23 лютага. Што святкуем? (Для тых, хто пакуль яшчэ цвярозы)

23 лютага 2012 12:24  |  Галоўныя навіны

Дык што ж мы святкуем 23 лютага? Для большасці беларусаў 23 лютага, хутчэй, проста нейкае «свята ўсіх мужчын», аналаг 8 Сакавіка. Але ў кожнага свя

та ёсць гісторыя, без якой не было б свята. У кожнага народа павінна быць гістарычная памяць, без якой няма народа. З набору святаў, якія адзначаюцца, з набору шанаваных нацыянальных герояў складаюцца прынцыпы, паводле якіх існуе нацыя.

Афіцыйна: 23 лютага – Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

У СССР у школьных падручніках быў малюнак «Нараджэнне Чырвонай арміі (першы бой з немцамі пад Псковам, 23 лютага 1918 г.)». Свята было ўстаноўленае ў СССР у 1922 годзе як Дзень Чырвонай арміі і Флоту. З 1949 да 1993 г. насіла назву «Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога флоту». У «Кароткім курсе гісторыі ВКП (б)» сцвярджалася, што менавіта 23 лютага 1918 года маладая Чырвоная Армія нанесла паразу нямецкім войскам у баях пад Нарвай і Псковам.

Задумацца пра значэнне. Пра сапраўдную гісторыю свята пагаворым крыху пазней. Нашмат важней падумаць пра значэнне святкавання 23 лютага для беларусаў і Беларусі.

23 лютага 1918 г. мае дачыненне да Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь толькі ў адным выпадку – калі гэтыя сілы прызнаюцца гістарычным працягам і спадчыннікамі Чырвонай Арміі.

Чым жа была гэтая армія і яе перамогі для беларусаў?

Перамогі Чырвонай Арміі былі афарбаваныя крывёй сотняў тысяч беларусаў, рэпрэсаваных ОГПУ-НКВД-МГБ, расстраляных у Курапатах і памерлых у шматлікіх сталінскіх канцэнтрацыйных лагерах. Усяго ад рэпрэсій пацярпела 600-700 тысяч жыхароў Беларусі («Гiсторыя Беларусi», 2 частка. Пад рэдакцыяй прафесараў Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля, выд. «Універсітэцкае», 1998 г., ст.158).

Гісторыкі сцвярджаюць, што ў Беларусі з прыходам Чырвонай Арміі расстралялі ці выслалі ў канцлагеры 90% беларускіх літаратараў (больш за 500 чалавек), 100% святароў (3000), кожнага трэцяга настаўніка (4000).

Першая хваля масавых рэпрэсій пачалася ў 1919-м з падаўлення беларускага супраціву Чырвонай арміі і народных антыбальшавіцкіх паўстанняў. З таго часу не засталося дакументаў, шматлікія рэпрэсаваныя да гэтага часу не рэабілітаваныя.

Другая хваля рэпрэсій была ў 1929 годзе, трэцяя – у 1933-м, чацвёртая і самая масавая – у перыяд 1936-1938 гадоў. Пяты перыяд – 1939 год, калі Чырвоная армія ўвайшла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Былі таксама хвалі арыштаў у 1944-м, калі савецкая армія вярнулася ў Беларусь, у 1947 і 1952 гадах.

Затым быў перыяд праўлення Хрушчова і хрушчоўскія ганенні, якія асаблівы акцэнт рабілі на вернікаў. (Паводле дадзеных Маскоўскага Свята-Ціханоўскага праваслаўнага універсітэта, больш за 90 тысяч хрысціянаў у Савецкім саюзе былі забітыя за веру. Больш за тысячу новамучанікаў кананізаваныя царквой у наш час.)

Беларуская гісторыя без цэнзуры:

Антыбальшавіцкія паўстаньні і Партызанская Барацьбіт на Беларусі

Рэпрэсіўная палітыка савецкай улады ў Беларусі

Атрымліваецца, што цяпер наша краіна адзначае дзень заснавання той арміі, якая прынесла ў Беларусь смерць і канцэнтрацыйныя лагеры, якая пад кіраўніцтвам Тухачэўскага труціла сялян газамі, марыла людзей голадам.

Гістарычныя факты: 23 лютага – дзень капітуляцыі Чырвонай (Савецкай) Арміі ў Першай сусветнай вайне.

На самой справе ніякіх перамог створаная бальшавікамі армія ў гэты дзень не атрымала.

18 лютага 1918 года, нягледзячы на перамовы, якія ідуць у гэты час ў Берасці, нямецкае камандаванне пачало наступ па ўсім ўсходнім фронце.

Што адбывалася 23 лютага 1918 г. у Беларусі:

Пачынаючы з 18 лютага 1918 года часткі «Расійскай рэвалюцыйнай арміі» на тэрыторыі Беларусі ў паніцы збеглі ад наступу нямецкіх войскаў, рабуючы па шляху вёскі і панскія маёнткі. 21 лютага 1918 г. першы нямецкі эшалон прыбыў у Мінск. 25 лютага немцы занялі Барысаў. Перад гэтым з Мінска ў Смаленск збегла бальшавіцкае кіраўніцтва Заходняга фронту на чале з А.Мясніковым. У гэтыя дні ніякіх баёў з нямецкімі войскамі на тэрыторыі Беларусі не адбывалася.

