БЕЛАРУСКІ ШЛЯХ
А хто там ідзе, хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?..
Увесну 2006 г. увесь сьвет убачыў дзесяткі тысячаў беларусаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі у цэнтры Менску. Патрабаваньне свабоды пераменаў, незалежнасці зноў шматтысячна канстатавала факт найноўшай гісторыі: “Жыве Беларусь!”. Безумоўна, каб перамагчы рэжым, нацыянальнаму руху патрабавалася выявіць больш веры, больш еднасці, больш духу, нарэшце, змабілізаваць больш удзельнікаў пратэстаў. Але і тое, што адбылося 19-25 сакавіка 2006 г., стала спараўдным прарывам. У параўнаньнізь 2001-м ці 2004-м гадамі, масавасць, арганізаванасць і, самае галоўнае, духовую моц. На вуліцы выйшла беларуская моладзь, якая склала большасць сярод вулічных выступоўцаў – яня трымала кругласуткавую варту на Кастрычніцкай плошчы, і штодня даводзіла: у Беларусі ёсць годная будучыня. Кампанія вылучыла лідэраў, здольных зьяднаць людзей і ўвасобіць альтэронатыву рэжыму. Урэшце рэшт, гэтыя некалькі бурлівых вясновых дзён няўжарт спалохалі ўладу. Дзесяткі крымінальных справаў, сотні ператрэсеных прыватных кватэраў і разгромленых штабоў, тысячы арыштаваных, для якіх у Менску ўжо не хапала ізалятараў і якіх развозілі ў іншыя гарады – усё гэта засьведчыла панічны страх рэжыму і сілу беларускага руху. Але – што далей? І ўвесь сьвет, і нашыя суседзі ва Ўкраіне, Польшчы, Прыбалтыцы, Расеі і, самае галоўнае, мільёны беларусаў, што назіралі за сакавіцкімі падзеямі ля тэлеэкранаў, ужо ў які раз задаюць сабе пытаньне: чаму Беларусь дагэтуль застаецца апошняй дыктатурай Эўропы? Што трэба зрабіць, каб адолець прасавецкі папулізм, падтрыманы імперскай Масквой? Увогуле, які шлях бог вызначыў Беларусі прайсці ў гісторыі, у нацыянальнай ідэі, у духовым сталеньні, каб вызваліцца?
ДОЎГІ БЕЛАРУСКІ ШЛЯХ
Падзеі селетняе вясны выявіліся новым паваротам на доўгім беларускім шляху. Новым – бо і шматтысячнае людзкое ўзрушэньне насуперак рэпрэсіям, і прыняцьце лідэра беларускіх дэмакратычных сілаў на найвышэйшым узроўні ў Эўропе, і воля ды вера беларускай моладзі знакавалі сапраўды новы этап беларускага нацыянальнага абуджэньня. Паваротам – бо на даляглядзе ўзнік толькі чарговы пераход зьнясіленага вандраваньня Беларусі да рэальнай незалежнасці, дэмакратыі й нацыянальнага ладу.
Храналёгія беларускага шляху з рабства да свабоды прымушае нас згадаць біблійны выхад – пад кіраўніцтвам Майсея, вялікага божага прарока, габрэйскі народ блукаўпа пустыні ў пошуках зямлі абяцанай да тае пары, пакуль не пазбавіўся рабскайсьвядомасці й не набыў веру ў Бога. Гэтак жа й Беларусь: праблема нашага зацяглага блуканьня мае не сацыяльнае, не эканамічнае й нават не геапалітычнае, а ў першую чаргу духовае паходжаньне. Сьвядомасць вызначае быцьцё! Да тае пары, пакуль людзі не ўсвядомяць сябе нацыяй, адказнай перад Богам за свой супольны лёс, маральны стан і сваю зямлю – мы асуджаныя заставацца заходнім узбалоцьцем расейскае імпэрыі, а ня сэрцам Эўропы.
