Нацыянальная Ідэя

18 кастрычніка 2009 22:36  |  Артыкулы

Гэта трэба адчуць. Чым больш я ўслухоўваюся ў тры мэлядычныя склады Яе iмя, чым глыбей рассмакоўваю гэтыя сем гукаў, спрабуючы напрыканцы ўлавiць няiсны, апошнi, самы пранiзьлiвы, а ён усё прападае з празрыстай лiтарай; чым даўжэй любуюся гэтым хвалюючым, белым-белым з гарачай чырваньню сьцягам — тым больш веру. У мяне пачынае буйней бiцца сэрца й кружыцца галава. Хочацца цiха заплюшчыць вочы й малiтоўна, урачыста шаптаць пра сябе: Магутны Божа! Бязьмежная мудрасьць Твая, непамерная ласка Твая! ДЗЯКУЮ Табе за тое, што я нарадзiўся менавiта ў ГЭТАЙ КРАIНЕ!..

 

У гэтай краiне ахвяраў, войнаў i катастрофаў, сярод народу генiяў i сьвятых. Сярод найвялiкшых могiльнiкаў чалавечай гiсторыi. У Iмпэрыi Культуры, важнейшым духоўным цэнтры мiж Расеяй i Эўропай. Бо я веру, што Беларусь — гэта нешта намнога больш значнае, чым прынята думаць.

 

1. Iмпэрыi Духу

 

Пачнем з таго, што менавiта ў гэтай краiне Расейская й Савецкая iмпэрыi ракавым чынам атрымалi сьмяротныя прабоiны. Сто гадоў таму тут упершыню сабралася партыя расейскiх рэвалюцыянэраў, якая потым з паражальнай хуткасьцю стварыла на 1/6 сушы найвялiкшую за ўсе часы чалавецтва таталiтарную сыстэму. У лютым 1917-га адсюль, са стаўкi ў Магiлеве, тэрмiнова выехаў у Петраград цар Мiкалай II, i дарогаю ў чыгуначным вагоне выракся прастолу. Назаўтра Расея выбухнула ў трэскi. Потым быў правальны Берасьцейскi мiр. Потым пакт Молатава-Рыбэнтропа. Нарэшце, у канцы 1991 г. СССР рухнуў, i здарылася гэта ў Белавескай пушчы. Заўважце, парэшткi Саюзу незалежныя дзяржавы цырымонна пахавалi ў тым жа Менску. Але на гэтым гiсторыя ня скончылася: тут жа з магiлы на поўны рост падняўся прывiд Iмпэрыi зла. Усё з такой убойнай пасьлядоўнасьцю клiнам сыходзiцца на Беларусi, што мiжволi, як дрыжыкi, прабiрае падазрэньне: праўда.

 

Дзякуй Богу, геаграфiчныя iмпэрыi ўсё-ткi развальваюцца.

 

У свой час паў i Рым, грандыёзная праэўрапейская мэтраполiя. Не засталося й сьледу ад гранiцаў, крэпасьцяў, жалезных легiёнаў. Але з разбурэньнем фiзычнага цела iмпэрыi праз хрысьцiянства вызвалiлiся аграмадныя духовыя сiлы, i вось ужо самi пераможцы, гаспадары Сярэднявечча, схiляюцца перад уладаю рымскай цывiлiзацыi. Антычная культура й каталiцызм, лацiна й рымскае права, сыстэмнасьць i камунiкацыi ахапляюць палову зямнога шара. Цэзару й ня мроiлiся такiя заваёвы.

 

Пакуль мы яшчэ ня здольныя ў поўнай меры асэнсаваць спадчыну Савецкага Саюзу, але ўжо зараз ясна: наколькi бездухоўным i платаядным быў сам СССР, настолькi ўбогiм будзе ягоны ўнёсак у чалавечую гiсторыю. Зрэшты, ужо сёньня, на нашых вачох, на дымныя глыбы развальваецца Расея, i мы можам назiраць гэтае вiдовiшча ў прамым тэлеэфiры.

