ГАРАДЗКІЯ І МЕСТАЧКОВЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСКАЙ ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ДЭМАКРАТЫІ І БЕЛАРУСКАГА ІНСТЫТУТА ГАСПАДАРКІ І КУЛЬТУРЫ (1921-1939 гг.)

13 кастрычніка 2009 23:31  |  Артыкулы

Ролю Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі і Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры (культурніцкай арганізацыі, што знаходзілася пад уплывам БХД) у заходнебеларускім нацыянальна-вызваленчым руху цяжка пераацаніць. Максымальная колькасьць арганізацыяў БІГіКу вагалася прыблізна ад 69 да 80 (каля 1200 сяброў), сама БХД налічвала да 2000 сяброў па ўсёй Заходняй Беларусі [11; 8, 149]. Зразумела, што не апошняе месца ў структуры мясцовых гурткоў БХД і БІГіКу займалі гарадзкія і местачковыя арганізацыі, хаця набольшымі ўплывамі БХД карысталася на вёсцы.   

Найбольш значнай сярод усіх гарадскіх арганізацыяў БХД і БІГіКу, была віленская. Гэта зразумела, паколькі Вільня ў міжваенны час была цэнтрам беларускага руху ў Заходняй Беларусі, яго інтэлектуальным цэнтрам. Дзейнасць віленскай арганізацыі БІГіКу была надзвычай шматграннай і уключала культурна-асветніцкую работу (лекцыі, акадэміі, сцэнічныя пастаноўкі як у Вільні так і па-за яе межамі), стварэнне беларускіх спартыўных арганізацыяў, выдавецтва, арганізацыю дапамогі беларускім навучэнцам харчаваннем, жытлом і грашыма.

Сярод традыцыйных святаў можна назваць Купалле, запусныя бліны, арганізоўваліся святкаванні юбілейных датаў: 400-год Літоўскага Статуту (1929 г.), 30-год смерці Фр. Багушэвіча (1930 г.), 70-год выдання «Мужыцкай праўды» (1933 г.), Юбілей Вітаўта Вялікага і інш. Кожны год віленскія бігікаўцы прачытвалі некалькі дзясяткаў лекцыяў як у самой Вільні так і па-за яе межамі, на лекцыях часам прысутнічала па 100 і болей чалавек. Тэмы лекцыяў былі самыя розныя: ад гістарычных, да эканамічных («Аб кааперацыі») і санітарна-гігіянічных (напрыклад, па ветэрэнарыі). Такая форма грамадскай і культурнай актыўнасці, як чытанне лекцыяў, была вельмі недаспадобы прольскім уладам, паколькі ўсталёўваўся жывы кантакт паміж правінцыяй і ўласна Вільняй. Таму лекцыі часта забараняліся па самых фантастычных прычынах.

У лютым 1931 г. віленскі аддзел БІГіКу складаўся з 21 чалавека. Сярод іх былі ксяндзы Гадлеўскі і Станкевіч, лідары БХД Адольф Клімовіч, Янка Пазняк, Янка Шутовіч і многія іншыя знакавыя для беларускага руху асобы [4, 298]. Напрыклад у траўні 1931 г. у аддзел былі прынятыя былыя лідэры Беларускага Сялянскага Саюзу Браніслаў Туронак і Тодар Куніцкі а таксама будучы класік беларускага мастацтва, вядомы ўжо ў той час Язэп Драздовіч [4, 56]. Да 1933 г. віленскі гурток павялічыўся да 57 чалавек, сярод сяброў былі не толькі актыўныя беларускія дзеячы, але і простыя рабочыя [11, 217]. Гэта быў напэўна найвялікшы лік сяброў, які ўдалося дасягнуць віленскім бігікаўцам. Гурток праіснаваў да канца 1936 г., да моманту зачынення БІГіКу польскімі ўладамі.

Зімою 1932-1933 гг. быў створаны гурток БІГіКу ў Баранавічах. Узначалілі гурток Базыль Плаўсюк і Уладзімір Леванеўскі, якія, гледзячы па ўсім, мелі нейкае дачыненьне да зачыненага яшчэ ў 1929 г. баранавіцкага гуртка ТБШ, паколькі патрабавалі ад уладаў вяртаньня тэбэшоўскай бібліятэкі гуртку Інстытута. У плянах жыхароў Баранавіч было стварэньне ўласнай беларускай бібліятэкі-чытальні, арганізацыя хору і аркестра. Для выкарыстаньня падчас розных мерапрыемстваў быў зроблены бел-чырвона-белы сьцяг [6, 117].