23 люты 1918 года з Петраграда пад Нарву супраць наступу нямецкіх войск быў накіраваны атрад у 1000 штыкоў пад камандаваннем народнага камісара па марскіх справах Дыбенкі. Пасля кароткага сутыкнення пад Ямбургам атрад Дыбенкі быў разгромлены і панічна збег з пазіцый. 3 сакавіка Дыбенка і яго матросы адмовіліся ад сумеснага з часткамі салдат контрнаступу на Нарву. Яны пакінулі пазіцыі і беглі за 120 км ад лініі фронту. Па шляху ў тыл атрад захапіў на чыгуначных шляхах цыстэрны са спіртам. Можна меркаваць, што гэтым спіртам і быў упершыню адзначаны «дзень нараджэння Чырвонай арміі».

За здачу Нарвы, ўцёкі з пазіцый, адмову падпарадкоўвацца камандаванню, за развал дысцыпліны і заахвочванне п’янства ў баявой абстаноўцы і за злачынствы на пасадзе Дыбенка быў адхілены ад камандавання флотам і выключаны з партыі.

У газеце «Праўда» за 25 лютага 1918 года Ленін так выказаўся з нагоды здачы Нарвы: «Гэты тыдзень з’яўляецца для партыі і ўсяго савецкага народа горкім, крыўдным, цяжкім урокам … Пакутліва-ганебныя паведамленні аб адмове палкоў захоўваць пазіцыі, аб адмове абараняць нават нарўскую лінію, аб невыкананні загаду знішчыць усё і ўся пры адступленні; не кажучы ўжо пра ўцёкі, хаос, блізарукасць, бездапаможнасць, разгільдзяйства … ».

З гэтай знішчальнай «перамогі» і пачалося нараджэнне Чырвонай (Савецкай) Арміі, а 23 лютага стала святам, якое большасць насельніцтва Беларусі адзначае сёння.

23 лютага 1918 г. у Петраградзе адбылося пасяджэнне ЦК РСДРП (б) па пытанні аб прад’яўленым германскім камандаваннем ультыматуме. Большасць прагаласавала за «неадкладнае падпісанне германскіх умоваў». І ў тую ж ноч УЦВК і СНК РСФСР паведамілі пра гэта германскаму ўраду. Бальшавікі не перамаглі немцаў, а капітулявалі перад імі.

Валерыя Навадворская піша: «Змест свята для савецкага народа ніколі не быў вызначальным, галоўнае было – змест бутэлькі і наяўнасьць закускі».

Увогуле, варта прызнаць, што сутнасць свята для савецкага народа на працягу амаль ста гадоў заставалася нязменнай – кожны год 23 лютага на тэрыторыі былога Савецкага Саюза выпіваецца не адна цыстэрна спірту, і большасць «абаронцаў айчыны» адзначаюць гэтае свята ў духу і кандыцыі савецкіх маракоў атрада Дыбенкі 1918 года.

У рэпрэсіях 20-50-х гадоў ёсць яшчэ адзін аспект – пад ціскам спецслужбаў дзяцей прымушалі адмаўляцца ад бацькоў, бацькоў – ад дзяцей. Ад ахвяр дамагаліся глыбокай пашаны да катаў. Гэта датычыцца як асобных людзей, сем’яў, так і народаў, нацый. Выхаванне нацыі рабоў, нацыі Паўлікаў Марозавых было адной з галоўных задач савецкага рэжыму.

А што наконт рэжыму беларускага?

Беларускія ўлады не толькі спрабуюць захаваць савецкія святы, аднаўляюць помнікі савецкім правадырам. Яны да гэтага часу актыўна супрацьдзейнічаюць выяўленню новых фактаў зверстваў камуністаў, спрабуюць змоўчаць пра ахвяры, ліквідаваць сведчанні.

Толькі адзін з прыкладаў: у горадзе Гародні КДБ параіў мясцовым клірыкам БПЦ МП прыбраць іконы новамучанікаў, на якіх чырвонаармейцы выяўленыя катамі з вінтоўкамі, з гарадскога сабора.

Хто баіцца абразоў? Для праваслаўных адказ вядомы і відавочны …

 

Святар Паўлін, архіепіскап Магілёўскі

23 лютага.  Што святкуем? (Для тых, хто пакуль яшчэ цвярозы)



Сістэма каштоўнасцяў дзяржавы – вытворная ад сістэмы каштоўнасцяў грамадства. Саўдзел ці барацьба – не толькі пытанне ўдзелу ў акцыях пратэсту ці апазіцыйных арганізацыях; гэта, перш за ўсё, штодзённы выбар дзеянняў і матывацый для кожнага з нас.

Для тых, хто не ўдзельнічае ў масавым «свяце» беспамяцтва, 23 лютага – таксама памятная дата.

Не выпадкова сёння, 23 лютага, Праваслаўная царква святкуе памяць двух беларусаў – навамучанікаў: Валяр’яна (Навіцкага) і Пятра (Грудзінскага).

Дзень праслаўленьня святога – гэта заўсёды дзень смерці, а не нараджэння. Смерць святых – вынік і сведчанне іх жыцця, дзень Перамогі над смерцю і над уладай зла ў гэтым свеце.

Болей навін