 

А вось Iрляндыя нiколi нiкога не акупавала, не спусташала й не абвяшчала тысячагадовых рэйхаў. Маленькая зялёненькая выспа ў Атлянтыцы, зь якой жыхары ратавалiся куды далей. Сёньня Стары й Новы сьвет моляцца на яе. Скрозь iрляндзкiя тэмы ў кiно, iрляндзкi тон у кнiгах, iрляндзкi рок у навушнiках. Найвялiкшы раман усiх часоў i народаў родам з Дублiну. Вось так, уявiце сабе: не з Парыжу, Лёндану цi Нью-Ёрку — з Дублiну. Шэсьць нобэлеўскiх лiтаратараў. Знакамiтае О з апострафам у прозьвiшчах, быццам бы з коскай перад нулямi гiганцкае лiчбы, знакуе сусьветнае захапленьне: О!.. Iрляндыя, якая нават згубiла сваю мову, сталася Культуровай iмпэрыяй, Iмпэрыяй Духу. А гэта навечна.

 

Зьместам Iмпэрыi Культуры ёсьць ня культ мяжы, не ксэнафобiя, не фiзiялягiчнае паглынаньне народаў ды тэрыторыяў — а наадварот, духовая бязьмежнасьць у суiснаваньнi, у iмкненьнi зрабiць сьвет больш дасканалым. Гэта не элемэнтарная функцыя захопленых квадратных кiлямэтраў, а iнтэграл куды вышэйшага парадку.

 

Яшчэ адна Iмпэрыя Духу ў нас пад нагамi. I мы, няўдзячныя, топчам яе штодня, дасадлiва азiраючы далягляды ў пошуках свае ўласнае Iдэi.

 

2. Гiсторыя Беларусi.

Стары Запавет

 

Старым Запаветам гiсторыi Беларусi быў залаты век Полацку й Вялiкага Княства Лiтоўскага. Гэта сапраўды легенда. Эра мудрых, эра праведных войнаў, герояў i волатаў, раскошных палацаў, яна дайшла да нас у велiзарных пыльных кнiгах, якiя яшчэ чытаць i перачытваць.

 

Краiна, якая потым стане Беларусьсю, нараджалася на стратэгiчным стыку цывiлiзацыяў, земляробчай Эўропы й качавое Азii. Гэткiм жа чынам сышоўся ў трох кантынэнтах Блiзкi Ўсход, прарадзiма трох глябальных рэлiгiяў. Так падымаецца вяршыня сьвету, Тыбэт з Гiмалаямi, дзе сутыкнулiся ўсходнiя гiганты, Кiтай i Iндыя. Важнейшае геапалiтычнае скрыжаваньне — гэта гiстарычны крыж Беларусi яшчэ з часоў Усяслава Чарадзея. Увесь час мы аказвалiся то мiж варагаў i грэкаў, то мiж Кiевам i Ноўгарадам, то мiж Русьсю й Эўропай.

 

Менавiта тут, у Эўрапейскай Сарматыi, канцэнтравалася супрацьстаяньне двух сьветаў. У ракавым 13-м стагодзьдзi настаў вырашальны час: у глыбiнi дзiкiх стэпаў Азii зарадзiлася аграмадная мангольская Арда Тамэрлана, i рушыла на Захад, зьмятаючы на сваiм шляху царствы й ханствы… Увадначасьсе зь ёй увабраўся ў сiлу браняваны Ордэн нямецкiх крыжакоў, i памкнуў на Ўсход, разрубаючы Польшчу, Прусiю, Лiвонiю… Дзьве першародныя плянэтарныя стыхii, такiя сугучныя, няўмольна накатвалi насустрач адна адной, каб сысьцiся ў двубоi. I ў Мiжмор’i, у самай гарлавiне Ўсходняй Эўропы, дзе магло захлынуцца крывёю ў катастрафiчным пабаявiшчы ўсё сярэднявечнае чалавецтва — раптам, дзiўным чынам, узьнiкае магутная дзяржава, Вялiкае Княства Лiтоўскае. I спыняе сусьветнае сутыкненьне. Стагодзьдзе — i перад уладным полем спакою асядае Арда. Яшчэ стагодзьдзе — i ў прах рассыпаецца Ордэн.

 

Што дзiўна: на гэтай зямлi ўва ўсе часы шукалi, намацвалi тую самую мяжу Эўропы з Азiяй: цi то па Дняпры, цi па Бугу, па Вялiкiм водападзеле, па Менскiм мэрыдыяне… Але важна зразумець: гранiцы няма й ня можа быць у прынцыпе. У дрымучай Беларусi зьнiкаюць межы. Усё расплываецца ў прывiдным сутоньнi, перад якiм з сумневам спыняюцца ўсе заваёўнiкi.

