Праграма БХД. Мясцовыя крыніцы энэргіі і энэргаэфектыўнасць

20 кастрычніка 2017 13:09  |  Эканоміка

Праграма БХД. Мясцовыя крыніцы энэргіі і энэргаэфектыўнасць

 

9.13.1 Асновай энэргетычнай бяспекі нашай краіны з’яўляецца выкарыстанне шырокага і сбалансаванага спектру розных крыніц энэргіі. Павелічэнне ў энэргабалансе краіны долі мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніц энэргіі дазволіць зменшыць залежнасць ад паставак энэрганосьбітаў з іншых краін.

9.13.2. Узнаўляльныя крыніцы энэргіі – такія як мясцовыя віды энэрганосьбітаў – могуць зрабіць істотны ўнёсак у павелічэнне энэргетычнай бяспекі і захаванне экалагічнай раўнавагі. Яны ствараюць шанцы для эканамічнага росту, развіцця інавацыйных тэхналогіяў і новых працоўных месцаў.

9.13.3. Ва ўмовах абмежаванага рэсурснага патэнцыялу Беларусі БХД бачыць неабходным павышэнне эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энэргетычных рэсурсаў на аснове навукова-тэхнічных дасягненняў. Для павелічэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі і забеспячэння высокага ўзроўню жыцця грамадзян энэргаёмістасць нашай прамысловасці і сельскай гаспадаркі неабходна знізіць як мінімум у два разы.

 

9.13.4. У адпаведнасці з прынцыпам субсідыярнасці хатнія гаспадаркі, прадпрыемствы і мясцовыя супольнасці павінны граць большую ролю ў фармаванні контураў сістэмы энэргазабеспячэння краіны.

З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін