Павел Севярынец: ці сумяшчаюцца хрысціянства і дэмакратыя? (відэа)

08 мая 2017 18:12  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: ці сумяшчаюцца хрысціянства і дэмакратыя? (відэа)

 

Прадстаўляем вашай увазе
новы відэазварот сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца,
запісаны да яго зняволення за першатравеньскую дэманстрацыю. На гэты раз ён
прысвечаны спалучэнню хрысціянства і дэмакратыі:

Беларуская хрысціянская дэмакратыя як палітычная партыя спрабуе
зарэгістравацца ў Беларусі вось ужо сёмы раз. Усе сем разоў мы атрымлівалі
адмовы. Больш за дваццаць разоў мы спрабавалі зарэгістраваць абласныя,
маладзёвыя, грамадскія арганізацыі, якія ўтрымлівалі ў сабе назву хрысціянская
дэмакратыя. Адзін з апошніх адказаў – адказ берасцейскага аддзялення Мінюста – быў
вельмі паказальны. Мінюст не знайшоў да чаго дачапіцца – у нашых паперах усё
было дасканала, тады ён фармулюе наступны адказ: “Мы ўвогуле не разумеем, як
спалучаецца хрысціянства і дэмакратыя”.

 

 

Мы, канечне, прапанавалі берасцейскаму Мінюсту звярнуць увагу на Ангелю
Меркель, на Хрысціянска-дэмакратычны саюз, на тое, што ў сарака краінах Еўропы
з сарака дзейнічаюць хрысціянска-дэмакратычныя партыі; на тое, што ў 39 краінах
у адрозненні ад Беларусі яны зарэгістраваныя, але гэты аргумент не спрацаваў.

Што ж давайце разбярэмся – ці сумяшчаюцца насамрэч хрысціянства і
дэмакратыя. Што такое дэмакратыя? Гэта фактычна рашэнне, прынятае большасцю.
Калі людзі збіраюцца і большасць з іх лічыць такое ці іншае рашэнне лепшым, яны
гэта рашэнне прымаюць і робяць агульным, праводзяць у жыццё. Сучасная
дэмакратыя дадае: дэмакратыя – гэта ўлада большасці, але пры павазе інтарэсаў
меншасці.

Паглядзім, што адбываецца ў цэрквах. Кіруючыя ворганы цэркваў абіраюцца з
дапамогай механізму дэмакратыі. Выбары Папы Рымскага – гэта выбары большасцю,
гэта дэмакратыя. Выбары ў многіх пратэстанцкіх грамадах, выбары прэсвітараў,
выбары дыяканаў, – гэта таксама дэмакратычная працэдура. Выбары на Саборах,
альбо Сінодах праваслаўнае царквы – гэта таксама дэмакратычная працэдура. Дык
вось, для царквы дэмакратыя не з’яўляецца праблемай. Хрысціянская ж дэмакратыя –
гэта ўлада Божага народу, гэта ўлада тых людзей, якія вераць у Бога і стараюцца
следаваць Ягоным запаведзям.

Бог дае чалавеку вольную волю, а гэта аўтаматычна азначае, што разам з
вольнай воляй маецца на ўвазе і самакіраванне – аснова хрысціянскай дэмакратыі.
Паспрабую праілюстраваць карані хрысціянскай дэмакратыі праз выслоўі Ісуса
Хрыста з Евангелля.

“Аддавайце кесару кесарава, а Богу Божае”. Так напісана ў Евангеллі паводле
Мацвея 22:21. Тут ідзе гаворка пра юрысдыкцыю дзяржавы і падаткі. У цэлым
чалавечае жыццё належыць Богу, але ёсць сферы, якія падпадаюць палітыцы.

“Ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і спатрабуецца; і каму шмат даверана,
з таго болей зышчуць” (Лукі 12:48). Тут фармулюецца цалкам палітычны прынцып
адказнасці – той, хто займае высокую пасаду, адказны за тое, што адбываецца ў
сваім горадзе, рэгіёне ці краіне.

“Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць
прыйшоў Я, а здзейсніць”, кажа Ісус у Евангеллі паводле Мацвея 5:17. Тут ідзе
гаворка пра строгае выкананне закона, якога павінен прытрымлівацца кожны
хрысціянін і канечне кожны дэмакрат.

“Хто хоча між вамі большым быць, хай будзе вам слугою”, з Евангелля паводле
Мацвея 20:26. Кіраванне фармулюецца тут, не як уладаранне ў першую чаргу, а як
служэнне, служэнне свайму блізкаму.

“Бо вось, Царства Божае ўнутры ў вас ёсць”, Евангелле паводле Лукі 17:21.
Хрысціянская палітыка пачынаецца з сэрца.

“Як хочаце, каб з вамі рабілі людзі, так і вы рабіце з імі”, Евангелле
паводле Лукі 6:31. Тут фармулюецца прынцып агульнага дабра. Кожны чалавек
павінен уяўляць да чаго прыводзяць ягоныя дзеянні і ці будуць яны добрымі для
ўсіх людзей. Мерыць ён можа і па сабе – як Вы хочаце, каб людзі паступалі з
Вамі, так і Вы паступайце з імі.

“Што вы сказалі ў цемры, тое ўчуецца на святле; і што казалі на вуха ўсярэдзіне
дома, тое будзе абвешчана з дахаў”, кажа Ісус у Евангеллі паводле Лукі 12:3.
Гэта вядомы прынцып свабоды слова.

“Найболей шукайце Царства Божага, і гэта ўсё дадасца вам”, Евангелле
паводле Лукі 12:31. Хрысціянскія прынцыпы даюцца тут, як аснова жыцця і аснова
палітыкі.

“Хто паставіў Мяне судзіць альбо дзяліць вас”. Адно з самых істотных
сведчанняў чалавечага самакіравання кажа Ісус у Лукі 12:14. У хрысціянскай дэмакратыі
гэта азначае субсідыярнасць, то бок чалавек мае права, поўнае права
распараджацца сваімі магчымасцямі на тым узроўні, на якім гэтыя магчымасць
альбо гэтыя праблемы існуюць. Так званы прынцып субсідыярнасці, на якім
трымаюцца моцныя мясцовыя супольнасці.

“Калі застанецеся ў слове Маім, дык вы ў ісціне Мае вучні. І спазнаеце
праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі”, евангелле паводле Яна 8:31-32.
Свабода, сапраўдная свабода ня ёсць уседазволенасцю, сапраўдная свабода ў
Хрысце.

Такім чынам, дарагія сябры, мы бачым, што Хрыстос Сваімі выслоўямі ў
Евангеллі, Сваім Словам стварыў асновы для хрысціянскае дэмакратыі.

Тым жа, хто кажа, што палітыка – гэта справа не Божая, тыя, хто кажа, што сапраўднаму
хрысціяніну месца ў палітыцы няма, трэба памятаць, што там, адкуль выганяюць
Бога, пануе д’ябал.

Дык вось, каб д’ябал не панаваў у нас, у Беларусі, мы і будуем хрысціянскую
дэмакратыю. Задача хрысціянскай дэмакратыі не ў тым, каб пабудаваць рай на
зямлі, гэта немагчыма, рай будзе толькі на нябёсах, але задача ў тым, каб не
дапусціць на зямлі пекла. І хрысціянская дэмакратыя, якая пачынае з чалавечага
сэрца, імкнецца менавіта да гэтага.

Болей навін