Уся заходняя цывілізацыя апошніх дзвюх тысячаў гадоў – гэтапанарама разьвіцьця, пераламленьня й удасканаленьня асноватворнага хрысьціянскага сэнсу ў розных нацыянальных, палітычных і сацыяльных формах. Мы зьдзіўляемся, адкуль ўсё так чыста й хораша ў Амэрыцы й Брытаніі, у Швэдзіі й Чэхіі, у Польшчы ды Аўстраліі. Агульная культура Захаду – грамадзкая, сэрвісная, нават побытавая – гэта прамы вынік цярплівага засваеньня прынцыпу “Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усей душою тваёю, усім разуменьнем тваім, а блізкага твайго – як самаго сябе” (Лукі 10:27). Непасрэдны вынік веры ў Бога й культываваньня гэтае веры ў самім грамадзтве. Нашыя спробы пабудаваць “па-заходняму” дэмакратыю, рынак, адкрытае грамадзтва й нацыянальную дзяржаву бяз Бога асуджаныя на крах.
Таму асноўныя задачы сучаснай нацыянальнай ідэі – хрысціянізацыя беларусаў і беларусізацыя хрысціянаў. Хрысціянства – і як сыстэма каштоўнасьцяў , і як аснова здаровага нацыянальнага сьветапогляду, і ўвогуле як найэфэктыўнейшы лад жыцьця – павінна стаць альтэрнатывай бездуховаму саўковаму рэжыму й грамадзкаму ўпадку. Так было ва ўсім сьвеце. Так будзе і ў Беларусі. Шчасьлівыя сем’і, здаровыя дзеці, непітушчыя працаўнікі, якія ня крадуць і ня хлусяць, адказныя і прыстойныя людзі – гэта веруючыя. І найпершая патрэба сёньнішняга часу – надаць такім беларускім хрысьціянам нацыянальнага самаадчуваньня, а ўсяму патрыятычнаму руху, у сваю чаргу, хрысьціянскае сутнасці. Духовае абуджэньне адначасова з творчай,захапляючай беларусізацыяй здольнае вызваліць у дзесяцімільённым народзе аграмадныя сілы для вырашальнага рыўка. Такім чынам, зараз Беларусі ў першую чаргу патрэбныя ня “самыя правільныя партыі”, ня “самыя радыкальныя маладзёвыя рухі” і нават не ўсяядныя кааліцыі дэмакратычных сілаў у чарговае канфігурацыі. Галоўная патрэба гэтага пераходу на доўгім беларускім шляху – актыўныя, паўсюдныя й шматвобразныя ініцыятывы, якія б беларусізавалі й хрысьціянізавалі грамадзтва. Ключавыя паказальнікі дзейнасці такіх ініцыятываў – колькі яшчэ беларусаў за дзень, месяц, год пачалі размаўляць па-беларуску, удзельнічаць у асьветніцкіх кампаніях, наведваць царкву (касцёл, малітоўны дом), выпісваць незалежную прэсу. Сучасная беларускасьць, як і сучаснае хрысьціянства ў Беларусі зараз настолькі дэталёва распрацаваныя, кшталтаваныя, амалоджаныя, укарэненыя ў інтэрнэце й элітных асяродках, што ані прасавецкая “ідэалёгія”, ані папсовая расейшчына ня вытрымаюць канкурэнцыі за душы беларускіх студэнтаў, настаўнікаў, прадпрымальнікаў, вернікаў пры эфектыўнай арганізацыі кампаніяў. Але пакуль што, нажаль, падобныя ініцыятывы ў Беларусі замыкаюцца ў герметычных або тусовачных супольнасьцях. У выніку велізарны вакуум у мільёнах беларускіх душаў, спароджаны незалежнасьцю, запоўнілі не трывалая вера ў Бога й жывая беларушчына, а ўпадніцкі рэлятывізм, разбуральныя субкультуры, імперская настальгія або афіцыйная прапаганда.
Вясна-2006 дала надзею на зьмену становішча. Малітва на шматтысячнай Плошчы, “Магутны Божа” як пачатак кожнага дня для палаткавага гарадка, тысячы дагэтуль апалітычных вернікаў поплеч з заўсёднікамі вулічных акцыяў; адзіны кандыдат, беларускі патрыёт, які дзень галасаваньня праводзіць і ў праваслаўным храме, і ў касцёле, які нарэшце зьяўляецца на людзях з жонкай і якога прымаюць канцлер Нямеччыны, прэзыдэнты Польшчы й Літвы, палітычная эліта Францыі й Украіны; агучаная на ўсю краіну праграма рэформаў, грунтаваная на прыватнай уласнасці, інавацыях і мясцовым самакіраваньні – пасьля гэтага ўпершыню за колькі гадоў адчуваеш пад нагамі краіну!
