ХРЫСЬЦІЯНСКА-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ КАНЦЭПЦЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЬЦІ

13 кастрычніка 2009 23:26  |  Артыкулы

(у кантэксьце дзейнасьці заходнебеларускіх партый 20-30-х гг. ХХ ст.)

 

Носьбітамі хрысьціянска-дэмакратычнай ідэалёгіі ў беларускім нацыянальна-вызвольным руху першай паловы ХХ стагодзьдзя зьяўляліся Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя (БХД) і Праваслаўна-Беларускае Дэмакратычнае Аб’яднаньне (ПБДА), якія ў 20-30-я гады дзейнічалі на абшарах Заходняй Беларусі. Абедзьве гэтыя партыі ў якасьці сваёй асноўнай мэты дэкляравалі паўстаньне незалежнай Беларусі. Распрацавалі хадэцыі таксама і свае адмысловыя мадэлі будучай дзяржаўнасьці.

Канцэпцыя дзяржаўнага ладу, прапанаваная БХД, была пабудавана на аснове адаптацыі сацыяльнага вучэньня Каталіцкага касьцёла, распрацаванага папам Львом ХІІІ у “Rerum Novarum” і іншых сацыяльных энцыкліках, да традыцый беларускай культуры і дзяржаўнасьці.

Зусім у іншым становішчы знаходзілася ПБДА. Дэкляруючы сваю праваслаўнасьць яно ня мела такой трывалай ідэалягічнай асновы як БХД. Праваслаўная царква на той час не магла прапанаваць сваім вернікам выразнага сацыяльнага вучэньня. Гэта, на нашу думку, абумовіла пэўную несамастойнасьць як ідэалёгіі ПБДА, так і слабасьць распрацаванай ёю мадэлі беларускай дзяржаўнасьці. Праваслаўная хадэцыя вымушана была арыентавацца на сацыяльнае вучэньне Каталіцкага касьцёла і, галоўным чынам, на канцэпцыю дзяржаўнага ладу прапанаваную БХД. Увогуле ж ПБДА болей зважала на тагачасную канкрэтную палітычную сытуацыю. Гэта даволі выразна адлюстравана ў праграме партыі: “ПБДА уважае, што правам кожнага народу ёсьць яго палітычная і культурная незалежнасьць. Згодна з гэтым ПБДА змагаецца за права беларускага народу на свабоднае самаакрэсьленьне”. У адрозьненьне ад яе, БХД жыла ня толькі надзённым палітычным момантам, але і будавала планы на будучае.

Падмуркам, на якім будавалася ідэалёгія БХД, яе мадэль гаспадарскага ўладкаваньня Беларусі, была тэза аб хрысьціянскай сутнасьці беларускага народнага характару: “Беларускі народ — гэта хрысьціянскі народ і Хрыстус сярод нашага народу меў, мае і будзе мець шмат сваіх вызнаўцаў, якія пойдуць за сваім Божым Вучыцелем у агонь і ваду. Рэлігійнасьць беларускага народу глыбокая, вольная ад прымешкі палітыкі”. Менавіта на гэтым сьцьверджаньні, а таксама на хрысьціянскім пастулаце, што нармальнае існаваньне асобы немагчамае бяз сувязі з Богам, бяз заўсёднага маральнага ўдасканальваньня чалавека і грамадзянства, будавалася дзейнасьць партыі, яе характар, яе адносіны да любых праяваў рэлігійна-грамадзянскага і сацыяльна-палітычнага жыцьця. Хрысьціянская вера, хрысьціянская этыка для БХД — найвышэйшы ідэал, які мае адзінка і грамадзянства. Толькі яна ўтрымоўвае ў сабе ўсё неабходнае для цывілізацыйнага разьвіцьця чалавецтва. Яе паняцьці справядлівасьці, роўнасьці, свабоды, любові і міласэрнасьці заўсёды былі і будуць непарушнымі, самадастатковымі і ўнівэрсальнымі ў любы гістарычны перыяд, пры любым грамадзка-эканамічным ладзе, для любога народу (…) Гэтыя паняцьці патрэбна ня проста ўспрымаць як нейкія ўзвышаныя ідэі, але штодзённа рэалізоўваць іх на практыцы, у сваім жыцьці, нягледзячы на розныя пярэчаньні і цяжкасьці: “З усёй станоўчасьцю трэба пры гэтым адкінуць хітра падсуваную думку, што рэлігія ёсьць рэчай прыватнай і ў публічным жыцьці, быццам, яе ня трэба стасаваць. Хто гэтак кажа, той дапускаецца двух памылак за раз: ён ня знае, чы ня хоча знаць, чым рэлігія ў жыцьці людзкасьці сапраўды ёсьць і адбірае ад гэтага жыцьця ягоны сапраўдны мотар, ідэю, прычыну самага існаваньня. Кожны з сучасных “паступоўцаў” абсьмяяў-бы напрыклад сацыяліста, камуніста ці нейкага лібэраліста, калі-б той свае сацыялістычныя і ім падобныя ўнутраныя перакананьні трымаў замкнёнымі ў самім сабе і не кіраваўся імі ў публічным жыцьці: дык чаму-ж, пасьля гэтага, тыя-ж “паступоўцы” вымагаюць ад хрысьціяніна, каб ён свае перакананьні хаваў толькі для свайго “прыватнага” жыцьця? — Ясна, што гэтага быць не павінна і кожны Беларус ня стыдацца павінен сваіх хрысьціянскіх перакананьняў, але ўсюды і заўсёды іх чэсна ды адкрыта вызнаваць!”.