 

Урэшце, Вялiкае Княства становiцца лiдэрам агульнаславянскага Рэнэсансу. Беларускiя Бiблii, друкi й шрыфты, Рэфармацыя i ўнiяцтва, вiленскае барока i ўнiкальныя рамёствы 16-17 ст. абудзiлi магутныя сiлы духу ў нашых блiзкiх i далёкiх суседзяў. Вялiкае Княства Статуту, тэрыторыя парадку — сярод маскоўскае апрычнiны, запароскае казаччыны, каталiцкае iнквiзыцыi й тэўтонскага вераломства. I, што самае дзiўнае, на раздарожжы рэлiгiяў, сярод бяздоннага iх памяшаньня, у эру варфаламееўскiх начэй — Княства верацярпiмасьцi. Ува ўсёй Эўропе катавалi, палiлi, вешалi зусiм па-жыцейску, а на гэтай зямлi цэлыя стагодзьдзi падобнае было выключэньнем. Сюды натоўпамi сьцягвалiся iншаверцы, навукоўцы й гнаныя праведнiкi.

 

Вельмi паказальна, што развалiла ВКЛ менавiта мiжканфэсiйнае пытаньне. Калi сiлу веры канчаткова спаралiжавалi царкоўна-касьцёльныя разборкi, калi велiчная раскоша пачала па-фарысэйску папахваць разбэшчанасьцю, гэтая краiна ўжо выканала сваю задачу. Эўропа стаяла на парозе прамысловых рэвалюцыяў; Азiя трансфармавалася ў Расейскую й Асманскую iмпэрыi.

 

Эпоха Старога Запавету канула ў Лету. З Рагвалодам i Рагнедаю, зь легендаю пра Палямона, з мудрымi Саламонамi, гарадзенскiм Давыдам, са спрадвечнай славай, тысячай казак, якiх больш нiколi ня будзе. Час прыцiх.

 

Сапраўды, геаграфiчныя iмпэрыi развальваюцца. I шкадаваць ВКЛ ня мае сэнсу. Таму што гiсторыя Беларусi пачынаецца зноў — з Новага Запавету.

 

3. Гiсторыя Беларусi.

Новы Запавет

 

Такiм чынам, Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi.

 

Для Беларусi настала новая эра. Прабiў час прымружвацца й падстаўляць для ўдару шчокi. Час палюбiць блiжняга свайго ўсiм сэрцам, як самога сябе. Час аддаваць.

 

Мы аддавалi ўсё. Да астатняга таленту, да апошняга слова, так, што самiм анiчога не заставалася на расплод. Польская асымiляцыя ў Рэчы Паспалiтай справакавала цэлы фаервэрк фэномэнаў беларускага паходжаньня. Мы далi Польшчы найвышэйшыя, найсьвяцейшыя iмёны — Касьцюшку, Агiнскага, Мiцкевiча, Манюшку, Сянкевiча… Захоп вялiкалiтоўскiх земляў i хваля перасяленцаў на Ўсход выбухнулi неймаверным узьлётам расейскай лiтаратуры й музыкi 19-20 ст., а гэта, памiж iншага, адна з самых грандыёзных зьяваў у культуровай гiсторыi чалавецтва. Беларусы для Расеi зьдзейсьнiлi пераварот у сьветаўспрыманьнi: Глiнка (расейскi гiмн!), Барадзiн, Шастаковiч, Стравiнскi… Грыбаедаў, Дастаеўскi, Бунiн, Твардоўскi, Алеша, Грын, Еўтушэнка, Высоцкi. Прарокi, апосталы, як на падбор. Уявiце сабе, якая павiнна быць духовая сiла, каб узьняць Польскую Карону да Польшчы, Расейскую iмпэрыю да Расеi! I ўсё гэта хворая, нямоглая, абрабаваная Беларусь, так-так, тая самая, з каўтуном у валасох. Падумаць, дык яна зрабiла нашмат болей, чым здолела Вялiкае Княства. Яна не падначальвала, не насаджала — яна прапаведвала й ачышчала. Яна сваiм целам, сваёй крывёю пераўтварала самыя пачварныя дэспатыi. Увогуле, цяжка пазбавiцца думкi, што вышэйшая мiсiя Беларусi — гэта прасьвета, уратаваньне велiзарнай грэшнай Расеi: вось так, празь сябе, праз сваю пакуту й боль. Старавойтава й Чубайс, Станкевiч i Маневiч, Кавалёў i Навадворская родам зь Беларусi — якiя яшчэ iмёны патрэбныя, каб гэта зразумець?

