Прынята гендарная платформа БХД

01 верасня 2025 14:00  |  БХД Галоўныя навіны Грамадства Культура Навіны Палітыка Эканоміка

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя прыняла гендарную платформу, якая прапануе хрысціянска-дэмакратычны падыход да роўнасці мужчын і жанчын, падтрымкі сям’і і адказнага бацькоўства.
У цэнтры платформы — прынцып роўных магчымасцяў пры павазе да рознасці мужчын і жанчын. БХД падкрэслівае, што дзяржава павінна не навязваць сямейныя ролі, а ствараць умовы, каб жанчыны і мужчыны мелі роўны доступ да адукацыі, працы, палітычнага ўдзелу, самарэалізацыі і сацыяльнай абароны.
Асобны акцэнт зроблены на падтрымцы бацькоўства і сямейнай палітыцы. Платформа прапануе развіваць гнуткія формы занятасці, забяспечыць доступ бацькоў у адпачынку па доглядзе за дзіцём да адукацыі і перападрыхтоўкі, пашыраць сетку ясляў, у тым ліку пры месцах працы, і падтрымліваць лакальныя формы дзіцячага догляду.
БХД таксама прапануе стымуляваць больш актыўны ўдзел мужчын у выхаванні дзяцей. Сярод прапаноў — падзел бацькоўскага адпачынку паміж абодвума бацькамі, фінансавыя бонусы за ўдзел таты ў доглядзе дзіцяці і інфармацыйная кампанія «Тата — гэта таксама мама».
У заканадаўчым блоку дакумент прадугледжвае прыняцце закона аб роўных магчымасцях і забароне гендарнай дыскрымінацыі, змены ў Працоўны кодэкс, механізмы празрыстага найму і гендарнага аўдыту, а таксама закон аб абароне ад сямейнага гвалту, які павінен бараніць усіх пацярпелых — жанчын, мужчын, дзяцей і сталых людзей.
Платформа закранае і ўдзел жанчын у грамадскім жыцці. БХД выступае за ментарскія праграмы, школы жаночага лідарства, падтрымку жанчын у STEM, ІТ і прадпрымальніцтве, а таксама спецыяльныя праграмы для жанчын з груп рызыкі.
У дакуменце выкарыстаныя прыклады сямейнай і гендарнай палітыкі Германіі, Швецыі, Аўстрыі, Нідэрландаў, а таксама падыходы OECD, EIGE, UN Women і іншых міжнародных інстытуцый. Пры гэтым БХД падкрэслівае, што беларускі падыход павінен грунтавацца на хрысціянска-дэмакратычных каштоўнасцях, сацыяльнай справядлівасці і падтрымцы сям’і як базавага інстытута грамадства.
Прынятая платформа пазіцыянуецца як аснова для будучых заканадаўчых ініцыятыў, працы ў мясцовых саветах, камунікацыі з грамадствам і супрацоўніцтва з міжнароднымі партнёрамі. БХД заяўляе, што роўныя магчымасці, абарона годнасці чалавека і моцная сям’я павінны стаць аднымі з прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі Беларусі.

Спампаваць

Болей навін