Дзяніса Садоўскага арыштавалі на 10 сутак

29 жніўня 2012 08:48  |  Галоўныя навіны

Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі засуджаны на 10 сутак адміністратыўнага арышту быццам бы па абвінавачванні ў дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП РБ) і позна ўвечары 28 жніўня пераведзены ў  ЦІП на Акрэсціна. Што насамрэч з’явілася падставай для яго арышту, дагэтуль невядома.

 

Сябры БХД увесь дзень 28 жніўня спрабавалі дазнацца ў міліцыі і ў судзе Фрунзенскага раёна Менска пра месцазнаходжанне і абставіны затрымання Дзяніса Садоўскага. Ягоны тэлефон не быў адключаны, але ніхто не здымаў слухалку. Пасля неаднаразовых тэлефанавання ў розныя міліцэйскія інстанцыі і пагрозаў публічна заявіць пра знікненне і магчымае гвалтоўнае выкраданне чалавека атрымалася высветліць, што Садоўскага трымалі ў Фрунзенскім райаддзеле міліцыі, а ў другой палове дня павезлі ў Фрунзенскі суд Менска.

 

Але калі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі разам з паплечнікамі прыехалі ў суд, Дзяніса там ужо не было. У судзе Фрунзенскага раёна суддзя Дзмітрый Лукашэвіч заявіў, што суд над Садоўскім ужо адбыўся, але адмовіўся паведаміць прысуд і месца знаходжання асуджанага. У ізалятары на Акрэсціна сябрам БХД ў грубай форме адказалі, што такога зняволенага ў іх няма, і адпаведна не ўзялі перадачу для яго.

 

Адмовіліся даць інфармацыю пра мужа нават жонцы Дзяніса Таццяне, якая прыехала ў Фрунзенскі РУУС з двума іх няпоўнагадовымі дзецьмі. Хаця на яе мабільны тэлефон прыйшло СМС-паведамленьне з мабільніка Дзяніса, што ён нібыта, атрымаў 10 сутак арышту і знаходзіцца менавіта на Акрэсціна. Не выключана, што гэтае СМС маглі адправіць супрацоўнікі сілавых органаў.

 

Толькі позна ўвечары сябрам БХД удалося высветліць, што Дзяніс Садоўскі знаходзіўся ў міліцыі і пасля прысуду, нібыта чакаючы нейкіх судовых дакументаў, а затым быў такі перавезены ў ізалятар на Акрэсціна. Жонка Дзяніса Тацяна Усіновіч напісала заяву кіраўніцтву Фрунзенскага РУУС, у якой абскардзіла дзеянні міліцыянтаў.

Нагадаем, што з 10-00 аўторка 28 жніўня з Дзянісам Садоўскім  не было сувязі. Ён павінен быў везьці наклад партыйнага бюлетэня “Крыніца” з інфармацыяй пра байкот выбараў, які быў падрыхтаваны адмыслова для Нацыянальнай Рады БХД, запланаванай на 1 верасня.

Болей навін