Марына Хоміч прыняла ўдзел у пікеце каля беларускага КДБ
Марына Хоміч і іншыя хрысціянскія дэмакраты прыняла ўдзел у пікеце каля беларускага КДБ. Удзельнікі пікету патрабавалі неадкладнага вызвалення палітвязняў.
Я – настаўніца беларускай мовы і літаратуры, сусветнай і айчыннай культуры. Я люблю сваю прафесію, перакананая, што сапраўдным настаўнікам можна стаць толькі па пакліканні, і я заўжды ганарылася тым, што маю яго. Але апошнім часам я вельмі рада, што прыпыніла сваю працу ў дзяржаўнай школе яшчэ ў мінулым годзе, што сёння мяне не атаясамліваюць з галоўнымі фальсіфікатарамі нашай краіны, з тым полчышчам людзей, якія скралі будучыню ў нашых дзяцей, замест таго, каб адкрываць яе, Я. НЕ. МАЮ. НІЧОГА. АГУЛЬНАГА з тымі “членамі” камісіі, на руках якіх кроў гэтых скатаваных людзей!
Вы – прадстаўнікі раней інтэлігентнай прафесіі, ператварыліся ў злачынцаў! Настаўнікі-пярэвератні, няўжо вы зможаце 1 верасня зноў стаяць на лінейцы і з усмешкамі запрашаць дзяцей у новы навучальны год? Дзяцей, чыіх бацькоў збівалі на плошчах з вашай згоды падпісаных, чортавых, хлуслівых пратаколаў! Як так сталася? Хіба каля вашых скроняў былі стрэльбы?
Прабачце, але сёння мы не будзем разбірацца, хто менавіта з вас быў у камісіях, не да таго, ў любым выпадку адны падпісвалі несапраўдныя пратаколы, іншыя ведалі, чым займаюцца іх калегі і маўчалі!
Больш не паважаныя настаўнікі Беларусі, мы з вамі адзін народ, і мы не хочам вашай смерці, але хочам, каб пакаранне напаткала сваіх злачынцаў!
Гасподзь пакінуў для кожнага з нас шанец, шанец на ўратаванне. І я прашу вас, пакуль не позна, пакайцеся. Выйдзіце і прызнайцеся. Беларусы – цудоўная нацыя, і мы вам даруем.
А пакуль, заплюшчваючы вочы, сніце пабітых і скалечаных людзей, можа быць вашых былых вучняў, чуйце іх енкі, а прачнуўшыся, спрабуйце змыць кроў з вашых рук, якую бачна ўжо неўзброеным вокам.