 

Аддалi Вiльню. Тым лепш. Хоць захавалi ўласны Ерусалiм.

 

Беларусь судзiлi, рвалi на часткi й раскрыжоўвалi межамi. Нашым друкарам ламалi косьцi на дыбе; нашы паэты на чужыне харкалi крывёй; нашыя лепшыя галовы лопалiся ад рэвальвэрнага стрэлу ў патылiцу. Пётар I рэзаў, Карл ХII палiў, Мураўёў вешаў, Сувораў пароў штыхамi, а Напалеон навальваў груды гарматнага мяса; Сталiн расстрэльваў, Гiтлер труцiў газамi. Бiлi наводмаш, прыпадкамi, шалеючы, па-садысцку ўпадаючы ў раж ад яе пакорлiвасьцi. А Беларусь усё падстаўляла твар, i скрозь сьлёзы ўсьмiхалася iм. Яна малiлася за iх вуснамi сваiх генiяў. Што яна дазваляла з сабой рабiць! — i любiла… Колькi кахалася тут расейцаў, немцаў, французаў, палякаў — многа, ох як многа. Здавалася б, гэтую краiну, яе назву, мову, дый саму памяць аб ёй выгвалцiлi й растапталi насьмерць.

 

Таму неверагоднае ўваскрашэньне ў пачатку 20 ст. усiх проста агаломшыла. Той нацыянальны рух чысьцейшай вады, якi ўзьнiк надзiва ймклiва, чарговы раз прымушае нас паверыць у цуды.

 

I прыслухацца, як прароча, пачынаючы яшчэ з Багушэвiча, гучаць прозьвiшчы. Багдановiч. Адамовiчы. Данчык.

 

4. Беларусь — гэта сьвятое

 

Па ўсiм былым Саюзе да беларускага й Беларусi пачуцьцё асаблiвае, дзiўнае i шчымлiвае. Знакамiты працаўнiчок трактар, родныя «Песьняры», вайна па-быкаўску — гэта сьвятое, вам скажа кожны савецкi чалавек. Вельмi характэрна ў расейцаў: iм так няёмка, што часам яны стараюцца заглушыць сваю вiну перад беларусамi грубым, армейскага кшталту, пакрыкваньнем. Але нават горкая маскоўская iнтэлiгенцыя раз-пораз, пасьля трэцяе-чацьвертае чаркi, уронiць сьлязу за Беларусь, самую чыстую, самую славянскую, краiну крынiцаў з самай празрыстай у сьвеце мовай.

 

Гэта вельмi нагадвае мне адзiн жыцьцёвы вобраз. Мой сябра, цiхенькi аднакурсьнiк, са сьцiжмай такiх жа бяскрыўдных, як першыя хрысьцiяне, братоў, прапаведваў Бiблiю ў мэтро й пераходах. Зь яго бязьлiтасна кпiлi, грэбавалi амаль усе — i трэба было бачыць прынiжэньне гэтых людзей, калi ён шчыра й пакорлiва дапамагаў iм у бядзе! Ува ўсiх справах, якiя патрабавалi справядлiвасьцi й сумленьня, аўтарытэтам заўсёды аказваўся ён, самы траваядны, пастаянна крыўджаны.

 

Штосьцi найвышняе ёсьць у гэтай пяшчотнай беларускай цярплiвасьцi, у гэтай вечна вiнаватай усьмешцы. Пасьля усiх зьдзекаў, катастрофаў i кашмарнага генацыду гэта ўражвае, аж да дрыжыкаў. Гэта ня проста забiтасьць, i не забытасьць. Гэта нашмат глыбей. Беларус, братка. Братнi народ. Не такiя ўжо пустыя словы, як здаецца — цi ня праўда?