Таму цалкам зразумела, што будучыня Беларусі зьвязвалася БХД з хрысьціянствам. Хрысьціянская Беларусь, ці, дакладней, Беларусь, заснаваная на хрысьціянскіх ідэалах, — асноўная мэта дзейнасьці партыі.

З пытаньнем дзяржаўнасьці ў ідэалёгіі хадэцыі было цесна зьвязана і пытаньне народа, яго характар, правы і абавязкі. Згодна ксяндзу Адаму Станкевічу, аднаму з ідэолягаў і кіраўнікоў БХД, любы народ уяўляе сабою вялікую вартасьць. А таму: “кожны народ (…) мае прыроджанае права разьвіваць і захоўваць свае нацыянальныя асаблівасьці і адрозьненьні, такія як мова, рэлігія, увесь свой нацыянальны побыт, бо: а) народы разам са сваімі адрозным нацыянальным характарам і са сваім разьвіцьцёвым інстынктам узьніклі з самае натуры, а таму і маюць натуральнае права на існаваньне; б) нацыянальныя адрозьненьні кожнага народу, у першую чаргу мова, зьяўляюцца прыроджаным дабром, спадчынай бацькоў, пазбаўленьне ж іх нявечыць іх прыроджаную нацыянальную адрознасьць, нішчыць іхную нацыянальную індывідуальнасьць, творачы ім праз гэта вялікую крыўду”. З гледзішча хрысьціянскай этыкі такая крыўда адназначна мае быць трактаванай як вялікае зло. Абавязак жа кожнага хрысьціяніна з гэтым злом змагацца.

Пазьбегнуць такога зла ў першую чаргу можна ў тым выпадку, калі народ здабудзе сабе дзяржаву. Апошняя ёсьць натуральным вынікам разьвіцьця кожнай нацыянальнасьці, вызначаная ёй праз Бога апрычонасьць. Таму дзяржава разглядалася хадэкамі як дадзенасьць, заканамернасьць у эвалюцыйным разьвіцьці этнасу.Толькі ва ўмовах нацыянальнай дзяржавы народ сапраўды зможа рэалізаваць сваё прызначэньне — быць і ўсебакова разьвівацца, узбагачаючы сваім існаваньнем агульнулюдзкую культуру.

Cябра ЦК БХД Альбін Стэповіч так пісаў аб гэтым у сваёй кнізе Беларусы і дзяржаўная незалежнасьць: “Я хацэў толькі паказаць як штодзённая цьвёрдая і рэальная сапраўднасьць топча ўсялякую гуманітарнасьць і права, калі гэтага вымагае закон разьвіцьця, абапёрты на змаганьні за быт. Ня што іншае як гэты самы закон прымушае кожны народ здабываць сабе палітычную незалежнасьць, бо толькі яна можа стварыць натуральныя ўмовы нацыянальнага, культурнага і палітычнага разьвіцьця.

І што-б не гаварылі аб магчымай вольнасьці народу без палітычнай для яго незалежнасьці, усё-ж такі яна ня будзе такой поўнай, як гэта бачым у запраўды незалежнага народу ў рамках сваей дзяржаўнасьці”.

У сваёй практычнай дзейнасьці БХД вялікую ўвагу надавала пашырэньню нацыянальнай сьвядомасьці. Як мага большае ўсьведамленьне народных масаў сталася-б важным фактарам кансалідацыі беларускага народу, прывяло-б да ўзмацненьня яго пазыцый, спрыяла-б ягонаму разьвіцьцю. Адсюль і панятак беларускай нацыянальнай ідэі фармуляваўся БХД наступным чынам: “гэта тая нацыянальная сьведамасьць кожнага паасобнага Беларуса, якая спалучае беларускі народ у суцэльную, адналітную нацыю”. Таму дасягненьне беларусамі дзяржаўнай незалежнасьці, станаўленьне іх як палітычнай нацыі зьяўлялася для хадэкаў спосабам рэалізацыі нацыянальнай ідэі.

