ЖЫЦЬ – ЗНАЧЫЦЬ ДУМАЦЬ…

13 кастрычніка 2009 23:23  |  Артыкулы

Калі глядзіш на большасьць сучаснай хрысьціянскай моладзі, часта ўзьнікаюць пэўныя думкі наконт яе абыякавасьці да грамадзкага жыцьця, палітыкі. Натуральна, што заўсёды і ў любым грамадзтве існуе пэўная колькасьць людзей, якія імкнуцца толькі да таго, каб задаволіць выключна свае эгаістычныя патрэбы і ня больш. Але непакоіць тое, што такія людзі ёсьць і ў хрысьціянскім асяродках.

Часта сярод моладзі можна пачуць думкі такога кшталту: маўляў, маладосьць, студэнцкае жыцьцё – якая тут грамадзкая дзейнасьць, якая палітыка? Трэба вучыцца і радавацца жыцьцю пакуль малады, ці, прынамсі, зарабляць грошы. Для  абываталя, гэта, магчыма, і слушна, але ў верніка, чалавека які пакліканы да нечага большага, чым задавальненьне сваіх эгаістычныя патрэбаў, мусіць паўстаць пытаньне: калі ня мне адраджаць забытае і несьці Хрыста ў грамадзтва, то каму?

Як хрысьціяне мы мусім ведаць і памятаць што ёсьць Хрыстова і што сапраўды ёсьць каштоўным. Наша хрысьціянскае жыцьцё не абмяжоўваеца храмам і домам, яно мусіць ахопліваць таксама адносіны з грамадзтвам і з дзяржавай, базавацца на Хрыстовым бачаньні гэтых інстытутаў.

 

— Чаму мы мусім удзельнічаць ў сацыяльным жыцьці грамадзтва?

Таму што Бог паклікаў нас да служэньня Яму й людзям. Так, Катэхізыс Каталіцкай Царквы сцьвярджае сацыяльны характар нашага жыцьця, і заклікае нас да актыўнасьці й адказнасьці. Актыўнасьць тут – удзел у грамадзкіх арганізацыях, прафзьвязах, клюбах, рухах, партыях і г.д. А адказнасьць – дзейнасьць, узгодненая з маральнымі каштоўнасьцямі Царквы.

—  Чаму мы мусім удзельнічаць ў палітычным жыцьці?

—  Калі Бог дабраслаўляе, Ён не пакідае нечага неасьвечаным. Мы ня можам казаць, што “палітыка – брудная справа і ня трэба пэцкаць сябе ўдзелам у ёй”. Брудную палітыку робяць брудныя людзі, і каму ж яе чысьціць, як не хрысьціянам? Так мы споўнім і свой грамадзянкі і хрысьціянскі абавязак – абярэм чалавека (альбо самі станем такім чалавекам), які будзе рупіца пра агульнае дабро для кожнага з нас, будуючы сваю дзейнасьць на хрысьціянскіх каштоўнасьцях.

— Што такое хрысьціянская дэмакратыя?

— Хрысьціянская дэмакратыя — гэта ідэалёгія, якая грунтуеца на хрысьціянскіх маральных каштоўнасьцях. Для нас хрысьціянства ў спалучэньні з дэмакратыяй — гэта прыўнясеньне хрысьціянскіх маральных прынцыпаў у палітыку на розных узроўнях. У сацыяльную палітыку, у эканоміку, у культуру, у адукацыю — у любую сфэру жыцьця, зь якой сутыкаеца кожны чалавек, мы імкнемся прыўнесьці хрысьціянскія каштоўнасьці.

Сучасная дэмакратыя ёсьць прадуктам хрысьціянства ў грамадзка-палітычнай сфэры.

— Чаму мы мусім актыўна падтрымліваць хрысьціянскія каштоўнасьці?

Таму што мы хрысьціяне!

— Якія прынцыпы ў хрысьціянскай дэмакратыі?

— Хрысьціянская дэмакратыя прытрымліваеца наступных прынцыпаў:

  • безумоўнае забесьпячэньне ўсіх грамадзянскіх правоў;
  • парлямэнцкая дэмакратыя і шматпартыйная сыстэма;
  • свабода сумленьня (веравызнаньня);
  • шматукладнасьць рынкавай эканомікі з рознымі формамі ўласнасьці і г. д.

— Чаму важная хрысьціянская дэмакратыя?

— Таму што гэта адзіная палітычная ідэалёгія, якая базуецца на біблейскіх, эвангельскіх прынцыпах, дадзеныных чалавеку Богам.

— Чаму хрысьціяне мусяць падтрымліваць ідэалёгію хрысьціянскай дэмакратыі?