Асабліва цікавым пачынаннем гуртка БІГіКу ў Баранавічах было стварэнне арганізацыі “беларускага спартоўца”, паколькі папулярызацыя спорту з’яўлялася адным з галоўных накірункаў дзейнасці Інстытута. У лютым 1933 г. Базыль Плаўсюк пытаў Вільню аб тым, як павінна выглядаць форма беларускіх спартоўцаў і футбольнай каманды. Форма футбольнай каманды мусіла быць наступнай: зялёныя або іншага колеру штаны і майка колераў нацыянальнага сцягу (бел-чырвона-белая). Спартовы (паходны) касцюм быў зялёнага колеру (штаны, фрэнч, кашуля, гальштук) а таксама зялёны бярэт са значком БІГіКу (колас на фоне дубовай галінкі з жалудамі) [6, 173].

Аднак ужо ў пачатку красавіка 1933 г. кіраўніцтва баранавіцкага гуртка БІГіКу звярнулася да Цэнтральнага Ўрада Беларускага выдавецка-асветнага таварыства “Сяўба” з сядзібай у Беластоку з прапановай усім гуртком перайсці ў “Сяўбу”. У лісце, падпісаным старшынёй, скарбнікам і сакратаром гуртка БІГіКу выказвалася незадаволенасць тым, што прысланая з Вільні бібліятэка складаецца пераважна з кніг каталіцкага зместу а галоўны ўрад БІГіКу не хоча аплочваць 25 злотых штомесяц на ўтрыманне сядзібы арганізацыі ў цэнтры Баранавіч [7, 33]. Невядома ці здзейснілі свой намер бігікаўцы з Баранавіч, але пад канец 1933г. гурток у горадзе яшчэ існаваў і налічваў 18 сяброў. У спісах 1935г. гэтага гуртка ўжо няма.

30 верасня 1935 года беластаччанін Канстанцін Сідаровіч звярнуўся да кіраўніцтва БІГіКу з прапановай заснаваць у Беластоку гурток Інстытута. Сідаровіч матываваў неабходнасць стварэння гуртка адсутнасцю беларускіх арганізацый у горадзе і актыўнай працай г.зв. “праваслаўных палякаў”, якім трэба было нешта супрацьпаставіць. “Сучасны стан у Беластоку надта трагічны, няма аніводнай беларускай арганізацыі, з каторай праменявалаб жывое беларускае слова ў масы”, – пісаў ён у сваім лісце [8, 54]. 9 кастрычніка кс. В. Гадлеўскі выслаў Сідаровічу шэраг дакументаў, неабходных для легалізацыі гуртка і праінструктараваў апошняга аб асноўных накірунках дзейнасці інстытуту [6, 52]. Ужо ў канцы кастрычніка Сідаровіч узяўся за працу ў сваім яшчэ не існуючым гуртку. Замовіў у Вільні шэраг беларускіх выданняў, пячаткі і сяброўскія білеты, арганізаваў драматычна-харавую секцыю [6, 38].

Захады Сідаровіча па стварэнню гуртка БІГіКу ў Беластоку праходзілі ва ўмовах актывізацыі іншых беларускіх грамадскіх і палітычных груповак, што было звязана з абвяшчэннем КПЗБ праграмы Народнага Фронту і перамовамі БХД і КПЗБ аб магчымым супрацоўніцтве. Па гэтай прычыне камуністы ўбачылі ў Сідаровічы фактар аслаблення іх і без таго падупаўшых уплываў сярод беларускіх рабочых Беластоку. Тым больш, што Сідаровіч падазраваўся камуністамі ў сувязях з дыфензівай (хаця, як паказала наша даследчыцкая практыка, да такіх абвінавачванняў з боку камуністаў трэба ставіцца даволі крытычна). Паводле актывіста КПЗБ М-ра група Сідаровіча ў снежні 1935 г. складалася з васьмі чалавек рабочых і хутка павялічвалася, асабліва за кошт моладзі. Камуністы, баючыся, што Сідаровіч, пачаўшы актыўную культурніцкую дзейнасць, паступова перацягне на свой бок усю патрыятычна настроеную моладзь, далі дазвол на ўступленне ў гурток БІГіКу 11-ці сваім прыхільнікам, якія ў перспектыве павінны былі ўзарваць гэты гурток знутры [3, 379]. Але да гэтага не дайшло.

Улады больш чым месяц не адказвалі на просьбу аб легалізацыі гуртка і, паводле дзеючага заканадаўства, калі б адказу ад беластокскага старасты не было да 8 снежня 1935 года, то гурток мог бы лічыцца зарэгістраваным. Аднак адказ прыйшоў 7 снежня, літаральна за 1 дзень да заканчэння тэрміну. У ім паведамлялася, што беластокскі страста на просьбу аб заснаванні гуртка БІГіКу ў Беластоку дае адмоўны адказ, паколькі гурток можа стаць “крыніцай злачынстваў і парушэнняў грамадскай бяспекі” і паколькі яго сябры былі раней сябрамі ўжо згадванага таварыства “Сяўба”. Зварот Сідаровіча да ваяводы, у якім той тлумачыў, што сябры гуртка БІГіКу ніколі не пазбаўляліся грамадзянскіх правоў і да “Сяўбы” не належалі, не даў вынікаў [6, 32-32адв.]. У той час польская адміністрацыя ўжо стала на пазіцыі г.зв. “нацыянальнай” (поўнай) асіміляцыі беларусаў і паслядоўна забаранялі дзейнасць усіх беларускіх арганізацыяў, незалежна ад іх палітычнай арыентацыі [10].   

