Георгій Дзмітрук: скараціце бюджэт КДБ, МУС і рэальна дапамажыце шматдзетным
У Беларусі шматдзетныя сем’і, якія выхоўваюць трох і больш непаўналетніх дзяцей, якія навучаюцца ў школах (на ўзроўні базавай і агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку ва ўстановах спецыяльнай адукацыі), могуць атрымаць да новага навучальнага года матэрыяльную дапамогу.
Яе памер складае 30% бюджэту пражытковага мінімуму, дзеючага на 1 жніўня.
Так, у Мінску матэрыяльную дапамогу ў памеры 64,1 рубля атрымаюць больш за 25,7 тыс. шматдзетных сем’яў. У Брэсцкай вобласці такую падтрымку плануецца аказаць 18 678 сем’ям: у Бярозаўскім раёне памер выплаты на кожнага навучэнца са шматдзетнай сям’і складае 48 рублёў, у Пінску і Баранавіцкім раёне — 45, у Івацэвіцкім раёне — 42, у Баранавічах — 40, у Брэсце — 35.
Вылучэнне матэрыяльнай дапамогі ў Facebook пракаментаваў сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Георгій Дзмітрук, які сам з’яўляецца шматдзетным бацькам і пражывае ў Кобрыне (Брэсцкая вобласць):
«Гучная назва? Вельмі! Уся краіна думае: «Дзяржава клапоціцца пра шматдзетных!» Якая добрая ўлада!? Дык вось, я ад імя шматдзетных як шматдзетны бацька, як сам са шматдзетнай сям’і, кажу вам, маючым уладу: «Не ганьбіцеся! Вашай падачкі ў 45 рублёў не хопіць купіць нават пару дыхтоўных сандалікаў для нашых дзяцей! Скараціце бюджэт МУС, КДБ і іншых не шматдзетных, але тоўстых «малойчыкаў» і рэальна дапамажыце шматдзетным!»