Віцебскаму гарвыканкаму абыякава, што будзе з былой каталіцкай капліцай
Такі адказ атрымала каардынатар аргкамітэту БХД Таццяна Севярынец на свой заклік не зносіць і адрэстаўраваць гістарычную спадчыну. Гарвыканкам спаслаўся на ўласніка будынку—УА “Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П. М. Машэрава”.
“Будынак, які знаходзіцца на вул. Урыцкага,25, ў Батанічным садзе, не ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. … Па інфармацыі ўласніка, адбылося абследванне і ацэнка тэхнічнага стану надземных нясучых канструкцый двухпавярховага будынка.. З тэхнічнай справаздачы вынікае, што гэты будынак аднесены да катэгорыі аварыйна-небяспечных, неабходна правесці замену яго надземных нясучых канструкцый. Для ажыццяўлення рамонтна-мантажных работ на дадзеным аб’екце патрабуецца каля 2 млрд рублёў. На падставе гэтага і ў сувязі з адсутнасцю фінансавых сродкаў на рэканструкцыю раней уласнікам было прынята рашэнне аб зносе будынка”, – гаворыцца ў адказе.
Далей прапануецца звярнуцца ў Віцебскі аблвыканкам, калі адказ не задавальняе.
Таццяна Севярынец звярнулася да ўласніка—УА”Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава” з заклікам знайсці грошы на рэканструкцыю праз збор сродкаў валанцёрства, дабрачынныя акцыі і ахвяраванні.
“Знесці не будаваць. У Віцебску, вобласці шмат прыкладаў знішчэння гістарычнай спадчыны, да якіх маюць дачыненні былыя і сённяшнія “гаспадары”. Немагчыма пагадзіцца з такім стаўляннем да мінулага, вынішчэннем каранёў”, – адзначае каардынатар БХД.
Нагадаем, каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ў Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец звярнулася ў Віцебскі гарвыканкам у сувязі з рашэннем гарадскіх уладаў знесці ў Батанічным садзе будынак былой каталіцкай капліцы, пабудаваны ў 1859 годзе і перароблены ў 1939-м.