Абмеркаванне праекту абноўленай праграмы БХД. ЭКАНОМІКА, БІЗНЭС І ПРАЦА
9. ЭКАНОМІКА, Бізнэс
і праца
9.1. Сацыяльная
рынкавая эканоміка і субсідыярнасць
9.1.1. БХД з’яўляецца партыяй, якая прапануе беларускаму
народу эканамічную мадэль сацыяльнай рынкавай эканомікі. Мы лічым, што яна з’яўляецца
найбольш эфектыўнай мадэллю, паспяхова рэалізаванай у пасляваеннай ФРГ і
посткамуністычнай Польшчы. Мадэль эфектыўна працуе як у пераходны перыяд, так і
на наступным этапе эканамічнага развіцця. БХД адхіляе камандную эканоміку, у
якой дзяржава выконвае функцыі прыватнага бізнэсу, як неэфектыўную і прыгнятаючую
свабоду і годнасць чалавека.
9.1.2. У той жа час, БХД не з’яўляецца прыхільніцай
поўнага лібералізму ў эканоміцы, стыхійнага рынку, у якім дзяржава
абмяжоўваецца роляй заканадаўца і збіральніка падаткаў, паколькі гэта
прыводзіць да відавочнай няроўнасці і іншых сацыяльных праблем.
9.1.3. Сацыяльная рынкавая эканоміка зыходзіць з таго,
што асобны чалавек з’яўляецца тварэннем Божым і яго годнасць з’яўляецца
недатыкальнай. Сацыяльная рынкавая эканоміка з’яўляецца ладам, пры якім
свабода, салідарнасць і справядлівасць дапаўняюць адна адну.
9.1.4. Кіруючым прынцыпам ў грамадстве ў цэлым і ў
эканоміцы, у прыватнасці, павінен быць прынцып субсідыярнасці. У дачыненні да
грамадства субсідыярнасць азначае дапаўняючае актыўнае ўмяшальніцтва ў мэтах
дапамогі з боку вялікіх сацыяльных утварэнняў, такіх як дзяржава і іншых
грамадскіх інстытутаў на карысць асобных людзей і меншых жыццёвых сфер. Падобна
да таго, як індывіда нельга пазбаўляць ініцыятывы і даваць грамадству рабіць
тое, што ён можа рабіць па ўласнай ініцыятыве і сваімі сіламі, гэтак жа
парушаецца справядлівасць, калі тое, што могуць зрабіць больш дробныя
супольнасці, бяруць на сябе вялікія супольнасці. Да таго ж гэта надзвычай
нявыгадна і заблытвае ўвесь грамадскі лад. Чым лепш вытрымліваецца паслядоўнасць
розных грамадскіх працэсаў шляхам строгага выканання прынцыпа субсідыярнасці,
тым мацнейшая грамадская ўлада і сіла ўздзеяння грамадства, і тым больш паспяхова
ідуць справы ў грамадстве. Дзейнасць грамадства ў гэтым выпадку дапаўняе
дзейнасць індывіда, сям’і, прафесійнай групы.
9.1.5. Сацыяльная рынкавая эканоміка чэрпае сваю сілу з
таго, што свабода і адказнасць, канкурэнцыя і салідарнасць ўтвараюць адзінства
і падтрымліваюць адзін аднаго. Яна з’яўляецца непадзельным спалучэннем вольнага
эканамічнага і салідарнага сацыяльнага ладу. Сацыяльная рынкавая эканоміка з’яўляецца
сацыяльнай, таму што яна дае людзям магчымасць жыць у адпаведнасці са сваім
прызначэннем да самастойнасці і самому клапаціцца пра сябе і пра сваіх блізкіх.
Яна з’яўляецца сацыяльнай, таму што вядзе сілы індывіда да грамадскага
ўзаемадзеяння. Яна з’яўляецца сацыяльнай, таму што робіць эканамічна магчымай
салідарнасць, на якой грунтуюцца арганізаваныя дзяржавай сістэмы сацыяльнай
абароны. Сацыяльная рынкавая эканоміка робіць магчымым для ўсіх дабрабыт і
бяспеку. Сацыяльная рынкавая эканоміка азначае саўдзел таксама для тых, хто не
можа ўласнымі сіламі дасягнуць адпаведнага жыццёвага ўзроўню. Так яна
ажыццяўляе сацыяльную справядлівасць.
9.2. Канкурэнтны
эканамічны парадак
9.2.1. Сацыяльная рынкавая эканоміка з’яўляецца ладам
канкурэнтнага парадку. Гэты парадак закліканы забяспечыць канкурэнцыю ўсюды,
дзе яна магчыма, ажыццяўляючы рэгуляванне там, дзе гэта неабходна. Дзяржава
мусіць забяспечыць рэалізацыю прынцыпаў канкурэнтнага эканамічнага парадку, канстытуючымі
прынцыпамі якога з’яўляюцца:
-цэнавы механізм, які спраўна працуе на ўсіх шматлікіх рынках
у нацыянальнай эканоміцы;
-стабільнасць пакупной здольнасці грошай;
-адкрытыя рынкі, прыватная ўласнасць як дамінуючая форма
ўласнасці ў эканоміцы, эканамічная адказнасць гаспадарчых суб’ектаў за вынікі
сваёй дзейнасці;
-нязменнасць эканамічнай палітыкі, якая стварае спрыяльныя
магчымасці для інвестыцыяў у эканоміку і прытоку капіталу, адзінства і
комплекснае прымяненне вышэйназваных прынцыпаў.