І ў кампаніі 2006 г. і пасьля яе ўвесь час муляла вока: рэжым наколькі мог высільваўся, каб абаперціся на добра зацьверджаны за 15 гадоў падмурак незалежнасьці. Але бясконцыя закляцьці “За Беларусь!” у адным фляконе з пустаслоўем пра “государственный суверенитет в союзе с Россией” ды “интернациональную белорусскую нацию” ўжо сьведчаць: адолець мяжу, якае аддзяляе “самобытную Беларусь” ад адроджанае Беларусі, як ні пніся, Лукашэшка ня можа. І, згодна зь непазбежнай лёгікай гісторыі, гэта зробіць ужо нехта іншы. Не аддадзеная ані Крамлю, ані алігархам маёмасьць, пераключаныя тэлеканалы, апрацаваная па перыметры ўсіх дзяржаўных межаў масавая сьвядомасьць ужо ёсьць грунтоўным апірышчам на шляху да сапраўднае Беларусі.
Дайсьці да Беларусі – гэта значыць, дайсьці да сэрца кожнага зь 10 мільёнаў беларусаў. Можаце самі палічыць, колькі такі шлях складае ў кілямэтрах (адлегласьць будзе вымярацца, пэўна, у дзесятках зямных экватараў). Можна вымярыць гэты шлях у гадзінах або гадох, якія спатрэбяцца на пераконваньне ды растлумачэньне. Можаце падрахаваць усіх сваіх знаёмых, хто яшчэ не дайшоў да Беларусі, і вызначыць свой асабісты шлях.
Доўга, доўга атрымліваецца. Але іншага шляху ў нас, як і ў габрэяў часоў Майсея, няма. У Беларусі, паводле сьведчаньня Быкава, доўгая дарога дадому. Доўгая – бо, як і біблійных сьвятых, Бог вядзе беларусаў, праз пакаяньні, выпрабаваньні й адкрыць Сэрца Эўропы з той цярплівасьцю й настойлівасьцю, якой пад сілу дасягнуць Валадарства Нябеснага.
КРЫЖОВЫ БЕЛАРУСКІ ШЛЯХ
Калі б беларускі шлях быў проста працяглым па часе – за цярплівых беларусаў можна было б не хвалявацца.
Але ва ўсе часы беларускі шлях азначаў пераадольваньне найцяжэйшых пакутаў, болю і зьдзекаў. Наша Адраджэньне ўвесь час, сплываючы крывёю, зьняможана брыло праз здраду і акупацыю, Курапаты й Трасьцянец, Хатынь і Берасьцейскую крэпасьць, Чарнобыль і Нямігу.
Вось і падчас сёлетняе кампаніі беларусам давялося адужваць ня столькі адлегласьць, чалавека-гадзіны й стэрэатыпы (што складае зьмест нармалёвых выбараў), колькі страх, квалт і ўціск. Кампанія-2006 ішла праз рэпрэсіі небывалага раней размаху; цяжкі крыж непрыняьця, абыякавасьці й працы “за сябе й за тых хлопцаў” ціснуў на плечы, а вакол – сьвіст і аплёўваньне гэткай разьюшанай, нават ашалелай прапаганды па ўсіз афіцыйных каналах не было нават за савецкім часам: “Алькаголікі!.. Наркаманы!.. Вычварэнцы!.. Псыхі!.. Фашысты!.. Тэрарысты!..”. Беларусаў зноў білі, прыніжалі, ганьбілі, як асуджанага на ўкрыжаваньне Збаўцу. Бэсьцілі мову, зьдзекліва перакрыўляючы ў агітках, пляжылі культуру, пачынаючы з ахайваньня маладзёвае “Рок-каранацыі” й завяршаючы разбурэньнем Саюза Пісьменьнікаў, гвалцілі гісторыю, ствараючы міты пра расейскае братэрства, сатанінскі Захад ды “лініі Сталіна”… Наймацней білі па моладзі – каб з новым пакаленьнем Беларусь не паднялася з каленяў. 23-х гадовага Зьміцера Касьпяровіча, што сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынку Менскага гарвыканкама, асудзілі на 5 месяцаў за кратамі. Насту Азарку, настаўніцу малодшых клясаў зь Нясвіжу, паэтку й арганізатарку Шоў Беларушчыны, абвінавацілі ў “стварэньні незарэгістраванай арганізацыі” (а гэта зараз 2 гады турмы). 