У Трасцянцы адзначылі 75-ю гадавіну расстрэлу ксяндза Гадлеўскага (фота)
Сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі разам з прадстаўнікамі Руху салідарнасці “Разам” адзначылі 75-ую гадавіну расстрэлу аднаго з кіраўнікоў БХД ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.
Каля крыжа Гадлеўскага ў Трасцянцы выступілі сустаршыня БХД Павел Севярынец, сябра БХД з Салігорска, паэт Мікола Шаравар, кіраўнікі Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык і Алена Талстая ды іншыя.
Вінцэнт Гадлеўскі – ідэолаг беларускага нацыянальнага руху 20-х – пачатку 40-х гг. ХХ стагоддзя. Удзельнік Усебеларускага з’езду 1917 г. Сябра Рады БНР. Адзін з лідараў БХД і аўтар праграмных тэкстаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Падчас нямецкай акупацыі – галоўны школьны інспектар пры генеральным камісарыяце Беларусі. Старшыня падпольнай Беларускай Нацыянальнай Партыі. Адкрыты супраціўнік савецкай ўлады і тайны вораг гітлераўскай адміністрацыі.
Нарадзіўся Вінцук Гадлеўскі 16 лістапада 1888 года ў Шурычах, вёсцы ля мястэчка Поразава на Гарадзеншчыне.
Ужо ў юнацтве Вінцук вырашыў стаць ксяндзом – і ў 1912 годзе скончыў Віленскую духоўную семінарыю, а ў 1916-ым – Пецярбургскую духоўную акадэмію. У ліпені 1914-га быў высвечаны на святара – за два месяцы да пачатку Першай сусветнай вайны.
Яшчэ студэнтам Вінцук Гадлеўскі стаў нефармальным лідэрам у гуртку будучых хадэкаў. Менавіта тады, напачатку страшнага веку гвалту й крыві, ён выбраў найцяжэйшы крыж – праводзіць у Беларусі палітыку Ісуса Хрыста.
З 1918 года ў Менску, Вінцэнт Гадлеўскі пачаў служыць імшу ў катэдры з казанямі па-беларуску. Высланы касцёльным кіраўніцтвам у Нясвіж, выкладаў у нясвіжскай беларускай семінарыі.
У 1924 годзе, прызначаны ў парафію Жодзішкі ля Смаргоні – і за два гады абудзіў тысячы беларусаў да нацыянальнай свядомасці. У выніку ў 1927 годзе быў арыштаваны нібыта за антыдзяржаўную дзейнасць і два гады правёў у турме на Лукішках.
З 1929 года ксёндз Гадлеўскі ў Вільні. Служыць капеланам у шпіталі. Перакладае на беларускую мову Новы запавет (выдадзены ў 1939 годзе). Рэдагуе “Беларускую крыніцу”.
У 1936 годзе, калі БХД была ператвораная ў “Беларускае Народнае Аб’яднанне”, нязгодны Гадлеўскі стварыў уласны рух – “Беларускі Фронт”.
З пачаткам Другой сусветнай вайны – у Коўне, Варшаве, затым у Берліне. Вяртаецца ў Беларусь у 1941 годзе, і яго прызначаюць галоўным інспектарам беларускіх школаў.
Вінцэнт Гадлеўскі быў апосталам нацыянальнай ідэі тады, калі Беларусь руйнавалі дзве сусветныя вайны, рвалі рэвалюцыі, тапталі таталітарныя рэжымы. Ва ўмовах акупацыі й няспыннага генацыду, на мяжы жыцця й смерці здрадзе, хлусні й нянавісці маглі супрацьстаяць толькі воля і вера, падуладныя Богу.
Таемна, у распаласаванай фронтам ІІ Сусветнай вайны Беларусі Гадлеўскі заснаваў газэту “Беларускі фронт” і камітэт “Беларускі Народны Фронт”. Так Вінцэнт Гадлеўскі стаў хросным бацькам БНФ – аб’яднання нацыянальных сілаў пад акупацыяй.
За ім палявалі НКВД, дэфензіва і гестапа. Ён арганізаваў беларускае падполле й халаднакроўна вёў замежныя перамовы з заходнімі саюзнікамі тады, калі паўсвету правальвалася ў апраметную. Заўжды ў сэрцы падзеяў, ксёндз Гадлеўскі быў першым, хто маліўся і змагаўся за Беларусь.
Айца Вінцэнта Гадлеўскага арыштавалі гестапаўцы. У ноч перад Раством – 24 снежня 1942 г. Пасля імшы, ад самага касцёла, яго завезлі ў Трасцянец і расстралялі.
Вінцэнт Гадлеўскі – святар, які стаяў за Беларусь перад брамаю пекла. Імша Гадлеўскага значыць для Беларусі не менш, чым Крыж Еўфрасінні й Біблія Скарыны.
У Шурычах захавалася хата Гадлеўскіх, дзе бываў Вінцэнт. Зараз там замацаваны плакат з ягоным жыццяпісам і бел-чырвона-белай стужкай.