9.2.2. Рэгулюючымі прынцыпамі канкурэнтнага эканамічнага
парадку з’яўляюцца кантроль за дзейнасцю натуральных манаполіяў і антыманапольная
палітыка ў іншых галінах, барацьба з нядобрасумленнай канкурэнцыяй, палітыка ў
галіне даходаў, мэтай якой з’яўляецца памяншэнне няроўнасці матэрыяльных шанцаў
грамадзян Беларусі.
9.2.3. Канкурэнцыя з’яўляецца важнай умовай для надзейнай
абароны спажыўца, паколькі любая манапалізацыя, якая абмяжоўвае канкурэнцыю,
абмяжоўвае разнастайнасць і свабоду выбару спажыўцоў. Правы спажыўцоў з’яўляюцца
грамадзянскімі правамі, таму абарона спажыўца з’яўляецца надзённай палітычнай
задачай. Яна павінна быць часткай шырокай спажывецкай палітыкі, якая шукае
раўнавагу паміж інтарэсамі спажыўцоў і эканомікі для таго, каб забяспечыць у
Беларусі высокую ступень якасці жыцця.
9.2.4. Надзейная, шырокая і дзелавая інфармацыя аб
прадуктах і іх якасці робіць магчымым адказныя спажывецкія паводзіны. Абарона
спажыўца – гэта справа не толькі дзяржавы, яна залежыць таксама ад удзелу і
адказнасці вытворцаў, перапрацоўшчыкаў, гандлюючых прадпрыемстваў і спажыўцоў.
БХД не вітае аніякага кіравання спажываннем з боку дзяржавы.
9.3. Аснова новай эканомікі Беларусі
9.3.1. Беларусь ІІІ тысячагоддзя бачыцца нам як сэрвісны
, фінансавы, тэхналагічны, навуковы інфармацыйны цэнтр рэгіянальнага ўзрозню на
ключавым геапалітычным скрыжаванні. Інфраструктура транзытных шляхоў,
лагістычных цэнтраў, індустрыя гасціннага абслугоўвання, турызму і адпачынку; сфера
банкаўскага капіталу і высакаякаснай тэхналагічнай зборкі мусяць стаць асновай
эканомікі Беларусі. Інфармацыйныя тэхналогіі, электроніка і бытавая эхніка,
інавацыі, легкая прамысловасць і харчаванне у перспектыве здольныя ператварыцца
ў візытоўку нашай краіны.
9.3.2. Працавітае, адукаванае, гасціннае і руплівае
насельніцтва Беларусі – ідэальныя удзельнікі еўрапейскага рынку паслуг і
інфармацыйных тэхналогіяў. Транзытны сэрвіс, абслугоўванне фінансавых,
навукова-тэхнічных патокаў паміж Еўропай і Азіяй, Балтыйскім і Чарнаморскім
рэгіёнамі, інфармацыйная індустрыя і сфера турызму – магістральны шлях развіцця
беларускай эканомікі.
9.3.3. БХД – за стварэнне эфэктыўнай рынкавай эканомікі,
якая б дазваляла напоўніцу, развіваць
вытворчыя сілы народу і адначасова захоўвала б сацыяльную раўнавагу у грамадстве. Прынцып вольнага рынку i вядучая роля ў iм прыватнае уласнасці не павінныя
супярэчыць дзяржаўнаму рэгуляванню стратэгічных галінаў гаспадаркі, якія
фармуюць эканамічную бяспеку краіны: энэргетыка,
камунальная сыстэма, транспарт, структураўтваральныя
прадпрыемствы.
9.3.4. Эканамічная мадэль БХД абапіраецца на развіццё ўнутранага попыту як
галоўнага фактару дыверсіфікавання і мадэрнізацыі эканомікі, росту айчыннай
вытворчасці. Галоўным стымулам росту нашай эканомікі павінны стаць не нізкі
кошт працы, а высокія прыбыткі грамадзян. Па прынцыпе: “Заможныя людзі – высокі
спажывецкі і прамысловы попыт – развітая айчынная вытворчасць – моцная эканоміка
– заможныя людзі”.
9.3.5. Зыходным пунктам будаўніцтва
канкурэнтнага рынкавага парадку, і гэта асабліва важна для Беларусі, з’яўляецца
забеспячэнне стабільнасці пакупной здольнасці грошай. У Беларусі павінна быць
уведзена нацыянальная валюта (талер), якая ў поўнай меры будзе выконваць
функцыі меры кошту, сродка звароту і сродка назапашвання. Нестабільнасць
нацыянальнай валюты, якая існуе ў Беларусі ўжо больш за 20 гадоў, не дазваляе
ёй эфектыўна выконваць функцыю меры кошту, якую па-ранейшаму выконвае даляр ЗША.
