Памяці Анатоля Тараса
Беларускія хрысціянскія дэмакраты выказваюць глыбокія спачуванні родным, блізкім, сябрам і калегам Анатоля Тараса — беларускага пісьменніка, гісторыка-папулярызатара, публіцыста і выдаўца, які адышоў у вечнасць на 83-м годзе жыцця.
Анатоль Тарас пакінуў значную спадчыну ў справе вывучэння і папулярызацыі беларускай гісторыі, вяртання беларусам памяці пра ўласную дзяржаўнасць, нацыянальных герояў і барацьбу за незалежнасць. Ягоныя кнігі і выдавецкая дзейнасць дапамагалі шырокаму колу чытачоў адкрываць тыя старонкі мінулага Беларусі, якія дзесяцігоддзямі замоўчваліся або скажаліся імперскай і савецкай прапагандай.
Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў з Анатолем Тарасам звязваў і досвед плённага супрацоўніцтва. У сакавіку 2013 года мы разам бралі ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 года на Беларусі і Кастусь Каліноўскі», прысвечанай 150-годдзю паўстання. Анатоль Тарас адкрываў канферэнцыю і выступаў з дакладам, прысвечаным ваенным аспектам паўстання. Да канферэнцыі быў выдадзены зборнік навуковых матэрыялаў, у якім побач з яго працай былі прадстаўлены даследаванні іншых беларускіх аўтараў, а прадмову напісаў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Гэта была важная супольная праца дзеля аднаўлення гістарычнай праўды, ушанавання памяці Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў, сцвярджэння беларускага погляду на ўласную гісторыю.
Анатоль Тарас паслядоўна звяртаўся да тэмаў, якія маюць прынцыповае значэнне для нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Сімвалічна, што ў апошнія гады ягонага жыцця шэраг яго кніг быў абвешчаны рэжымам Лукашэнкі «экстрэмісцкімі». Гэта яшчэ раз паказвае, наколькі важнай застаецца барацьба за гістарычную праўду і права беларусаў ведаць сваё мінулае.
Мы з удзячнасцю ўзгадваем супольную працу і ўнёсак Анатоля Тараса ў захаванне беларускай гістарычнай памяці.
Няхай міласэрны Госпад прыме яго душу ў Сваё Валадарства, а родным і блізкім дасць суцяшэнне і сілы перажыць цяжкую страту.
Вечная памяць і вечны спачын!
Беларуская хрысціянская дэмакратыя