Цікавасьць выклікаюць і ўяўленьні хадэкаў пра мэту існаваньня дзяржавы. Прызначэньне любога гаспадарства “палягае не на тым, каб пануючы ў дзяржаве народ ці само гаспадарства ўвогуле павялічвала да найвялікшых межаў сваю сілу і моц, але на тым, каб усім сваім грамадзянам, бяз розьніцы іх нацыянальнасьці і веравызнаньня, забясьпечвала дабрабыт і росквіт, а праз гэта замацоўвала-б сваю сілу і моц”. Бо, зыходзячы з натуральнага стану рэчаў, не народ існуе для дзяржавы, але дзяржава для народа. У адваротным выпадку гаспадарства ператворыцца ў монстра, станецца чыньнікам зла, страціць свой сэнс.

Разам з агульна-тэарэтычнымі тэзамі БХД распрацавала таксама і мадэль беларускай дзяржаўнасьці, якую пры адпаведных варунках можна было-б ажыцьцявіць на практыцы. Першыя спробы акрэсьліць контуры характару грамадзкага ладу незалежнай Беларусі былі зроблены яшчэ ў праграме БХДЗ ад 1920 году ў разьдзеле “Народ і гаспадарство”. Паводле яе, хадэцыя жадала бачыць Беларусь “цэлай, непадзельнай і вольнай”. Вырашыць пытаньні, зьвязаныя з дзяржаўным уладкаваньнем, павінен быў Сойм, абраны на падставе ўсеагульных і вольных выбараў. Са свайго боку хадэцыя выступала за дэмакратычную Беларусь. У дзяржаве меліся быць грамадзянскія свабоды (сумленьня, слова, друку, сходаў) і правы (выбіраць і быць абраным у кіруючыя дзяржаўныя ўстановы, роўнасьць перад законам і г.д.). У праграме гаварылася таксама і аб неабходнасьці ўвядзеньня гмінных і правінцыйных самаўрадаў.

Усе гэтыя палажэньні ў далейшым былі распрацаваны больш грунтоўна. Так, у праграмах 1926, 1928 і 1931 гадоў агульная дэклярацыя аб цэлай, непадзельнай і вольнай Беларусі была ўдакладнена: “БХД, стоячы на грунце самастанаўленьня народаў, імкнецца да самастойнасьці Беларускага Народу на ўсіх яго землях аб’яднаных у незалежную дэмократычную рэспубліку”. Кожны жыхар у гэтай вольнай дзяржаве будзе выконваць дваякія функцыі: “З аднаго боку грамадзянін, з другога боку падданы”. Чалавек як грамадзянін будзе мець разнастайныя палітычныя і грамадзкія свабоды, удзельнічаць у кіраваньні дзяржавай, а як падданы — выконваць абавязкі.

Асаблівая ўвага акцэнтавалася партыяй на неабходнасьці пабудовы ў незалежнай Беларусі дэмакратычнага ладу. Дэмакратычныя перакананьні хадэкаў арганічна выцякалі з самой сутнасьці, з духу хрысьціянства: “Мы хрысьціяне, а знача — дэмакраты. Хрысьціянін ня можа ня быць дэмакратам, бо хрысьціянства прызнае й шануе людзкія правы кожнай адзінкі й кожнага народу, а так-жа брацтва людзей і народаў”. У краіне павінен панаваць парлямэнцкі характар улады. Дзякуючы існаваньню Сойма беларускі народ зможа праз абраных ім сваіх прадстаўнікоў удзельнічаць у кіраўніцтве дзяржавай. Увогуле ж парлямэнтарызм разглядаўся партыяй як аснова дэмакратычнага ладу.

