Дабрачынная дапамога ад БХД ахвяры тэракту Інэсе Крутой
Сябры БХД з Менску сабралі дабрачынную дапамогу адной з пацярпелых у тэракце 11 красавіка 2011 года ў менскім метро Інэсе Крутой, якая пасля тэракту не атрымлівае належнай медычнай і матэрыяльнай дапамогі ад дзяржавы.
Менскія хрысціянскія дэмакраты арганізавалі праз сацыяльныя сеткі збор рэчаў, прадуктаў і грошаў для Інэсы Крутой і наведалі яе, каб перадаць сабраную дапамогу. Пра гэта прэсавай службе БХД распавяла менская гарадская каардынатарка Марына Хоміч:
“Праз сацыяльную сетку “ўкантакце” сабралі для Інэсы Крутой зімовую вопратку, грошы, прадукты: крупы, макароны, цукар, мяса. І на гэтых выходных занеслі гэта ўсё ёй дахаты. Яна знаходзіцца ў дрэнным стане, ляжыць у ложку, ходзіць з палачкай. Ёй цяжка размаўляць.
Маці Інэсы Надзея таксама інвалідка, зараз знаходзіцца ў шпіталі, ну а бацьку ўвогуле невядома дзе трымаюць больш за 2 месяцы пад арыштам. Па апошніх звестках, ён у турме ў Жодзіна. Хаця, калі яго прызналі псіхічна неўмяняльным, дык чаму трымаюць у турме. Двайное беззаконне.”
Інэса таксама распавяла сябрам БХД жахлівую гісторыю яе лекавання і допытаў. Адразу пасля тэрактра, на другі дзень, як ёй зрабілі аперацыю на вуха, прыйшоў да яе следчы:
“А яна яго нават пачуць не магла. Тады ён адкрыў ноўтбук і пачаў торкаць у яго носам. Па словах Інэсы, ён вельмі злаваўся, але ў шпіталі крычаць не мог. Вядома, Інэса ў такіх умовах не магла падпісаць пратакол апытання, бо нічога не чула і не разумела, а пасля на судзе следчы заявіў, быццам яна адмовілася ад сустрэчы з ім. Поўнае беззаконне”, – кажа Марына Хоміч.
Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва Інэса як пацярпелая лічыць невінаватымі. Гэтым людзям не па сілах было такое зрабіць. Яе бацька Аляксандр Круты бачыў справу і меў шмат пытанняў, мусіць, менавіта таму яго і ізалявалі.
Ніякай матэрыяльнай дапамогі ад дзяржавы Інэса Крутая не атрымала, бо адмовілася падпісваць паперы, у якіх было пазначана “пабытовая траўма”. З гэтай жа прычыны ёй не могуць аплаціць бюлетэнь па месцы працы. Працаваць Інэса зараз не можа па стане здароўя. Цяпер Інэса Крутая з маці вымушаныя выжываць на невялікую пенсію маці, якая сама з’яўляецца інвалідам паводле анкалагічнага захворвання. Ды яшчэ ім трэба дасылаць пасылкі зняволенаму бацьку.
11 красавіка падчас выбуху ў метро Інэса Крутая знаходзілася за 2 метры ад выбухоўкі. У яе пашкоджаныя барабанныя перапонкі і слыхавы нерв. У целе дзяўчыны застаецца каля 40 аскепкаў, у тым ліку адзін ў воку, ёсць праблемы з каленам, а таксама з гаворкай і канцэнтрацыяй увагі. Але пасля выпіскі са шпіталя належнай медычнай дапамогі ёй не аказваюць, а скаргі на галоўурача паліклінікі засталіся без адказу.
Бацьку Інэсы, праваабаронцу Аляксандра Крутога, які выступаў прадстаўніком Інэсы ў судзе над Кавалёвым і Канавалавым і хадайнічаў пра перанос гэтага суда да часу адмены смяротнага пакарання, арыштавалі 20 верасня, на наступны дзень пасля выступу ў судзе, па абвінавачванні ў хуліганстве. Яго ўжо больш за 2 месяцы незаконна трымаюць пад адрыштам у жодзінскай турме, папярэдне прызнаўшы псіхічна бессвядомым.
Пра ўсе гэтыя беззаконні Інэса паведамляе ў сваім блогу ў “Жывым журнале”, за вядзенне якога яе таксама выклікалі ў “гутарку” у пракуратуру.