Пасля ўвядзення новай валюты Нацыянальны банк павінен праводзіць грашова-крэдытную
палітыку, накіраваную на ўтрыманне тэмпу інфляцыі ў межах 3% у год. Гэта
створыць неабходныя спрыяльныя ўмовы для працы рынкаў і ўсіх суб’ектаў
гаспадарання.
9.4. Прыватная ўласнасць
9.4.1. Прыватная ўласнасць павінна стаць дамінуючай
формай уласнасці ў эканоміцы. Гэта павінна адбыцца ў ходзе транспарэнтнай і
справядлівай прыватызацыі часткі дзяржаўных прадпрыемстваў (за выключэннем тых,
якія вырабляюць прадукцыю абароннага прызначэння, прадпрыемстваў чыгуначнага
транспарту, трубаправодаў, газасховішчаў, прадпрыемстваў, якія здабываюць
стратэгічна важную для Беларусі калійную соль, іншых вытворчасцяў, якія маюць
асаблівую важнасць для краіны, прадпрыемстваў, якія вырабляюць алкагольныя
напоі і тытунёвую прадукцыю).
9.4.2. БХД зыходзіць з таго, што прыватная ўласнасць з’яўляецца
элементам, які забяспечвае ў рынкавай эканоміцы прыняцце гнуткіх
дэцэнтралізаваных рашэнняў, асабліва ў галіне інвестыцыяў. Больш за тое, прыватная
ўласнасць з’яўляецца умовай рэалізацыі свабоды індывіда. Калі ў грамадстве
пануе калектыўная ўласнасць на сродкі вытворчасці, тады усталёўваецца панаванне
над індывідам эканамічнай улады, якая, карыстаючыся сваёй магутнасцю,
абмяжоўвае яго свабоду. У выніку індывід ў межах сацыяльнага парадку мае слабую
і несамастойную пазіцыю.
9.4.3. Прыватная ўласнасць гарантуе чалавеку незалежнасць,
свабоду і самастойнасць. Прыватная ўласнасць знаходзіцца, такім чынам, у цеснай
сувязі з асабістай годнасцю і асабістымі правамі чалавека. Прыватная ўласнасць
служыць выразнаму вылучэнню і размежаванню кампетэнцыяў і сфер адказнасці ў
эканоміцы. Яна адпавядае патрэбнасці чалавека ў бяспецы і клопаце, што
перадусім мае значэнне для сям’і.
9.4.4. Для ладу, заснаванага на прыватнай уласнасці,
характэрны актыўны эканамічны абмен, які злучае адну з адной галіны эканомікі і
народы на мірнай і добраахвотнай аснове, а не афіцыйна праз службовых асоб.
Прыватная ўласнасць дае магчымасць людзям рабіць дабро іншым, самааддана
дапамагаючы ім. Дзяржаўная апека дзейнічае халодна і абыякава. У той час як
прыватная ўласнасць служыць выразнай дыферэнцыяцыі кампетэнцыяў і сфер
адказнасці ў эканоміцы, агульнасць маёмасці вядзе да беспарадку і няяснасці. Пры
магутным апараце кіравання вытворчасцю сучаснай эканомікі агульнасць маёмасці
азначае перадусім велізарную канцэнтрацыю ўлады, якая можа выклікаць
непераадольныя спакусы злоўжывання уладай.
9.5. Свабоднае
прадпрымальніцтва як умова сацыяльнай рынкавай эканомікі
9.5.1. Прадпрымальнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў са
сваёй крэатыўнасцю і гатоўнасцю да дасягненняў уяўляюць сабой апору сацыяльнай
рынкавай эканомікі. Для поспеху Беларусі важна, каб яе мужчыны і жанчыны былі
гатовыя засноўваць прадпрыемствы і браць на сябе рызыкі. Усё грамадства мае выгаду
ад прадпрыемстваў, якія працуюць прадуктыўна і дамагаюцца прыбытку. Імкненне да
прыбытку служыць забеспячэнню і працягу развіцця прадпрыемства і, тым самым,
выкананню грамадскіх задач.
9.5.2. БХД прызнае сябе прыхільніцай свабоднага
прадпрымальніцтва, якое нясе сацыяльную адказнасць. Прадпрымальнікі і кіраўнікі
прадпрыемстваў ствараюць надзейныя ў будучым працоўныя месцы і сваёй рэпутацыяй
і сваёй культурнай ідэнтычнасцю фармуюць таксама імідж Беларусі ў свеце.
Прадпрымальнікам для паспяховай дзейнасці патрэбна вольная прастора, а таксама
прыдатныя рамачныя ўмовы і стымулы. Пры гэтым развіццё прадпрыемства павінна
адбівацца на яго фінансавай сітуацыі або на кіраўніку прадпрыемства.