21-гадоваму Артуру Фінькевічу, маладафронтаўцу зь Менску, які ўсяго толькі напісаў на плоце “Мы хочам новага!”, сьледства прыпісала ўсе графіці ў Першамайскім раёне, налічыла 35 мільёнаў рублёў урону і цяпер паграджае запраторыць у “зону” на 10 гадоў. Спартоўца Сяргея Ляшкевіча са Шчучына, які распаўсюджваў буклеты й каляндарыкі Мілінкевіча, трымаюць у ізалятары як “баевіка, што рыхтаваў тэракты ў Менску”. Маладафронтаўца Паўла Красоўскага з Жодзіна міліцыя расшуквае аж па чатырох артыкулах крымінальнага кодэксу за … карыкатуры на мясцовых чыноўнікаў, надрукаваныя ў самвыдатаўскім бюлетэні. Нарэшце, спалохаўшыся дзесяткаў тысячаў маладых, што выйшлі на вуліцы 19-25 сакавіка, КДБ распачаў крымінальную справу супраць цэлага руху, яшчэ маштабнейшую за Саюзу Беларускіх Патрыётаў: у 12 гарадох Беларусі прайшлі ператрусы й допыты больш як 50-ці сябраў Маладога Фронту, якіз зьвінавацілі ў “выступе ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, і кожнаму зь якіх цяпер паграджае па колькі гадоў турмы.
Жорсткі разбор намётаў на Кастрычніцкай; зьбіцьцё непаўнагадовых за бел-чырвона-белыя сьцягі; зьдзек за людзей на Акрэсьціна; падкідваньне наркотыкаў ды бутэлек пасьля разгрому гарадка перад камэрамі БТ; імітацыя расстрэлу й шпіталь для Вячаслава Сіўчыка як арганізатара бестэрміновае варты на плошчы; ганебныя “суткі” для рэжысэра Валерыя Мазынскага, рэдактара Андрэя Дынька, палітыка Вінцука Вячоркі й соцень прыстойных, інтэлігентных людзей; ілжывыя абвінавачваньні ў хуліганстве й брыдкаслоўі для шчырых вернікаў – кожны факт як ляск бічу па целе Хрыстовым!..
Бадай, самы цяжкі крыж узваліў на плечы беларускага народа, як гэта ні прыкра, патрыярх Маскоўскі Алексій II: ня гледзячы на заявы назіральнікаў з усяго сьвету пра фальсыфікацыі, нават не чакаючы абвяшчэньня афіцыйных дадзеных ЦВК, павіншаваў галоўнага праваслаўнага атэіста зь перамогай.
Але беларусы крыж сакавіка-2006 усё-такі вынесьлі. Джзесяткі тысячаў людзей, нягледзячы на страх, нянавісць і хлусню на тыдзень асьвяцілі сэрца сталіцы сотнямі бел-чырвона-белых сьцягоў. І не прапаганда, ня гвалт, а менавіта гэтыя сьцягі, як пуцяводныя вагні, як сымбалі Божага укрыжаваньня і ўвускрасеньня застануцца ў масавай сьвядомасьці й нацыянальнай гісторыі вобразам Вясны 2006 года.
Гарачыя падзеі гэтых дзён пацьвердзілі галоўнае хрысьціянскае правіла: вызваленьне адбываецца толькі праз пакуту, шчасьце здабываецца праз боль, а адраджэньню, уваскрашэньню, абуджэньню заўжды папярэднічае крыж. Мы павінны ўзгадаць найважнейшую гістарычную заканамернасьць, ужо не аднойчы праяўленую ў X, XII, XVI, XX стагодзьдзях: палітычны, эканамічны й культуровы росквіт генэруецца пакаяньнем ды ахвяраю народа – і духовымі пераўтварэньнямі. Што далёка хадзіць: курапацкі крыж і аднаўленьне храмаў напрыканцы 80-х, сьцяг Хрыста і заклік “шукаць не кілбасы, а Бога” уздымалі Беларусь на нашае памяці.
