Георгі Дзмітрук. Чаму мы зноў маўчым?
Падатак на «дармаедства», на мой погляд, уступае ў відавочныя супярэчнасці не толькі з Канстытуцыяй, але і з Бібліяй.
Па-першае, падаткі, па прыкладзе дзесяціны, і па сваёй логіцы, можна браць толькі з даходу або прыбытку ад гаспадарчай дзейнасці. Біблія называе такую падаткаабкладаемую базу ёмістым тэрмінам: «плады зямлі тваёй». Біблія, Другі закон 26:12.
Па-другое, пад прыгнёт «ілжэдэкрэту» трапляюць людзі, якія страцілі карміцеля (удовы і сіроты), а таксама людзі, якія не маюць рэгулярнага даходу (прыхадні). Гэта адмысловая група людзей, якая не можа выступаць «донарамі» ўлады, і больш за тое, гэтыя людзі трапляюць пад прамы пратэктарат аўтарытэту самой Бібліі.
Выхад 22:22-24: «Ні ўдавы, ні сіраты ня ўціскайце; калі ж ты ўцісьнеш іх, то, калі яны залямантуюць да Мяне, Я пачую лямант іхні, і запалае гнеў Мой, і заб’ю вас мечам, і будуць жонкі вашыя ўдовамі і дзеці вашыя сіротамі».
Галоўная думка гэтага жорсткага тэксту – не чапайце слабых, бедных і маламаёмасных!
У такім кантэксце Біблія дае строгую ацэнку ўсім удзельнікам «аблавы на дармаедаў» – дэпутатам, чыноўнікамі, суддзям, падатковым інспектарам і іншым «апрычнікам»: «Князі твае – законаадступнікі і пасобнікі злодзеяў; усе яны любяць дарункі і ўгоньваюцца за грашыма; не бароняць сіраты, і гора ўдавы ня абыходзіць ім». (Ісая 1:23)
Усё гэта я прачытаў у маёй Бібліі.
Дэпутаты, у нібыта дэмакратычнай краіне, у сваёй большасці маўчаць. «Гарант» Канстытуцыі адпачывае ў Егіпце
А што вы думаеце з гэтай нагоды? А што ў вашых Бібліі напісана ў дачыненні да збірання падатку на «дармаедаў»?