 

«На Беларусi Бог жыве», — сказаў Караткевiч, вялiкi прарок. Ягоныя вершы й проза гучаць так узвышана й на першы пагляд крыху наiўна, але ў караткевiцкай простай мудрасьцi прадоньне сэнсу. I нават болей: у iм вера. Бель Белай Русi змушае ўспомнiць анёлавы крылы.

 

Гэта праўда: усе канфэсii, якiя прыходзiлi ў Беларусь, раптоўна гублялi свой агрэсiўны зарад, i запавольвалiся, i нямелi перад гэтай сапраўднай незямной сiлай. Для фармальнае рэлiгii ўраз гублялiся ўсе арыентыры, i непарушныя догмы дымам распушчалiся ў паветры. Гэта тут юдэi мiрна суседзiлi з мусульманамi, тут сьсякла магутная плынь кальвiнiзму, тут загрузла падбрушша праваслаўя, i энэргiчныя айцы-езуiты няўцямна блукалi ля тлеючых паганскiх вогнiшчаў, спрабуючы ўразумець, у чым жа рэч.

 

Ня сьмейце казаць, што ў гэтага Народу няма за душой нiчога сьвятога. Быццам Ён сьпiўся, дэградаваў, хворы, замбiяваны, быццам Ён даўно ўжо не народ i яшчэ чортведама што. Я назiраю нават у апошнiх п’янiцаў: даходзiць да Беларусi — i стоп. Далей нi-нi. Беларусы памоўкваюць, бо ведаюць, наколькi сур’ёзная iх адказнасьць перад сваёй зямлёй i ўсiм гэтым сьветам. «Беларусь» — чуеце, як цёпленька? У нас гэтае пачуцьце не палае, ня жарыць, яно далiкатнае й трапяткое, як сьвечка.

 

Проста Беларусь — гэта сьвятое.

 

5. Боль Эўропы

 

Дзе б нi кранулi Беларусь, паўсюль у адказ чуйна кальне боль. Усё, што пра нас ведаюць у сьвеце, — рэзаныя, рваныя, разможжаныя раны: Курапаты, Брэсцкая крэпасьць, Хатынь, Чарнобыль. Кожны эўрапеец iнстынктыўна, амаль фiзычна адчувае гэтую вобласьць ныючай памяцi, для яго гэта «дзесьцi там», i ён трапна пацэлiць пальцам на мапе, дзе гiстарычна балiць небясьпека.

 

Беларусь ные, як сэрца. Маскве, Брусэлю, Страсбургу, Бэрлiну робiцца не па сабе з кожнай позвай нашага болю. Помнiце, як ёкнула сардэчка ўвесну 1996 г. — усе Балканы здрыганулiся мнагатысячнай сутаргай. Сэрбiя, Баўгарыя, Альбанiя валялiся ў жорсткiх курчах аж да самай вясны 97-га.

 

Ува ўсёй Эўропе няма больш трагiчнага Адраджэньня, чым беларускае. У прыбалтаў, палякаў, чэхаў i нават румынаў увесь нацыянальны арганiзм, будзь здароў, працаваў на Resistance ды Renaissanse, i крызыс хваробы вырашыўся напружаньнем у лiчаныя днi. Для беларусаў гэтая насалода болю цягнецца ўжо другi дзясятак гадоў, i канца-краю не вiдаць. Нашае Адраджэньне ажыцьцяўлялася такiм выключным мiзэрам сiлаў, на такiм фальцэце, такiмi непадымнымi й адчайнымi вымогамi, што жылы трымцелi, як нацягнутая нiць. Гэтая нота, нясьцерпна тонкая й высокая, бярэ за жывое так, што хочацца плакаць. У мяне перад вачыма Пазьняк з растрапаным валосьсем, у насьпех зацыраваным плашчы, поплеч з Клiнтанам на краi курапацкае ямы, а ўвушшу — пранiзьлiвы вiск дзяўчыны, якую выцялi гумовым дубiналам на Чарнобыльскiм шляху!..

 

Паглядзiце ў вочы любому беларусу. Такое ўражаньне, што ён пастаянна церпiць боль.

