Віталю Рымашэўскаму прысудзілі штраф за вандроўку на мітынг у Гомель
Сустаршыні
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталю Рымашэўскаму ДАІ выпісала штраф за
вандроўку 1 траўня на мітынг у Гомелі. Нагадаем, што машыну палітыку па дарозе
ў Гомель спынялі пяць разоў, у выніку чаго ён вымушаны быў пакінуць аўтамабіль
і дабірацца да акцыі пешшу.
“На мяне склалі
пратакол за тое, што я нібыта рухаўся ў скрайняй левай паласе на хуткаснай
трасе пры тым, што ў правай паласе нібыта не было машын. Такую падставу
супрацоўнік ДАІ прыдумаў толькі пасля таго, як мы пад відэазапіс настойліва патрабавалі
ад яго назваць прычыну нашага спынення”, – адзначыў сустаршыня БХД.
Паводле яго, ДАІ
выкарыстоўваецца як інструмент ціску на апазіцыю. Ён нагадаў, што палітыкам не
далі даехаць на акцыю пратэсту ў Берасці ў сакавіку. “Нас спынялі пад рознымі
надуманымі падставамі: ці то машына нібыта скрадзеныя, ці то мы нібыта падазраемся
ў махлярстве. А пасля сканчэння акцыі ў Берасці нас без складання пратаколу
адпусцілі. І па дарозе на мітынг у Гомелі ўсё паўтарылася”, – падкрэсліў Віталь
Рымашэўскі.
Ён таксама
нагадаў, што на падставе сведчанняў аднаго міліцыянта і без відэазапісу была
пазбаўленая пасля акцыі ў Маладзечне правоў кіроўцы лідар
Сацыяльна-хрысціянскага руху Вольга Кавалькова. “Гэта адна з формаў рэпрэсій.
Як раней выкарыстоўвалі падаткавую, так раней выкарыстоўваюць ДАІ”, – заявіў
палітык.
“Хоць сума штрафу
– адна базавая велічыня – і невялікая, рашэнне аб яго накладанні буду
абскарджваць, бо яно палітычна-матываванае”, – заявіў сустаршыня БХД.