Праграма БХД. Ахова навакольнага асяроддзя і экалагічныя праблемы Беларусі

15 лістапада 2017 08:32  |  Эканоміка

Праграма БХД. Ахова навакольнага асяроддзя і экалагічныя праблемы Беларусі

 

11.1.1. Мы лічым, што эфэктыўная рынкавая эканоміка цалкам сумяшчальная з еўрапейскімі прынцыпамі ашчаднага выкарыстання рэсурсаў, безадкіднасці тэхналогіяў і павагі да Божага тварэння. Грамадзяне Беларусі валодаюць правам на спрыяльнае навакольнае асяроддзе як неад’емны паказчык якасці жыцця чалавека. Таму дзяржава мусіць прыкладаць усе намаганні для захавання прыроднага патэнцыялу Беларусі і развіцця экалагічнай бяспекі ў нашай краіне.

11.1.2. БХД зыходзіць з таго, што пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Беларусь стала зонай экалагічнага бедства. Забруджаныя радыёнуклідамі тэрыторыі сталі небяспечнымі для пражывання людзей і мала прыдатныя для вядзення сельскай гаспадаркі. БХД лічыць заніжанымі ацэнкі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС як па колькасці чалавечых ахвяр, так і па наступствах ад трагедыі у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве.

11.1.3. Назіраецца шматразовае перавышэнне нарматыўнага ўзроўню забруджвання паветранага басейна ў гарадах з высокім узроўнем канцэнтрацыі экалагічна небяспечных вытворчасцяў і вялікай плынню аўтатранспарту.

11.1.4. Працягваецца небяспечнае забруджванне прамысловымі, камунальнымі і павярхоўнымі сцёкавымі водамі акваторыяў унікальных водных аб’ектаў як, напрыклад, азёр Нарач, Свіцязь, Блакітных, Браслаўскіх і іншых водных аб’ектаў.

11.1.5. Інтэнсіўная трансфармацыя вадазборных басейнаў і воднага рэжыму рачной сеткі ў выніку буйнамаштабнага асушэння забалочаных зямель прывяла да знікнення мноства малых рэк і ручаёў.

11.1.6. Праблемная экалагічная сітуацыя ў сельскай мясцовасці звязана са шматгадовым уздзеяннем на навакольнае асяроддзе адыходаў буйных жывёлагадоўчых комплексаў, з хімізацыяй сельскай гаспадаркі, выманнем урадлівых зямель для нясельскагаспадарчых мэт, эрозіяй глеб антрапагеннага паходжання, ўсыханнем лясоў і трансфармацыяй глеб у выніку непрадуманай буйнамаштабнай меліярацыі і г.д.

11.1.7. Акрамя ўласных крыніц забруджвання тэрыторыя Беларусі падвяргаецца забруджванню шкоднымі прымешкамі, якія выкідаюцца ў паветра ў суседніх краінах, а потым трапляюць да нас.

11.1.8. Актуальным пытаннем з’яўляецца захаванне відавой разнастайнасці жывёльнага і расліннага свету.

З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года ў Менску.

Болей навін