 

Беларусь — вечнае прытулiшча гнанага адусюль габрэйства. На гэтай зямлi разьмясьцiлася адна з самых пладавiтых дыяспараў у сьвеце. Тут радзiма знакамiтых iзраiлевых правадыроў: першага прэзыдэнта Хаiма Вэйцмана, трэцяга — Залмана Шазара, прэ’ер-мiнiстраў Мэнахема Бэгiна, Iцхака Шамiра, Шымона Пэрэса. Тут айчына Шагала, Антокальскага, Суцiна, бацькаўшчына хасыдызму. Увогуле, беларускае габрэйства — тэма асобнае гутаркi, патэтычнай i ўзьнёслай. А там, дзе такi ўздым абранага Богам народа, там, дзе адвечны жыд знаходзiць абжытую абяцаную зямлю — чакай вялiкае таямнiцы. I болю.

 

Беларусi, укрыжаванай мiж Эўропай i Расеяй, ня суджана стаць дамашняй, добрапрыстойнай сярэдне-эўрапейскай краiнай. Нельга паверыць у тое, што ўсё надрыўнае змаганьне йшло за сытае пахлопваньне па бруху й падстрыжаны газон пад вокнамi. Зараз, вы толькi паглядзiце, вакол нас iзноў клубяцца трывожныя прадчуваньнi, хваравiты азноб ходзiць ходырам. Баюся, гiсторыя толькi пiльнуе часу, каб iзноў разрадзiцца чарговай катастрофай у нашай няшчаснай Беларусi. I зноў будзе балюча.

 

6. Адваротны Эфэкт

 

Яшчэ адзiн фэномэн Беларускае Iдэi, якi так вiдовiшчна фантануе апошнiя гады — эфэкт Лукашэнкi. Варта было Лукашэнку прыйсьцi да ўлады, i краiна адразу апынулася ў эпiцэнтры грандыёзных постсавецкiх працэсаў. Позвы вяртаньня Iмпэрыi зла, узнаўленьня Ўсеславянскага саюзу на ўвесь голас прагучалi менавiта тут. I, нечакана для ўсiх, набылi пужаючае водгульле — ад Усходняе Эўропы да Далёкага Ўсходу.

 

Сапраўды, i гэтая гiстэрычная фантастыка на прэзыдэнцкiх выбарах, i панславiсцкае рэха, i велiзарныя псыхатропныя рэакцыi ад Берасьця да Курылаў парадаксальным чынам сьведчаць усё пра тое ж: пра незвычайную геапалiтычную й духовую сiлу Беларусi як генэратара, яе мабiлiзацыйную магутнасьць i сусьветныя маштабы.

 

Трэба аддаць кесару кесарава, Лукашэнка з самага пачатку ацанiў магiю сiлы, аб iснаваньнi якой iншыя проста не здагадвалiся. Ёсьць ад чаго здрыгануцца: мэсiянская роля Беларусi прагавораная ў ракавы двухтысячны час, i — увага! —пагроза рэальная, як заўтрашнi дзень. Пастаянна варта помнiць, што тайна Расейскай iмпэрыi заключаецца не ў маскоўскiм Крамлi, пiцерскiм Зiмнiм цi нiжагародзкiм кiрмашы. Менавiта ў нашай з вамi Беларусi вырашаецца надта ўжо многае, калi ня ўсё, i нам нiкуды ад гэтага ня дзецца.

 

КГБ тонка падабраў камэртон, на якiм рэзананс Iдэi становiцца разбуральным i выклiкае цыкляпiчныя земляўздрыгi. Усё iмгненна становiцца з ног на галаву, гiганцкiя пiрамiды рушацца, i насельнiцтва ахоплiвае павальная панiка — прыкладна так, як гэта здарылася 17 жнiўня ў Расеi. Перайначыць знак на супрацьлеглы аказалася гэтак жа проста, як перавярнуць 1999 год у страшную апакалiптычную лiчбу.

 

А мы з вамi толькi-толькi намацваем нашую ноту, трагiчную й высокую, якая павiнна ўсё расставiць па сваiх месцах. Нам трэба, чаго б гэта нi каштавала, пацэлiць у гэты iрацыянальны пункт, i выклiкаць слушны эфэкт.

 

Зрэшты, Iмпэрыя Духу, Iмпэрыя Культуры тым i розьнiцца ад любой звышдзяржавы, што транскантынэнтальныя ракеты тут замяняе трансцэндэнтальнае мысьленьне. Тут дзейнiчаюць катэгорыi, якiя не падначальваюцца законам жалезнае лёгiкi. Глябальныя эфэкты спрацоўваюць у iмя духоўнасьцi — так, як гэта неаднойчы ў сусьветнай гiсторыi дэманстравала Нацыянальная Iдэя.