Дэмакратыя зьяўляецца палітычнай структурай, якая найбольш адпавядае разьвіцьцю і волевыяўленьню чалавечай годнасьці і свабоды, і менавіта таму лепш, чым іншыя формы кіраваньня, спрыяе дасягненьню агульнага дабра. Гэтае дабро прадугледжвае рэлігійны плюралізм і неўмяшальніцтва дзяржавы ў разнастайныя грамадзкія ініцыятывы, разам з такімі агульнапрызнанымі свабодамі, як свабода мысьленьня, слова і збораў, што зьяўляецца адлюстраваньнем дадзенай Богам свабоды.

— Ці існуюць “хрысьціянскія народы”?

— Без сумненьня, існуюць народы, у якіх хрысьціянская рэлігія прызнаная верай большасьці, дакладна так, як існуюць мусульманскія ці індуісцкія народы. Фактычна кожны народ будуе сваё жыцьцё паводле нейкай рэлігіі ці філязофіі грамадзтва (сюды ж уключаеца й “рэлігія” гуманізму, у якой чалавек зьяўляецца богам і сам вырашае, што ёсьць дабро і зло, што і адлюстроўваецца ў законах грамадзтва).  Аднак тэрмін “хрысьціянскі народ” азначае ня проста нацыю, большасьць насельніцтва якой спавядае хрысьціянства, і нават ня нацыю, якой кіруе царква ці нейкі царкоўны ворган. Хрысьціянскі народ – гэта народ, жыцьцё якога заснаванае на хрысьціянскіх прынцыпах, законы й установы якога адлюстоўваюць хрысьціянскі погляд на сьвет.

— Як Бог зьмяняе народы?

— Ад «унутранага» — да «вонкавага». Такім чынам, каб зьмяніць народ, мы павінны спачатку зьмяніць людзей у гэтым народзе.

Для таго, каб выстаяць пад ціскам, народ павінны мець цьвёрды падмурак. Такім падмуркам зьяўляюцца вечныя каштоўнасьці – хрысьціянскія прынцыпы.

— Як нам весьці Беларусь да лепшага?

— Якія б там ні было схемы ці вонкавыя структуры – ці то рынкавай эканомікі, ці то дэмакратыі – яны ня змогуць прывесьці да зьменаў. Самі схемы ня могуць зьмяніць народ.

Праблема Беларусі не ва ўладзе й не ў благіх схемах, а ў мысьленьні – у розумах і сэрцах людзей, і менавіта зьмена мысьленьня асобных людзей прыводзіць да зменаў у цэлым народзе.

— Што такое сапраўднае нацыянальнае адраджэньне?

— Калі б у Беларусі ўсе пачалі размаўляць па-беларуску, але пры гэтым засталіся б хамамі, людзьмі, якія ня хочуць разважаць, невукамі, п’яніцамі, тымі, хто ня любіць сваіх дзяцей, здраджвае сваёй сям’і, — то такую сытуацыю ні ў якім разе нельга назваць адраджэньнем нацыі.

Нацыянальнае адраджэньне – гэта зусім іншае. А менавіта – праз зьмену людзей – зьмена дачыненьняў паміж людзьмі, паміж дзяржавай ды чалавекам і г.д.

— Ці ёсьць сьведчаньні таго, што нацыя падымаецца, калі будуе сваё жыцьцё на Біблійных прынцыпах?

— Біблія вучыць, а гісторыя пацьвярджае гэта – што ступень, у якой народы прымяняюць прынцыпы Бібліі ва ўсіх сфэрах жыцьця, прапарцыйная ступені свабоды й пасьпяховасьці гэтага народа.

— А што нам кажа гіторыя Беларусі?

— Наша краіна квітнела менавіта ў пэрыяды духовага абуджэньня нацыі: час Эўфрасіньні Полацкай і Кірылы Тураўскага, час Францішка Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Мікалая Радзівіла Чорнага і Льва Сапегі. Адраджэньню Беларусі ў вялікай меры спрыяла й  дзейнасьць хрысьціянскіх дэмакратаў пачатку ХХ стагодзьдзя.

— У якіх краінах хрысьціянскія дэмакраты знаходзяцца пры ўладзе зараз?

— Напрыклад, у такіх, як ЗША (Рэспубліканская партыя), Нарвэгія, Гішпанія, Аўстрыя, Швайцарыя і іншых.

— Якой мусіць быць наша Беларусь?

— Беларусь мусіць быць незалежнай дзяржавай, з вольным рынкам і абароненымі правамі чалавека, і адзіным лягічным падмуркам усяму гэтаму павінны быць хрысьціянскія і дэмакратычныя прынцыпы.

 

Болей навін