Віталь Рымашэўскі: «Патрыярх Кірыл павінен быць у санкцыйных спісах»
Еўрапейскі саюз уключыў у санкцыйны спіс мітрапаліта Сімферопальскага і Крымскага Ціхана — Георгія Шаўкунова. У рашэнні ЕС ён названы епіскапам Рускай праваслаўнай царквы, які актыўна ўдзельнічае ў распаўсюдзе расійскай прапаганды і дэзінфармацыі, накіраванай на апраўданне ўзброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны.
У Еўрасаюзе адзначаюць, што Шаўкуноў сістэматычна распаўсюджваў пракрамлёўскую дэзінфармацыю, у тым ліку сцвярджэнні пра «нацызм» ва Украіне, адмаўляў суверэнітэт Украіны і апраўдваў расійскае ўварванне як «неабходнае», «абарончае» і «санкцыянаванае Богам». Таксама ў рашэнні ЕС гаворыцца, што праз пропаведзі, медыйныя платформы, дзяржаўныя культурныя праекты і збор сродкаў для расійскіх войскаў у акупаваным Крыме ён прасоўваў і падтрымліваў ваенныя дзеянні Расіі.
Рашэнне Еўрасаюза пракаментаваў сустаршыня аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі. Паводле яго, уключэнне мітрапаліта Ціхана Шаўкунова ў санкцыйны спіс ЕС — важны, але толькі першы крок.
«У гэтых спісах павінен быць і патрыярх Кірыл Гундзяеў, бо менавіта ён з’яўляецца адным з ключавых суаўтараў і публічных праваднікоў чалавеканенавісніцкай ідэалогіі так званага “рускага свету”», — заявіў Рымашэўскі.
Ён падкрэсліў, што ідэалогія, якую прасоўвае вярхушка Рускай праваслаўнай царквы, «не мае нічога агульнага ні з Евангеллем, ні з хрысціянствам». Паводле палітыка, пад выглядам абароны праваслаўя людзям навязваюць імперскую, антычалавечую і антыхрысціянскую дактрыну, якая апраўдвае вайну, агрэсію супраць украінскага народа, акупацыю і гвалт.
«Вярхушка РПЦ не проста абслугоўвае пуцінскі рэжым. Яна актыўна ўдзельнічала ў стварэнні ідэалагічнага падмурка гэтай вайны. Прыкрываючыся царквой, яны падмянілі хрысціянскую веру прапагандай, а пастырскае служэнне — апраўданнем злачыннай агрэсіі», — адзначыў Рымашэўскі.
Ён лічыць, што патрыярх Кірыл таксама павінен быць унесены ў санкцыйныя спісы, а ідэалогія «рускага свету», якая падаецца пад выглядам рускага праваслаўя, павінна быць прызнаная экстрэмісцкай і чалавеканенавісніцкай.
Пры гэтым Рымашэўскі падкрэсліў неабходнасць выразна аддзяляць кіраўніцтва РПЦ ад тых святароў, багасловаў і вернікаў, якія, застаючыся ў Расіі або знаходзячыся ў выгнанні, выступаюць супраць вайны.
«Менавіта яны сёння захоўваюць хрысціянскае сведчанне, а не тыя, хто ператварыў царкву ў інструмент дзяржаўнай прапаганды і апраўдання гвалту», — заявіў Віталь Рымашэўскі.
Фотаздымак: «Белсат»