9.5.3. Хто дзейнічае як прадпрымальнік, той бярэ на сябе
адказнасць. Гэта датычыцца дзелавых і грамадскіх адносін, навакольнага асяроддзя
і будучых пакаленняў і зусім непасрэдна да супрацоўнікаў і іх сем’яў. Гэта
прадугледжвае таксама падтрыманне роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі (прынцып
роўнай аплаты за роўную працу). Дальнабачныя прадпрыемствы ведаюць, што гэта ў
іх жа ўласных інтарэсах. Узорам сацыяльнай рынкавай эканомікі з’яўляецца адказны
ўласнік-прадпрымальнік.
9.6. Наёмныя
работнікі
9.6.1. Для наёмных мэнэджараў ў Беларусі павінна быць
ўзмоцнена асабістая адказнасць. Наёмныя работнікі, таксама як і
прадпрымальнікі, сваёй працай, працаздольнасцю і гатоўнасцю працаваць значна
спрыяюць поспеху прадпрыемстваў, народнай гаспадаркі ў цэлым і, тым самым,
дабрабыту і развіццю нашай краіны. Такім чынам, яны ўносяць адначасова значны
ўклад у забеспячэнне свайго існавання і існавання сваіх родных. Прадпрыемствам
патрэбны добра адукаваныя, крэатыўныя і матываваныя супрацоўнікі, каб здолець
дамагчыся поспеху.
9.6.2. Наёмным работнікам патрэбны магчымасці для ўдзелу,
адказнасць і свабода дзеянняў, каб здолець шырока і паспяхова раскрыць свае
здольнасці. Адукацыя і павышэнне кваліфікацыі гарантуюць ім большыя магчымасці
для занятасці і працаздольнасці. Адначасова наёмныя работнікі маюць патрэбу для
планавання свайго уласнага жыцця ва ўмовах удалай страхавой сістэмы. Яны маюць
права на суразмерны ўдзел у грамадскім дабрабыце.
9.6.3. БХД выступае за тое, каб асобны наёмны работнік
больш актыўна, чым да гэтага часу, удзельнічаў у поспеху і капітале
прадпрыемстваў. Гэта адкрывае для працоўных дадатковыя крыніцы даходаў,
дадатковае забеспячэнне па старасці, стварае больш справядлівасці і павышае
ідэнтыфікацыю супрацоўнікаў са сваім прадпрыемствам. Страхаванне
неплацежаздольнасці павінна быць максімальна карпаратыўным і ўлічваць асаблівыя
ўмовы пэўнага прадпрыемства.
9.6.4. БХД выступае за ўсеагульную занятасць. Праблемы
беспрацоўя мы прапануем вырашаць за кошт сістэмы грамадзкіх працаў (аплатнае
упарадкаванне, уладкаванне, азеляненне, упрыгожванне гарадоў і мястэчак, весак,
дарогаў; служэнне ў дабрачынных установах; удзел у сацыяльных праектах, якія
замаўляюць муніцыпалітэты і паветы). Шырокае укараненне сістэмы грамадзкіх
працаў здольна надаць працэсу пераменаў наглядны і ўсеахопны характар.
9.7. Прамысловасць
9.7.1. Беларуская індустрыя мусіць
пазбаўляцца ад цяжкай спадчыны савецкай
гігантаманіі і вайскова-прамысловага комплексу.
Вытворчасць III тысячагодздзя– гэта навукаёмістыя і працаёмістыя
высокатэхналагічныя галіны, здольныя сфармаваць экспартны патэнцыял Беларусі:
машынабудаванне і біяхімія,радыёэлектроніка і электратэхніка, выраб сродкаў тэлекамунікацый i экалагічных
будаўнічых матэрыялаў, фармацэўтыкі і палімераў, высокаякасных тавараў лёгкай
прамысловасці і прадуктаў харчавання.
9.7.2. Важнай задачай у
справе перабудовы прамысловасці будзе карэнная змена яе структуры: праца – і навукаёмістыя вытворчасці атрымаюць ільготы, матэрыяла- і-
энэргаёмістыя – новыя падаткі; экалагічна шкодная прамысловасць саступіць месца
альтэрнатыўным ды інавацыйным праектам; прыярытэт будзе нададзены экспартным
галінам і вырабу канкурэнтаздольнай на сусветным рынку прадукцыі.
9.8. Сельская гаспадарка
9.8.1. Беларусь мае цудоўную базу для вядзення сучаснай сельскай гаспадаркі: на кожнага жыхара краіны прыпадае па 0,7 гектары ворнай зямлі (гэта адзін з
самых высокіх паказчыкаў у свеце). Эфэктыўна выкарыстаць гэтае велізарнае багацце змогуць як буйнатаварныя, так i індывідуальныя
фермерскія гаспадаркі Своеасаблівы імпульс
аграрным адносінам павінная прыдаць прыватная
ўласнасць на зямлю. Беларусь, традыцыйна
моцная у галіне сельскагаспадарчай вытворчасці,
мае ўсе перадумовы не только для забеспячэння уласных патрэбаў у харчаванні, але i для экспарту канкурэнтаздольнай прадукцыі суседзям.