Менавіта таму беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Крыжа. Вялікага геапалітычнага скрыжаваньня, на якім між варагаў і грэкаў, Захаду і Ўсходу, Эўропы і Расеі, укрыжаваная наша краіна. “І вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною…” (Марка 8:34). Беларусь насьледуе Хрысту, аддаючы сябе. Наш бел-чырвона-белы сьцяг з крывёю Ісуса – знак таго вялікага Адкупленьня, якое збавіла ўсё чалавецтва. Бо з пачатку Новае эры пакута й ахвыра – заклад будучае перамогі.
Беларуская ахвярнасьць – гэта ня прыкрая гістарычная наканаванасьць, што выклікае шкадобу і дэпрэсію. Гэта – лёс і сэнс Беларусі як вялікага алтара. Краіна, на долю якой за 1000 гадоў выпалі настолькі страшныя выпрабаваньні, для якой Эвангельле болю і зьдзеку стала штодзённым жыцьцём, для якой нацыянальным сымбалем ёсьць чыстая палатніна з крывёю ўкрыжаванага Збаўцы, мусіць усьведамляць: крыж – дакладная сыстэма каардынатаў для пошуку найвялікшых дабраславеньняў Божых.
ВЯЛІКІ БЕЛАРУСКІ ШЛЯХ
У апонія паўтара гады стала выясьняцца цікавая геапалітычная акалічнасьць: краіна апошняй дыктатуры ў Эўропе робіцца эпіцэнтрам навінаў у цэлым рэгіёне. Польшча, Украіна, Прыбалтыйскія дзяржавы яднаюцца, каб дапамагчы Беларусі стаць Беларусьсю. Беларусы штомесяц апынаюцца на трыбунах галоўных эўрапейскіх арганізацыяў. Беларуская тэма ажыўлена дыскутуецца не адно ў Крамлі, але і ў Брусэлі, і ў Жэневе, і ў Вашынгтоне. Belarus незаўважна разрастаецца да памераў куды большых, чым звычайная сярэднеэўрапейская краіна плошчай у 200 тыс. км2 зь 10 мільёнамі жыхароў. Беларусь сапраўды робіцца сэрцам Эўропы – трапяткім, гарачым, поўным драматызму ды болю. Сьвет зноў адчувае тут дрогкае спляценьне артэрыяў і венаў, шляхоў і інтэрэсаў, сумежжа моваў і канфэсіяў – крыніцу жыцьця ў нетрах пушчаў і гарадоў, у глыбіні страху і грэху, у адчайным біцьці пульсу апошнчга эўрапейскага адраджэньня. Нешта падобнае адбывалася ў XVI стагодзьдзі, у Залаты век ВКЛ. Такое ўражаньне, што Беларусь рыхтуецца выбухнуць і зьбірае ў кулак усе сілы, каб зьнішчыць астатняе кубло зла на кантыненце, каб экспансія беларускасьці ўскалыхнула ўсю Эўропу і сталася ўдарам пахавальнага звону для імперскай Масквы.
0,15% тэрыторыі й 0,17% насельніцтва – вось што такое Беларусь на глёбусе. Кропачка. Але ж колькі падзеяў, ідэяў, надзеяў і людзей сусветнага маштабу сышлося ў гэтае кропачцы! Проста велі Беларусі разьлічваецца не праз квадратныя кілямэтры ці адсоткі ВУП. У вышэйшай матэматыцы Духа велічыні вымяраюцца інтэграламі куды большага парадку. Невялічкая, сьціплая Беларусь баіцца прызнацца нават самой сабе, што мае Вялікую Нацыянальную Ідэю. Што нічога “нармалёвага” няма ў тых страшных пакутах і ахвярах, якія выпалі на яе долю. Што нічога выпадковага не было ані ў Чарнобылі, ані ў Белавескай Пушчы, ані ў Лукашэнку. Што краіна найвялікшае цярплівасьці й найвышэйшае любові ў самым сэрцы Эўропы – гэта пакліканьне. І гэта навечна.
