Віталь Рымашэўскі: чаму некаторыя апазіцыйныя дзеячы выступаюць супраць спісу неўязных.
У пачатку некалькі слоў пра апошнія падзеі ў кааліцыі “шасці” і пра “сумесную” прэс-канферэнцыю 31 студзеня.
На працягу апошніх некалькіх тыдняў вялася праца над сумеснай заявай апазіцыі аб так званай “выбарчай” кампаніі 2012 года. Дэкларацыя, якую выклалі журналістам 31.01.2012 была прапанаваная да падпісання некалькі тыдняў таму сп. Мілінкевічам.
За мудрагелістымі фразамі, у прапанаваным варыянце ёсць дзве рэчы па сутнасці:
Першая: апазіцыі прапануецца разам з выканкамамі рэжыму правесці мабілізацыю беларусаў на выбары, і даюцца абяцанні зняцца.
Другая: прыхільнікаў байкоту заклікаюць не лаяць тых, хто будзе ўдзельнічаць у такім брутальным адбельванні рэжыму.
Для БХД, зразумела, удзел у падобных ініцыятывах немагчымы. Дэкларацыя патрабавала дапрацоўкі. Гэта было агучана адразу і, на працягу двух тыдняў была выпрацавана сумесная пазіцыя, яе сутнасць – у непрызнанні выбараў, нават пры ўмове прызначэння кандыдатаў ад апазіцыі, у правядзенні сумесных сустрэч з дэмакратычнымі актывістамі ва ўсіх рэгіёнах краіны і выпрацоўкі агульнага фармату правядзення кампаніі 2012 года.
Адначасова планавалася правядзенне сумеснай інфармацыйнай кампаніі пра сітуацыю з палітвязнямі і аб агульных патрабаваннях да ўладаў.
Тэкст быў прыняты на сустрэчах аднагалосна, без усялякіх заўваг з боку Руху ці “Гавары праўду”. Гэты тэкст і было дамоўлена агучыць на сумеснай прэс-канферэнцыі. Аднак перад самым пачаткам прэс-канферэнцыі была раздадзена журналістам ранейшая прапанова “Руху”. Нікога з прадстаўнікоў БХД не паставілі ў вядомасць загадзя.
Навошта было тады прадстаўляць журналістам прэс-канферэнцыю як сумесную ад “кааліцыі шасці”, калі было загадзя вядома, што не ўсе яе падпішуць?
Любы варыянт пагаднення можна падпісаць абсалютна спакойна з тымі арганізацыямі, якія былі згодныя. Што і было зроблена ў пятніцу, 2 лютага, на сядзібе БНФ. Усе жадаючыя і падпісалі мемарандум аб пачатку мабілізацыйнай кампаніі электарату на “выбары”.
Адказ толькі адзін – дыскрэдытаваць і разваліць кааліцыю.
Але каму ж можа перашкодзіць такая “дружная” каманда?
Складана даць больш дакладную ацэнку эфектыўнасці працы кааліцыі ў Беларусі, чым гэта зрабіла Святлана Калінкіна і Ірына Халіп у сваіх апошніх публікацыях.
Але ёсць яшчэ адзін бок працы кааліцыі – міжнародны. Тут сітуацыя выглядае некалькі інакш.
Нагадаю, што ўдалося зрабіць за 2011 год
– Даць сумесную ацэнку падзеям 19 сьнежня 2010 г як правакацыі з боку беларускіх уладаў (адзнака таго, што адбылося беларускімі дэмакратычнымі сіламі, безумоўна, прымалася пад увагу ўсёй міжнароднай супольнасцю пры ацэнцы сітуацыі ў Беларусі)
– Узгадніць агульнае стаўленне да супрацоўніцтва Захаду з рэжымам (а менавіта – ніякай фінансавай дапамогі пры наяўнасці палітвязняў і адсутнасці свабодных выбараў.)
– Узгадніць агульны спіс палітвязняў і разам патрабаваць іх вызвалення
(Поўныя тэксты дакументаў можна паглядзець тут).
Дастаткова праглядзець архіў навін за 2010 – люты 2012, каб успомніць аб тым, што многія апазіцыянеры абвінавачвалі ў падзеях 19 снежня каго заўгодна – Расію, кандыдатаў у Прэзідэнты, але толькі не ўладу. Многія былі за працяг прадастаўлення фінансавай дапамогі рэжыму пры наяўнасці палітвязняў і масавых рэпрэсіях.
Пасля падпісання сумесных дакументаў “шасцёркай”, большасць сустрэч з заходнімі палітыкамі ў апошнія паўгода праходзіла менавіта ў рамках кааліцыі. Акрамя таго, часта запрашаліся на сустрэчы і сваякі палітвязняў. Такі адкрыты фармат вельмі ўскладняе задачу лабіравання інтарэсаў рэжыму, бо выказванні палітыкаў могуць стаць вядомымі ў Беларусі.
Значна прасцей ездзіць па Еўропе аднаму, прадстаўляць усю апазіцыю, абараняць ўладу, і пры гэтым для прэсы рабіць заявы аб падтрымцы палітвязняў.