9.8.2. У сельскай гаспадарцы
БХД выступае за перадачу зямлі тым, хто на ёй працуе. Наш прыярытэт – развіццё
фермерскіх гаспадарак. Аграрная рэформа мусіць ісці паслядоўна, але хутка. На
першым этапе паспяховыя (даходныя) сельскагаспадарчыя прадпрыемствы атрымаюць
права арэнды зямлі і пэўныя льготы на 5 гадоў, а ворная зямля, што знаходзіцца
ў карыстанні стратных ААТ, былых калгасаў, саўгасаў, стане асноваю зямельнага
рынку Беларусі. Ворыва можна будзе выкупіць або арандаваць, атрымаўшы крэдыт на
набыццё тэхнікі, угнаенняў, насення праз адмысловы Зямельны банк. Купляць зямлю
будуць мець права толькі грамадзяне Беларусі. Права распараджэння і
размеркавання зямлі будзе нададзена ворганам мясцовага самакіравання.
9.8.3. На другім этапе
рэформы рынак зямлі будзе створаны вакол гарадоў, з улікам патрэбы пад забудову
– там распараджацца наданнем зямлі ў валоданне ці арэнду будуць павятовыя
улады.
9.8.4. Трэці этап рэформы –
прыватызацыя буйных і даходных вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі.
9.8.5. Нарэшце на апошнім
этапе ўмовы і падаткі для ўсіх , хто працуе на зямлі, будуць ураўнаваныя. У
выніку рэформы кожны кавалак ворыва атрымае гаспадара, а кожны гектар
дзяржаўнай зямлі – эфектыўнага карыстальніка ці распарадчыка.
9.9. Народная падтрымка эканамічнай палітыкі і макраэканамічныя мэты
9.9.1. Дзяржаўная эканамічная палітыка павінна быць
зразумелай грамадзянам, паслядоўнай, адкрытай і сумленнай. Палітыкі павінны
пераканаць людзей у яе правільнасці. Яна павінна быць тактычна правільна
выбудавана, гэта значыцца арыентавацца не толькі на доўгатэрміновы, канчатковы
вынік, але і дэманстраваць сваю пераканаўчасць і эфектыўнасць у разумныя, з
пункту гледжання чакання насельніцтва, тэрміны.
9.9.2. У макраэканамічнай палітыцы БХД бачыць дасягненне
чатырох узаемазвязаных мэт без абсалютызацыі якой-небудзь з іх:
-Устойлівыя тэмпы эканамічнага росту. Высокія тэмпы росту рэальнага ВУП на
душу насельніцтва не павінны станавіцца дамінуючай мэтай, а быць натуральным
вынікам працы эканомікі і эканамічнай палітыкі.
-Дасягненне высокай занятасці: беспрацоўе не павінна перавышаць натуральнага
ўзроўню. Пры гэтым павінна быць зведзена да мінімуму схаванае беспрацоўе і
забяспечана годная сацыяльная абарона беспрацоўных.
-Стабільная пакупная здольнасць грошай. Гадавая інфляцыя не павінна
перавышаць ўзроўню ў 3%. Гэта асабліва важна для Беларусі, якая больш за дваццаць
гадоў пакутуе ад высокай інфляцыі.
-Раўнавага знешняга гандлю. Дасягненне дадатнага сальда гандлёвага баланса ў
памеры 1-2%.
9.9.3. Нашай галоўнай мэтай з’яўляецца фармаванне
ўстойлівага даверу да эканомікі Беларусі. Дзяржава павінна гарантаваць абарону
інтарэсаў прыватных і карпаратыўных інвестараў, перш за ўсё ад свавольства
кантралюючых органаў, бюракратыі і карупцыі.
9.9.4. Фіскальная
палітыка дзяржавы павінна грунтавацца на павазе да падаткаплацельшчыкаў,
што павінна выяўляцца ў простых, празрыстых і зразумелых формах выплат падаткаў
і збораў. Колькасць падаткаў павінна быць зведзена да мінімуму пры максімальнай
прастаце і празрыстасці. Істотныя змены ў падатковым заканадаўстве павінны
ўступаць у сілу не раней, чым праз каляндарны год пасля іх заканадаўчага
прыняцця.
9.10. Прыватызацыя
9.10.1. БХД выступае за адкрытую, паслядоўную і прадуманую
прыватызацыю дзяржаўнай уласнасці ад дробнага да буйнага пры захаванні прынцыпа
прывілеяванага ўдзелу ў ёй грамадзян Беларусі. Прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці
заклікана засцерагчы грамадзян Рэспублікі Беларусь ад эканамічнай
неабароненасці і беднасці. Працэдура прыватызацыі і далейшае кіраванне актывамі
павінна насіць абсалютна празрысты характар. Прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці
павінна ажыццяўляцца на прынцыпах справядлівасці і роўнай даступнасці для
грамадзян Беларусі.