Адсюль, ад нясьмеласьці думкі – і відавочная слабасьць большасьці сучасных “нацыянальных праектаў”. Адсюль – кволасьць сёньнішняга дэмакратычнага руху. Усе замяняльнікі нацыянальнай ідэі – і дзяржаўная “ідэялёгія”, і побытавы гонар “хвалі сваё”, і нават прасунуты апазыцыйны нацыяналізм ёсьць усяго толькі бледнымі водбліскамі сапраўднай нацыянальнай ідэі. Той адзінай гістарычна й сьветапоглядна апраўданай ідэі, у якой звышмэтай зьяўляецца Сам Ісус Хрыстос.
Ісус сказаў яму: Я і Шлях, і Праўда, і Жыцьцё” (Яна 14:6). Вялікі Беларускі Шлях – шлях Божае праўды й Божае ахвяры, шлях з Крыжам Хрыста й пад сьцягам Хрыста – да Самога Хрыста, Ягонае сьвятасьці, дасканаласьці й велічы. Беларусь у Эўрапейскім сэрцы пакліканая да чысьціні й сьветлыні бел-чырвона-белага, да імклівасьці й нястрымнасьці Пагоні, да веры й волі, што напаўняюць гімн “Магутны Божа”.
Таму Вялікі Беларускі Шлях – гэта яднаньне і праваслаўных, і каталікоў, і пратэстантаў дзеля супольнае малітвы, духовага ўзаемаабагачэньня і, урэшце рэшт, выяўленьня адзінае нацыі ў Божых вачох. Беларусь – агульначалавечы форум хрысьціянства. Арэна. Асамблея. Сумежжа й сумоўе. Зваротны эфектгэтага глябальнага фэномэну ў тым, што праз канфэсійны сынтэз Беларусі адкрываецца ўвесь сьвет: каталіцкі Захад, праваслаўны Усход, архіпэлягі пратэстанцкіх Штатаў, Паўночнае Эўропы й Азіі. Беларусь – натуральны фокус хрысьціянскае айкумены: так Палестына, крыніца трох вялікіх рэлігіяў, сталася цэнтрам увагі для ўсяго чалавецтва. Выкшталцоная лёгіка й рацыя каталіцтва, містыка й узвышанасьць праваслаўя, пратэстанцкая простасьць і прага абнаўленьня – у сапраўдным беларускім хрысьціянстве сышласяўся поўня вучэньня Ісуса Хрыста, расьсеяная за 2000 гадоў па ўсім сьвеце. І Беларусь, сьледам за сьвятым Аўгусьцінам, паўтарае вернікам розных канфэсіяў: “У галоўным – адзінства, у спрэчным – свабода, а ва ўсім – любоў!”
Вялікі Беларускі Шлях – гэта кансалідацыя ўсіх нацыянальных сілаў, што грунтуюцца на хрысьціянскіх прынцыпах ды эўрапейскай традыцыі: руху Мілінкевіча й партыі Пазьняка, Маладога Фронту й рэгіянальных структураў супраціву, прадпрымальнікаў ды хрысьціянскіх грамадаў. Пераадоленьне другасных і міжасобасных супярэчнасьцяў апошняга дзесяцігодзьдзя – сапраўды працяглы, але абсалютна непазьбежны этап беларускага шляху да перамогі. Пакуль беларускае Адраджэньне ня будзе выяўлена ў салідарнай сіле – лёс Беларусі будзе важыцца зьнешнімі сіламі з дапамогаю маніпуляцыяў, гвалту ды здрады паводле найгоршых сцэнароў Рэчы Паспалітай XVIII стагодзьдзя. Магчыма, цэнтрам такога яднаньня выступіць Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя, што ствараецца зараз беларускімі патрыётамі й вернікамі розных канфэсіяў. З аднаго боку, БХД у палітычным спэктры займае месца паміж БНФ Вячоркі й КХП Пазьняка, зь іншага – увасабляе ў сабе маладое, новае пакаленьне нацыянальнага руху, і, нарэшце, спалучае хрысьціянскія грамады на патрыятычным падмурку, фармуючы жывое ядро беларускае ідэі.
