Хрысціянскія дэмакраты, якія памерлі ў адзін дзень (відэа)
У сваім новым
відэазвароце з нагоды 100-годдзя Беларускай хрысціянскай дэмакратыі сустаршыня
БХД Павел Севярынец распавядае пра двух выбітных хрысціянскіх дэмакратаў, якія
памерлі ў адзін дзень – 28 красавіка 1944 года.
Люцыян Хвецька –
гэта адзін з патрыярхаў “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”. Ён нарадзіўся 22
лістапада 1889 года ў Малышаўцы, гэта Сакольскі павет, сённяшняе Падляшша.
Паступіў у Пецярбургскую духоўную акадэмію і хутка стаў адным з самых здольных
вучняў, а затым і выкладчыкаў. Быў выпушчаны з Пецярбургскай акадэміі ў рангу
магістра тэалогіі, стаў святаром і адначасова адным з заснавальнікаў
“Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці”. Разам з Фабіянам
Абрантовічам, буйным дзеячам, каталіцкім, пасля і ўніяцкім святаром, яны
заснавалі вялікі асяродак у Пецярбургу, які пасля пачаў дзейнічаць па ўсёй
Беларусі. Люцыян Хвецька – заснавальнік буйнейшай беларускай
хрысціянска-дэмакратычнай газеты – “Крыніца”, якая сталася галоўнай газетай
беларускай руху ў міжваеннай Заходняй Беларусі. Люцыян Хвецька – аўтар
шматлікіх артыкулаў і выбітны арганізатар. 1922 годзе ён арыштоўваўся
бальшавікамі, у 1923 годзе паўторна, толькі ў 1925 годзе ў выніку абмену ён
апынуўся ў Польшчы, затым працаваў ў шматлікіх парафіях ў Падляшшы і на
Палессі. У 1944 годзе ў вёсцы Хотава, альбо як яе там называюць – Хатава,
будучы пробашчам касцёла, ён зазнаваў пераслед і з боку нямецкай паліцыі, якой
не падабаўся беларускі рух, і з боку савецкіх партызанаў. І падчас аднаго з партызанскіх
рэйдаў на вёску ён вымушаны быў хавацца, у адной бялізне выскачыў з плябаніі ў
снег, застудзіўся і 28 красавіка 1944 года памёр. Да гэтага часу каля
Хотаўскага касцёла стаіць надмагілле Люцыяну Хвецьку, аднаму з заснавальнікаў
беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху.
Другі хрысціянскі
дэмакрат, які воляю Бога адышоў у той жа самы дзень, быў Ільдэфонс Бобіч.
Вядомы многім даследчыкам пад псеўданімам Пётра Просты. Ільдэфонс Бобіч
нарадзіўся 10 студзеня 1890 года у вёсцы Дзедзінка, гэта сённяшні Мёрскі раён,
вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, дзе і ўсвядоміў сябе як беларуса. Быў
высвечаны на ксяндза, вучыўся ў Рыме, атрымаў ступень доктара тэалогіі і быў
адным з самых адукаваных хрысціянскіх дэмакратаў. Быў пробашчам у Германавічах,
гэта сённяшні Шаркаўшчынаўскі раён, працаваў у шматлікіх парафіях па ўсёй
Беларусі і развіваў беларускі рух і беларускасць. Касцёл у тыя часы быў
пераважна польскім і таму гэты чын, гэтае падвіжніцтва патрабавала асаблівай
мужнасці. Ільдэфонс Бобіч адзін з самых плённых і грунтоўных аўтараў беларускай
хрысціянскай прэсы тых часоў. У 1940-х ён быў пробашчам у Іўі, немцы таксама не
любілі самастойных і здольных беларускіх святароў. Яго арыштавалі, два гады ён
правёў у нямецкай вязніцы і падарваўшы сваё здароўе памёр амаль адразу па
выхадзе з яе – 28 красавіка 1944 года. Пра Бобіча памяць у Іўі засталася хіба
што ў выглядзе ягонага надмагіля каля касцёла.
“Але менавіта
імёнамі і прозвішчамі такіх герояў, якія аддалі сваё жыццё за Бога і Беларусь,
на наш погляд павінныя называцца вуліцы і плошчы беларускіх гарадоў. Гэта
тычыцца Стоўбцаў, дзе няма вуліцы Люцыяна Хвецькі, гэта тычыцца і Іўя, дзе, на жаль,
дагэтуль няма вуліцы Ільдэфонса Бобіча. “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” у
свой стогадовы юбілей будзе рыхтаваць кампаніі дзеля ўшанавання памяці гэтых
людзей – і мы запрашаем вас далучацца”, – адзначыў Павел Севярынец.