Куды больш моцнымі і шматлікімі былі гурткі БІГіКу ў невялікіх гарадках і мястэчках. Местачковых гурткоў БІГіКу было вельмі многа. З 53 гурткоў БІГіКу ў 1933 г. каля 20 размяшчаліся ў населеных пунктах, якія можна аднесці ў катэгорыю ад вялікіх вёсак да маленькіх гарадоў. Гэта Жодзішкі, Будслаў, Браслаў, Ляхавічы, Іказнь, Новая Мыш, Мядзведзічы, Рубяжэвічы і іншыя. Актыўнасць местачкоўцаў у беларускім руху зразумелая, яны менш, чым гараджане, падпадалі пад паланізацыйныя ўплывы і адначасова былі больш адукаваныя за вяскоўцаў, таму і ім і хапала смеласці засноўваць гурткі БІГіКу не кіруючыся ў радыкальныя, але адначасова кіруемыя з усходу беларускія арганізацыі кшталту КПЗБ. Нельга таксама забываць і пра тое, што дзе-нідзе, напрыклад у Жодзішках, працавалі беларускія ксяндзы і таму нават праз многа гадоў пасля іх ад’езду там былі моцныя беларускія асяродкі.

Дарэчы сказаць, гурток у Жодзішках быў мабыць найбольшай местачковай арганізацыяй БІГіКу. У 1933 г. у ім было 47 сяброў, за год яны паставілі 4 спектаклі і арганізавалі 1 лекцыю [6, 85]. Актыўную асветніцкую працу праводзіў гурток у Будславе (у канцы 1931 г. уім было 12 сябоў) [5, 166]. У 1934 г. ён валодаў бібліятэкай з больш чым 600 кніжкамі (з іх 2/3 беларускія), бібліятэку наведвала 88 чалавек [2]. За год гурток паставіў 2 тэатральныя спектаклі, выпісваў 13 газет і часопісаў, наладзіў супрацоўніцтва з распушчанымі гурткамі ТБШ з ваколіцаў мястэчка [6, 101 і 162]. Актыўна дзейнічалі гурткі ў Новай Мышы і Рубяжэвічах, у апошнім налічвалася 16 сяброў. Абодва гурткі аднак сутыкаліся з вялікімі матэрыяльнымі цяжкасцямі і пастаянным пеаследам з боку польскіх улад.

Большасць гурткоў БІГіКу была ліквідавана польскімі ўладамі ў канцы 1936-пачатку 1937 гг., пасля таго, як беларускія хрысціянскія дэмакраты разам з заходнебеларускімі камуністамі разгарнулі г.зв. “школьную акцыю” (прапагандысцкую кампанію за заснаванне школ з беларускай мовай навучання). Аднак, нягледзячы на рэпрэсіі з боку польскіх уладаў, беларускія патрыятычныя суполкі (праважна з ліку хадэкаў, былых сяброў БІГіКу, ТБШ, БСРГ і КПЗБ) праіснавалі ў гарадах і мястэчках Заходняй Беларусі да 17 верасня 1939 года [1]. 

 

  1. Вашкевіч А. Супрацоўнітва паміж БХД і КПЗБ (восень 1935 – восень 1936 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. – 2006. – №10. – С. 5-10.
  2. Беларуская Крыніца. – 1934. – №3. – 15.01. – С. 2.
  3. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). – Ф. 242-п. – воп. 1. – спр. 218.
  4. НАРБ. – Ф. 880. – воп. 1. – спр.10.
  5. НАРБ. – Ф. 880. – воп. 1. – спр.11.
  6. НАРБ. – Ф. 880. – воп. 1. – спр.12.
  7. НАРБ. – Ф. 880. – воп. 1. – спр.14.
  8. НАРБ. – Ф. 880. – воп. 1. – спр.15.
  9. Мазько Э. Дзейнасць Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў 1926-1935 гг. / Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа. – Гродна, 2003. – С. 144-150.
  10. Mironowicz Eugeniusz. Białorusini, komunizm i władze sanacyjne w latach 1937-1939 // Białoruskie Zeszyty Historyczne.- 2006.- №25. – S. 102-115.
  11. Moroz M. „Krynica”. Ideołoqia i przywódcy białoruskieqo katolicyzmu. – Białystok, 2001. – 230 s.
  12. Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии. – Минск: Наука и техника, 1978. – С. 267.

 

 

Гарадскія і местачковыя арганізацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры (1921-1939 гг.) / Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры. – Гродна, 2007. – С. 198-201.

Болей навін