У Гарадзенскай вобласці ўтвораны аргкамітэт ушанавання памяці Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага
У Гарадзенскай вобласці быў утвораны мясцовы аргкамітэт па ўшанаванні памяці айцоў-заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі – ксяндзоў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага.
Пра гэта паведаміў абласны каардынатар аргкамітэту БХД Мікола Баўсюк. У Горадні аргкамітэт узначаліў Віктар Чарняк, у Свіслачы – Віктар Пяцельчыц, у Слоніме – Іван Бедка і літаратар Сяргей Чыгрын. Мяркуецца, што ў бліжэйшы час аргкамітэт можа быць утвораны у Ашмянах і Смаргоні.
Адно з першых запланаваных аргкамітэтам мерапрыемстваў – правядзенне абласной канферэнцыі, на якой шырокаму колу грамадскасці будуць прадстаўлены мэты і задачы аргкамітэту. “Трэба ўшаноўваць памяць нашых заснавальнікаў, трэба, каб людзі ведалі, кім яны былі і чым займаліся”, – адзначыў Мікола Баўсюк.
Нагадаем, што Нацыянальная Рада БХД 21 студзеня абвесціла ў межах БХД 2012 год годам памяці Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага. На паседжанні Нацыянальнай Рады быў створаны аргкамітэт ушанавання іх памяці, які плануе з прыцягненнем шырокай беларускай грамадскасці ініцыяваць і правесці цягам гэтага году ў Менску і іншых мясцінах Беларусі, а таксама ў Вільні і Варшаве, шматлікія мемарыяльныя мерапрыемствы.