Суадносіны паміж рознымі групамі грамадзтва, згодна БХД, павінны будавацца праз рэалізацыю на практыцы прынцыпу карпаратыўнасьці. Менавіта гэты прынцып і быў пакладзены ў аснову паняцьця “культуры сужыцьця”, якое было распрацавана і прапагандавалася БХД у 1937-1939 гг., ператворанай на той час ужо ў Беларускае Народнае Аб’яднаньне. Ідэя гэта мела на ўвазе салідарнасьць і супрацоўніцтва розных слаёў грамадзтва ў разьвіцьці нацыянальнай і агульначалавечай культуры. Здольнасьць сацыяльных і этнічных групаў ахвяраваць сваімі прыватнымі (клясавымі) інтарэсамі дзеля грамадзкага дабра — галоўны паказчык сталасьці нацыі, яе цывілізаванасьці. Адсюль — культура сужыцьця зьяўляецца формай і асновай дэмакратычнага ладу, бо ўлічвае запатрабаваньні ўсяго грамадзтва: “Мерай жыцьцёвай сілы кожнага народу зьяўляецца ягоная культура сужыцьця — солідарнасьць і супрацоўніцтва ягоных групаў у разьвіцьці сваёй народнай і агульналюдзкай культуры. Культурны народ толькі гэтак прадстаўляе сваю духовую сілу — сілу народнай душы”. Узвышэньне ж якой-небудзь адной групы соцыюму над іншымі вядзе да развалу народнага адзінства, да прапаганды і разьвіцьця варожасьці ў грамадзтве і, як правіла, да зьнікненьня самога народу. Культура сужыцьця павінна быць нормай ня толькі ўнутранага жыцьця народа, але і міжнародных стасункаў. Яна тычыцца ня толькі ўзаемаадносінаў розных сацыяльных групаў аднаго этнасу, але і міжэтнічных адносін. Пагрозай для кожнага народу для яго натуральнага разьвіцьця зьяўляецца дыктатура, бо “кожная дыктатура — гэта нішто іншае, як праява брутальнай сілы, якая не разьвівае, але спыняе ў народзе развой культуры сужыцьця”. Дыктатура, такім чынам, вядзе да развалу народнага адзінства, да росту варожасьці паміж ягонымі сацыяльнымі групамі. Зразумела, што БХД (БНА) рэзка выступала супраць устанаўленьня дыктатуры пралетарыяту, дарэчы, як і любой іншай сацыяльнай групы. Так, напрыклад, у сваім Камунікаце ад 18 верасня 1938 г. кіраўніцтва арганізацыі адназначна заяўляла: “Рада БНА ад імя ўсяе арганізацыі выказваецца проціў расізму ў форме антысэмітызму і іншых ягоных праявах, проціў усялякай дыктатуры, фашыстоўскай, камуністычнай і іншай, якая нясе няволю народам, працоўным масам і адзінкам”.

Практычнай рэалізацыі дэмакратызму ў краіне, згодна хадэкам, паспрыяла-б усталяваньне сыстэмы гмінных, павятовых і ваяводзкіх самаўрадаў. У іх кампэтэнцыю павінны ўваходзіць адміністратыўныя, эканамічныя, адукацыйныя, зямельныя і сацыяльныя пытаньні. Для пасьпяховага вырашэньня гэтых справаў самаўрады павінны мець свой бюджэт. Калі ж яго памераў недастаткова на забесьпячэньне ўсіх патрэбаў, дык дзяржава павінна аказваць фінансавую дапамогу мясцоваму самакіраваньню. Абіраюцца самаўрады на аснове агульнага, простага, роўнага і прапарцыянальнага галасаваньня. Асаблівы націск БХД рабіла на тое, што ворганы мясьцовага самакіраваньня павінны быць незалежнымі як ад цэнтральнага ўраду, так і ад мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі.

Асобна ў канцэпцыі БХД былі агавораны праблемы нацыянальных меншасьцяў. Любая этнічная меншасьць у краіне ўжо самім фактам свайго існаваньня мае права захоўваць і разьвіваць свае этнічныя асаблівасьці і адрозненьні, свой нацыянальны побыт, мову, рэлігію і г.д. Недапушчальна прыносіць гэтыя правы ў ахвяру дзяржаўным інтарэсам. Наадварот, дзяржава павінна аказваць прапарцыянальную матэрыяльную і маральную падтрымку недамінуючым у краіне этнасам. Апрача гэтага, нацыянальныя меншасьці маюць права на культурную і тэрытарыяльную аўтаномію, на прадстаўніцтва ў парлямэнце, на займаньне дзяржаўных пасадаў, на адукацыю на роднай мове і г.д. БХД (БНА) сьцьвярджала, што “кожная дзяржава, якая пагражае існаваньню этнічных адрозьненьняў сваіх нацыянальных меншасьцяў і, замест стварэньня ўмоваў для натуральнага разьвіцьця, нішчыць і прасьледуе іх — паступае немаральна”.

Цікавасьць уяўляе таксама і прапанаваны БХД спосаб вырашэньня кадравай праблемы дзяржаўнага апарату. Разумеючы, што на тагачасны момант беларусам бракавала дасьведчаных у палітыцы і дзяржаўным кіраваньні людзей, хадэкі прапаноўвалі на першы час замяніць іх выкшталцонымі ў гэтых справах прадстаўнікамі іншых народаў, якія пражываюць на Беларусі і паважаюць беларускія ідэалы.

Усё гэта дае нам права гаварыць аб тым, што Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя ў 20-30-ыя гады ХХ стагодзьдзя распрацавала сваю адмысловую канцэпцыю беларускай дзяржаўнасьці, якая базавалася на хрысьціянска-дэмакратычных уяўленьнях аб грамадзкай справядлівасьці. Мадэль, прапанаваная хадэцыяй, на наш погляд, ня страціла актуальнасьці і сёньня.

 

Болей навін