад пасады прэм’ер-міністра. А мы прыйдзем абавязкова. Мірна, безь ніякіх узброеных дзеяньняў. Улада павінна зразумець, што людзей, якія прагнуць пераменаў, ужо большасьць, і зь іхным меркаваньнем трэба лічыцца. Цяпер нашая грамадзянская супольнасьць расьце. Да мяне тэлефануюць людзі і пытаюцца, як уступіць у нашую арганізацыю. Цяпер важна далучацца да розных партыяў і арганізацыяў. Тады ты больш абаронены, чым у сытуацыі, калі дзейнічаеш сам. Толькі так можна прымусіць уладу нас слухаць. Перамены ў нас адбудуцца з дапамогай грамадзтва».