9.10.2. БХД выступае за паступовае ўцягванне ў абарот
часткі зямельных рэсурсаў. Правы валодання зямельнымі надзеламі павінны быць
дадзеныя бязвыплатна ўсім грамадзянам Рэспублікі Беларусь, пры гэтым памер
надзела павінен залежаць ад месцазнаходжання ўчастка. За плату грамадзяне
Беларусі павінны мець магчымасць купляць зямлю на свабодных аўкцыёнах.
Грамадзяне замежных дзяржаў павінны мець права атрымліваць зямлю ў арэнду на
спецыяльных аўкцыёнах.
9.10.3. БХД прапануе адкрыты, паслядоўны і абдуманы
пераход сельскай гаспадаркі ў рукі эфектыўных уласнікаў. У бліжэйшай будучыні
павінна захавацца існуючая практычна ва ўсіх развітых краінах датацыйнасць
сельскай гаспадаркі, якая, аднак, не павінна заахвочваць неэфектыўных
сельскагаспадарчых вытворцаў.
9.10.4. У эканамічнай сферы дзяржава павінна
канцэнтраваць свой удзел на развіцці важнейшых сектараў эканомікі, якія маюць
стратэгічнае значэнне. Гэта, у першую чаргу, навука, інавацыі, высокія
тэхналогіі, развіццё інфраструктуры, траспартныя і транзітныя магчымасці.
9.10.5. БХД выступае за больш хуткае ўступленне Беларусі
ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Гэта ў найбольшай меры дасць
магчымасць атрымаць адкрытай эканоміцы Беларусі выгады ад міжнароднага гандлю і
міжнароднага падзелу працы.
9.10.6. Найлепшай асновай сацыяльнай палітыкі дзяржавы з’яўляецца
эфектыўна працуючая эканоміка. У сучасным свеце краіны з такімі эканомікамі маюць
і найбольш развітыя сістэмы сацыяльнай абароны.
9.11. У сферы
гаспадаркі БХД выступае за:
9.11.1. – сацыяльна арыентаваную рынкавую эканоміку, якая дае
магчымасць самому клапаціцца пра сябе і пра сваіх блізкіх, робіць эканамічна
магчымай салідарнасць, дабрабыт і бяспеку для ўсіх, саўдзел для тых, хто не
можа ўласнымі сіламі дасягнуць прымальнага жыццёвага ўзроўню;
9.11.2. – канкурэнтны эканамічны парадак закліканы забяспечыць
канкурэнцыю ўсюды, дзе яна магчыма, ажыццяўляючы рэгуляванне там, дзе гэта
неабходна;
9.11.3. – кантроль за дзейнасцю натуральных манаполіяў і антыманапольную
палітыку ў іншых галінах;
9.11.4. – абарону правоў спажыўца і прадастаўленне надзейнай
праўдзівай інфармацыі пра прадукцыю;
9.11.5. – уведзенне новай нацыянальнай валюты – талера, які ў поўнай меры будзе
выконваць функцыі меры кошту, сродка звароту і сродка назапашвання;
9.11.6. – утрыманне тэмпа інфляцыі ў межах 3% у год;
9.11.7. – дасягненне дадатнага сальда гандлёвага баланса ў памеры
1-2%;
9.11.8. – свабоднае развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі;
9.11.9. – дамінаванне прыватнай ўласнасці ў эканоміцы;
9.11.10. – транспарэнтную і справядлівую прыватызацыю часткі
дзяржаўных прадпрыемстваў (за выключэннем прадпрыемстваў абароннага комплекса, чыгуначнага
транспарта, трубаправодаў, газасховішчаў, алкагольнай і тытунёвай прадукцыі, “Беларуськалія”);
9.11.11. – прывілеяваны ўдзел ў прыватызацыі грамадзян Беларусі;
9.11.12. – перадачу ва ўласнасць зямельных надзелаў для ўсіх
грамадзян Беларусі;
9.11.13. – права прыватнай ўласнасці на зямлю для грамадзян
Беларусі;
9.11.14. – простыя, празрыстыя і зразумелыя формы выплат падаткаў і
збораў, колькасць якіх павінна быць зведзена да мінімуму пры максімальнай
прастаце і празрыстасці;
9.11.15. –стабільнасць падаткавага заканаўства: істотныя змены павінны ўступаць у
сілу не раней чым праз каляндарны год пасля іх заканадаўчага прыняцця;
9.11.16. – інфармаванасць народа пра мэты эканамічнай палітыкі для дасягнення
разумення ў працэсе ажыццяўлення рынкавых рэформ, якія абавязкова мусяць быць
абмежаваныя разумнымі тэрмінамі;
9.11.17. – уступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.
9.12. Энэргетыка
9.12.1. БХД бачыць энэргетычную бяспеку Рэспублікі
Беларусь у некалькіх вымярэннях: эканамічным, палітычным і экалагічным. Сённяшняя
энэргетыка Беларуа – неэфэктыўная, цалкам залежная ад паставак расейскага палівa – з’яўляецца
сапраўднай эканамічнай праблемай. У будучыні Беларусі неабходна яе карэнная
мадэрнізацыя і экалагізацыя, пераарыентаванне на пастаўкі энэрганосьбітаў з
розных крыніцаў (напрыклад, паводле схемы Балта-Чарнаморскага калектару),
развіццё альтэрнатыўнай (ветравой, сонечнай, біялагічнай) энэргетыкі. Перспектыўнае
інвеставанне ў будаўніцтва ЦЭС i АЭС
на тэрыторьі суседніх дзяржаў з наступным атрыманнем долі электраэнэргіі. Разам
з тым, еўрапейскім стандартам з’яўляецца строгая эканомія энэргіі – i таму
беларусы павінныя вучыцца ставіцца да цяпла і святла
вельмі ашчадна.