 

7. Iдэя

 

Раз-пораз нават здаецца, што яшчэ сэкунда, i мы вось-вось спасьцiгнем, скрышталiзуем для сябе гэты момант iсьцiны: настолькi празрыстая яго сутнасьць, настолькi ясна паблiскваюць, граюць гранi чагосьцi iдэальна цэласнага, так працiнае — да iскрыстых сьлёзаў, да галюцынацыяў. I я ўвесь час паўтараю пра сябе: Беларусь чакае вялiкая будучыня.

 

— Беларуская Нацыянальная Iдэя — трэба памятаць: гэта iдэя пакутнай i вялiкай краiны, у якой мы маем гонар жыць, краiны, якой пастаянна балюча й якая, хутчэй за ўсё, нiколi ня стане шчасьлiвай.

 

— Беларуская Нацыянальная Iдэя — гэта iдэя Новага Запавету: Веры, Надзеi, Любовi. Не ўзбуджэньне гневу, не iнквiзыцыя супраць маскоўскае ерасi мусiць быць нашым дэвiзам. Беларусы —носьбiты ўнiкальнага, хрысьцiянскага ў сваiм прынцыпе духоўнага iмпэратыву, якi й ёсьць сэнсам нашае Iмпэрыi Культуры. Як гэта ня цяжка, нам трэба ўспрыняць, што краiна, як i чалавек, не павiнна жыць для сябе. Яе задача — даць сябе iншым, i праз гэта сьцьвярджаць сваю велiч. Прасьвятляць i настаўляць аграмадную Расею, уздымаць Усходнюю Эўропу — на нашым сумленьнi. Так павялося спрадвеку, так будзе й далей.

 

— Урэшце, Беларуская Нацыянальная Iдэя — гэта iдэя Iмпэрыi Культуры, буйнейшага духоўнага цэнтру Ўсходняе Эўропы. Гэтая краiна прызваная лучыць i вучыць увесь кантынэнт, у болях спараджаючы ўсё новыя й новыя хвалi эмiграцыяў, драмы й найвышэйшае культуры. Гэта краiна генiяльнага Мiжмоўя, дзе чыста беларускi элемэнт выконвае ролю магiчнага крышталю, люстранога пачатку каардынатаў. У яго фокусе сыходзяцца элiтарныя культуры й масавыя псыхозы паловы Эўропы. Тэлевiзiя, iнфармацыцыйныя тэхналёгii й выбух камунiкацыяў даюць нам беларускi фокусны сынтэз — той звышэфэкт, дзеля якога робiцца цяперашняя карпатлiвая праца «Народнага Альбому», «Маладога Адраджэньня» й сучаснае «Нашай Нiвы».

 

Зь беларускiх лясных шоргатаў i шэптаў, у эфiры бясконцых шумоў, у iнфармацыйным сутоньнi, з туману трэцяга тысячагодзьдзя насустрач нам узьнiкаюць абрысы гэтае аграмаднае культуровае Iмпэрыi — як гара сярод аблокаў, яна патыхае халадком абсалютнай iдэi. Масква, Варшава, Кiеў, Вiльня — толькi велiзарныя фарпосты, краевугольнае крэпасьцi яе смутнай магутнасьцi.

 

Няма й ня можа быць сумневаў: Нацыянальная Iдэя ўрэшце пераможа. Ува ўсiх абвостранае адчуваньне, што час працуе на нас. Нам ня трэба баяцца, што гэтая краiна зьнiкне з мапаў цi зробiцца калянiяльным захалусьцем. Расея, ды й нiхто iншы, ня ў сiлах зьнiшчыць анi нашую дзiўную вялiкую нацыю, анi яе цудоўную мову. У нас усё атрымаецца. Трэба толькi быць простымi й сумленнымi, ашчаднымi ў гневе й шчодрымi ў любовi; трэба шукаць, грукацца ўва ўсе дзьверы, верыць i абавязкова ўсьмiхацца.

 

* * *

 

А ў астатнiм — усё, як у Пазьняка.

Болей навін