Вялікі Беларускі Шлях – гэта ператварэньне беларускай дыяспары (унікальнага апірышча беларускасьці!) са структуры захаваньня ў структуру ўплыву. Нажаль, ня ў прыклад традыцыйнае мадэлі дапамогі эміграцыі з боку мэтраполіі, пакуль беларуская апазіцыя або ігнаруе дыяспару, або проста нешта просіць па дробязях. Беларускаму дэмакратычнаму руху сёньня вельмі бракуе моцных сувязяў – палітычных, культуровых, урэшце асабістых – з нацыянальнай эміграцыяй. А пры наяўнасьці волі ды каардынуючага цэнтру ў самое Беларусі беларускае замежжа можа аказаць Адраджэньню сапраўды магутную падтрымку. Падтрымку досьведам – бо многія эмігранты прайшлі вялікі беларускі шлях адзінаасобна. Падтрымку духам – бо эмігранцкія асяродкі куды больш веруючыя, як ні парадаксальна, куды больш нацыянальна сьведамыя, і, як сьледзтва, больш моцныя, чым многія партыі й арганізацыі ў самой Беларусі. Падтрымку палітычную, арганізацыйную, дыпляматычную – бо ўзаемадачыненьні з урадамі Захаду ў справе змаганьня за Беларусь патрабуюць надзейнага пасярэдніцтва на месцы. Пад кіраўніцтвам Рады БНР раскіданыя па ўсім сьвеце беларускія арганізацыі могуць мабілізавацца ў сапраўдны геапалітычны фронт, каб даць бой пракрамлёўскаму й лукашэнкаўскаму лёбі ў Брусэлі ў Маскве, Бэрліне й Лёндане, Кіеве ды Вашынгтоне – і распачаць поўнамаштабовы наступ беларускага руху па ўсіх кірунках.
Вялікі Беларускі Шлях, які разгортваецца зараз перад нацыянальнымі сіламі – гэта найшырэйшыя кампаніі беларускага асьветніцтва й эвангелізаціі, стварэньне тысячаў хатніх гурткоў і правядзеньне дзесяткаў тысячаў віктарынаў, конкурсаў, інтэрнэт-канфэрэнцыяў, спартовых спаборніцтваў для тых, хто “не ў курсе”, “не задумваўся”, “ня чуў і ня бачыў” – каб штогод сотні тысячаў нашых грамадзянаў выбіралі для сябе Беларусь. Некалькі гадоў ахвярнае, маторнае, увесьчаснае працы – такой, ад якой бы заварушылася, ускалыхнулася ўся краіна! “Ісьці ў народ” – накірунак шляху даўно знаёмы – нацыянальны рух абіраў і ў пачатку XX ст., і ў канцы 80-х – пачатку 90-х. Першы этап гэтага Вялікага Беларускага Шляху прывёў нас да абвяшчэньня БНР і стварэньня падсавецкае БССР. Другі – да краху савецкай сыстэмы й незалежнасьці РБ. Цяперашняя эпоха інтэрнэту й флэш-мобаў, сатэлітнай тэлевізіі й кампутаровых мультыклюбаў, электронных рассылак і ўсеагульнай мабільнай сувязі дае бяспрыкладныя магчымасьці для трэцяга, апошняга, вырашальнага этапу.
Вялікі Беларускі Шлях ідзе праз Брамы Магутных Цэркваў і Дамы Моцных Сем’яў, праз Самакіроўныя Вёскі й Магдэбурскія Гарады, па Раўніне Закону й Узгор’ях Нацыянальнага Адраджэньня. Гэты Шлях цячэ ў жылах кожнага беларуса – і вядзе да самага сэрца.
Беларусь уратавалася ў страшных войнах, акупацыях і цудам атрымала незалежнасьць не для таго, каб назапашваць тлушч, енчыць перад суседзямі й хавацца ў бульбу ад чарговых пагрозаў. Досыць! Па-над намі – ня сала з праслойкай мяса, а бел-чырвона-белы Сьцяг Хрыста. Нам патрэбная моцная й дзейсная Беларусь – гарачае Сэрца Эўропы. Мы мусім паставіць сабе задачу перасягнуць вершыні залатога XVI стагодзьдзя – аддаць усе сілы справе Скарыны, Радзівілаў, Сапегі. Узняць Краіны Вялікага Княства. Абудзіць Эўропу. Збавіць Расею.
Так, мы самі па сабе занадта слабыя й грэшныя для гэтага. Але тыя, хто ідзе з Богам і любіць Беларусь, ведаюць, наколькі гэта рэальна: “Чалавеку гэта немагчыма; Богу ж усё магчыма” (Мацьвея 19:26).
Беларусаў кліча Вялікі Шлях