9.12.2. Пры залежнасці Беларусі ад імпарту
паліўна-энэргетычнай сыравіны надзейнае, экалагічна нейтральнае і эканамічна
мэтазгоднае энэргазабеспячэнне з’яўляецца палітычным пытаннем першачарговай
важнасці.
9.12.3. Энэргетычная бяспека краіны ў значнай ступені
залежыць ад вырашэння пытання паставак энэрганосьбітаў. БХД лічыць неабходным
зменшыць рызыкі залежнасці нашай краіны ад імпарта энэргарэсурсаў.
9.12.4. Дыверсіфікацыя маршрутаў дастаўкі і транзіту
энэргетычных рэсурсаў зменшыць залежнасць Беларусі ад аднаго пастаўшчыка і,
адпаведна, звядзе да мінімуму звязаныя з гэтым патэнцыйныя рызыкі. Крыніцы
атрымання і шляхі паставак паліўна-энэргетычнай сыравіны павінны быць пашыраны.
9.12.5. Бяспека паставак энэрганосьбітаў спрыяльна
паўплывае на лібералізацыю ўнутранага энэргетычнага рынку краіны і ўнутраныя
цэны на энэргію.
9.12.6. БХД лічыць неабходным павялічваць супрацоўніцтва
з ЕС і суседнімі краінамі ў шматбаковых
супольных ініцыятывах у сферы энэргетыкі.
9.12.7. Энэргетычнае партнёрства з
дзяржавамі-пастаўшчыкамі і дзяржавамі-транзіцёрамі павінна быць інтэнсіфікавана
праз далучэнне нашай краіны да агульнай энэргетычнай палітыкі ЕС. Рэалізацыя ў
Беларусі канцэпцыі энэргетычнай бяспекі “Усходняга партнёрства” дазволіць
вырашыць шэраг экалагічных і эканамічных праблем краіны.
9.12.8. Пашырэнне інфраструктуры для транспамежнага
гандлю электраэнэргіяй, газам і нафтай станоўча паўплывае на развіццё
энэргетычнага рынку і коштаў.
9.13. Мясцовыя крыніцы энэргіі і энэргаэфектыўнасць
9.13.1 Асновай энэргетычнай бяспекі нашай краіны з’яўляецца выкарыстанне
шырокага і сбалансаванага спектру розных крыніц энэргіі. Павелічэнне ў
энэргабалансе краіны долі мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніц энэргіі
дазволіць зменшыць залежнасць ад паставак энэрганосьбітаў з іншых краін.
9.13.2. Узнаўляльныя крыніцы энэргіі – такія як мясцовыя віды
энэрганосьбітаў – могуць зрабіць істотны ўнёсак у павелічэнне энэргетычнай
бяспекі і захаванне экалагічнай раўнавагі. Яны ствараюць шанцы для эканамічнага
росту, развіцця інавацыйных тэхналогіяў і новых працоўных месцаў.
9.13.3. Ва ўмовах абмежаванага рэсурснага патэнцыялу Беларусі БХД бачыць
неабходным павышэнне эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энэргетычных рэсурсаў на
аснове навукова-тэхнічных дасягненняў. Для павелічэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі
і забеспячэння высокага ўзроўню жыцця грамадзян энэргаёмістасць нашай
прамысловасці і сельскай гаспадаркі неабходна знізіць як мінімум у два разы.
9.13.4. У адпаведнасці з прынцыпам субсідыярнасці хатнія
гаспадаркі, прадпрыемствы і мясцовыя супольнасці павінны граць большую ролю ў
фармаванні контураў сістэмы энэргазабеспячэння краіны.
9.14. Атамная энэргетыка
9.14.1. У бліжэйшы час немагчыма адмовіцца ад выкарыстання атамнай
энэргетыкі ў вытворчасці электраэнэргіі ў Беларусі. На сённяшні дзень Беларусь
імпартуе электраэнэргію, вырабленую на атамных станцыях за мяжой. Рэалізацыя
ўласнага атамнага праекту дазволіць павысіць энэргетычную дыверсіфікацыю і зменшыць
залежнасць краіны ад імпарту вуглевадародных энэргарэсурсаў. Разам з тым БХД
выступае супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС, бо лічыць гэты праект палітычна
абумоўленым энэргетычнай стратэгіяй Расіі і не адпаведным нацыянальным
інтарэсам.