Развал кааліцыі вырашае для ўлады 2 задачы:
Па-першае – апазіцыя кампраметуе сябе скандаламі і разборкамі адзін з адным. Гэтым самым у галоўным палітычным пытанні – барацьбе за палітычную падтрымку з боку беларусаў, рэжыму забяспечваецца магчымасць зноў набраць ачкі сабе і чарговы раз паспрабаваць стварыць падкантрольную “канструктыўную” апазіцыю або, як варыянт, “трэцюю сілу”, за якой пойдзе апазіцыйны электарат.
Па-другое – адсутнасць сумеснай пазіцыі, а адпаведна, і сумеснага паслання Захаду дазваляе лабістам рэжыму вярнуцца да сваёй ранейшай працы – употай ад беларусаў прадстаўляць усю дэмакратычную супольнасць на Захадзе, лабіраваць інтарэсы рэжыму.
Апошнія ініцыятывы офіса “За дэмакратычную Беларусь” – толькі адзін з прыкладаў такой працы.
Вось некаторыя імёны, якія група беларускіх палітыкаў баіцца агучыць у СМІ. – Гэтых людзей прапануецца выключыць са спісу неўязных у ЕС:
Акрамя тых, што ўжо былі агучаны, гэта Фармагей Леанід Канстанцінавіч, былы начальнік ГУУС Мінгарвыканкама, Гардзіенка Сяргей Аляксандравіч, намеснік галоўнага рэдактара “Савецкай Беларусі”, Тарапецкая Галіна Міхайлаўна, намеснік рэдактара “Савецкай Беларусі”,. Шадрына Ганна Станіславаўна, намеснік рэдактара “Савецкай Беларусі”, Гігін Вадзім, галоўны рэдактар штомесячнага часопіса “Беларуская думка”. Рэктары: Абламейка Сяргей Уладзіміравіч, рэктар БДУ, Кухарчык Пётр Дзмітрыевіч – рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта; Батура Міхаіл Паўлавіч – рэктар БДУІР; Часноўскі Мечыслаў Эдвардавіч – рэктар Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта …
Лічу вельмі няправільным ўсю віну ўскладаць на Вольгу Стужынскую. Ізноў вінаватым будзе “стрэлачнік”. Сам “Офіс за дэмакратычную Беларусь” нічога не вырашае, а Вольга Стужынская і яе структура выконваюць запыты беларускай апазіцыі. За спінай гэтай дзяўчыны хаваюцца вядомыя мужчыны з ліку дзеячаў беларускай дэмакратычнай супольнасці. Некаторыя ўжо паспелі адхрысціцца ад паплечніцы. Толькі Мельянцоў (БІСС) і Янукевіч (БНФ) адважыліся падаць слабы голас (не прызнання, вядома, у саўдзеле), а проста ў падтрымку пазіцыі перагляду спісу.
Можна, развальваючы кааліцыю і працуючы на рэжым, выстаўляць кагосьці іншага (у дадзеным выпадку БХД) як вінаватых расколу, рэалізуючы “супергеніяльныя” планы падмены дакументаў перад прэс-канферэнцыямі. Можна “заставацца не пры чым”, пасылаючы на правакацыі шасцёрак са сваёй арганізацыі. Можна святкаваць як вялікую перамогу ў барацьбе за дэмакратыю спробу выспятка ад героя апазіцыі ў мой адрас.
Я хачу нагадаць дэмакратычным дзеячам аб адным: пасля 19 снежня 2010 года ў турме КДБ апынуліся не толькі крытыкі рэжыму, але і прыхільнікі “канструктыўнай” працы. Калі б не цвёрдая пазіцыя Захаду, супраць якой яны сёння выступаюць, то не было б нават такіх (не) залежных СМІ і немагчымая была б рэгістрацыя ў Беларусі нават такой арганізацыі як офіс Вольгі Стужынскай.
Што ж тычыцца няўдалай спробы справакаваць бойку і асвятлення гэтай падзеі ў СМІ: за час майго “умоўнага” вызвалення такіх спробаў было некалькі – пры сустрэчах з членамі БХД у кафэ, у двары дома. Былі выпадкі, калі нават на службе ў царкве людзі нападпітку ў цывільным спрабавалі прыставаць да маёй двухгадовай дачкі. Я запэўніваю, што абсалютна сур’ёзна ўспрымаю пагрозы ў адрас маёй сям’і і мяне асабіста з боку іх гаспадароў. У параўнанні з усім гэтым, правакацыя на офісе “Руху за свабоду” выглядае досыць бяскрыўднай і няшчаснай.
Калі ж шасцёркі рэжыму думаюць, што могуць зняважыць мяне падобнымі публікацыямі ў прэсе, – наіўныя надзеі.
Я разумею і дарую Дынько (“Наша Ніва”) за яго брутальныя матэрыялы – досыць прадказальна. Не адбыўся артыкул “аб збіцці няшчаснага Ф. жахлівым Віталём Рымашэўскім” – ну хай людзі парадуюць сябе хоць бы матэрыяламі пра выспяткі …