9.14.2. Пры рэалізацыі атамнага праекту неабходна ўлічваць, што з яго
дапамогай немагчыма цалкам вырашыць праблему энэргазабеспячэння і энэргетычнай
незалежнасці. Для працы атамнай станцыі неабходна закупаць ядзернае паліва,
якога Беларусь не мае, а краін –прадаўцоў ядзернага паліва значна менш, чым
краін – прадаўцоў вуглевадароднай сыравіны. Таксама існуе пытанне
вычарпальнасці сыравіны для ядзернага паліва пры тых тэхналогіях, якія цяпер
прымяняюцца ў атамнай энэргетыцы. Актуальным пытаннем застаецца надзейнае
захоўванне і ўтылізацыя радыёактыўных адыходаў. Дзяржава мусіць максімальна
сур’ёзна падыходзіць да пытання бяспекі АЭС, пралічваць усе магчымыя негатыўныя
наступствы і мець план на выпадак надзвычайных сітуацыяў на АЭС.
9.14.3. Развіццё навукі і тэхналогіяў падводзіць чалавецтва да сапраўды
надзейнай, экалагічна бяспечнай і невычарпальнай энэргетыкі на аснове
тэрмаядзернага сінтэзу, што літаральна з’яўляецца энэргіяй Сонца на Зямлі. Але
вытворчаць у прамысловых маштабах тэрмаядзернай энэргіі з’яўляецца далёкатэрміновай
перспектывай.
9.14.4. Улічваючы трагічны досвед катастрофы на
Чарнобыльскай АЭС, падчас якой найбольш за ўсіх пацярпела Беларусь, і тыя
жудасныя наступствы ад катастрофы, БХД лічыць магчымым рэалізацыю атамнага
праекта ў Беларусі толькі па выніках шырокага экспертнага абмеркавання і
усенароднага рэферэндуму.
9.15. Адказнае энэргетычнае гаспадаранне
9.15.1. Энэргаэфектыўнасць, эканомія і выкарыстанне
ўзнаўляльных альтэрнатыўных крыніц энэргіі з’яўляюцца асноўнымі задачамі нашай
палітыкі ў сферы аховы навакольнага асяроддзя.
Каб зменшыць пагрозы энэргетычнай бяспекі Беларусі, БХД
выступае за:
9.15.2. – развіццё
энэргазберагальных тэхналогіяў і прыцягненне еўрапейскіх інвестыцыяў у
энэргетычны сектар краіны;
9.15.3. – структурную
перабудову эканомікі краіны разам са зніжэннем у ёй долі энэргаёмістых галін;
9.15.4. – стварэнне
справядлівых ўмоў для энэргетычнага бізнэсу, стабільнага і законнага
інвеставання ў энэргетыку краіны;
9.15.5. – змяншэнне
долі прыроднага газу ў вытворчасці цеплавой і электрычнай энэргіі да 40-45% да
2020 года;
9.15.6. – павелічэнне
аб’ёму стратэгічных запасаў асноўных паліўна-энэргетычных рэсурсаў, у тым ліку
за кошт пашырэння аб’ёму захоўвання газа ў падземных сховішчах газа краіны;
9.15.7. – паскарэнне мадэрнізацыі вытворчых фондаў у
цеплаэнэргетычным комплексе за кошт прыватызацыі і прыцягнення інвестараў, у
тым ліку замежных;
9.15.8. – павелічэнне
колькасці ветравых установак і давядзенне іх выкарыстання да максімальна магчымай
магутнасці да 2020 года;
9.15.9. – удасканаленне
арганізацыйных і эканамічных механізмаў стымулявання энэргазберажэння;
9.15.10. – змяншэнне
спажывання цеплавой энэргіі за кошт рэформы ў сістэме жыллёва-камунальнай
гаспадаркі;
9.15.11. – распрацоўку
праграмы па ўстойліваму будаўніцтву і павелічэнню энэргаэфектыўнасці існуючых
будынкаў;
9.15.12. – правядзенне
шырокай публічнай дыскусіі ў беларускім грамадстве і ўсенароднага рэферэндуму
наконт развіцця атамнай энэргетыкі ў Беларусі;
9.15.13. – далучэнне
Беларусі да агульнаеўрапейскай сістэмы энэргетычнай бяспекі праз ратыфікацыю і паўнавартаснае выкананне
палажэнняў Энэргетычнай хартыі;
9.15.14. – развіццё
рэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі з удзелам Беларусі, Украіны,
Польшчы, Літвы;
9.15.15. – рэалізацыю праекту транзіта электраэнэргіі
паміж Беларуссю,
Украінай, Польшчай і Літвой і
стварэнне паўнавартаснага энэргетычнага рынку, інтэграванага ў энэргетычны
рынак ЕС;
9.15.16. –
пашырэнне кааперацыі з краінамі Паўночнай Еўропы, Персідскай Затокі,
Цэнтральнай Азіі як асноўных рэгіёнаў – пастаўшчыкоў энэргетычных рэсурсаў;
9.15.17. – перамовы
з Польшчай і Украінай у галіне распрацоўкі залежаў сланцавага газа;
9.15.18. – распрацоўку праграм эксплуатацыі вугальнага метана ў
кансорцыюме з Украінай.