КУЛЬТУРНЫ МАРКСІЗМ І ЯГО КАМІСАРЫ: адкрыты ліст Паўла Севярынца
Адкрыты ліст да сябраў Беларускага ПЭН-Цэнтру
Сябры!
26 кастрычніка – З’езд (Агульны сход) Беларускага ПЭН-Цэнтру.
Прыйшоў час распавесці пра тое, чаму насамрэч у лютым гэтага года Рада ПЭНу ў складзе сямі чалавек (пасля зацятых спрэчак большасцю галасоў) прыняла рашэнне выключыць мяне са складу ПЭНа, чаму я буду аспрэчваць гэтае рашэнне на З’ездзе – і чаму ўся гэтая гісторыя, як ня дзіўна, мае значэнне для сучаснай беларускай культуры.
Пачну з пачатку.
Прымалі мяне ў ПЭН людзі, якіх я вельмі паважаю. Увосені 2006 года ў Малое Сітна, дзе я адбываў ссылку за акцыю пратэсту супраць рэферэндуму пра трэці тэрмін, прыехаў цэлы бус знакамітых пісьменнікаў. Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч уручылі мне прэмію Алеся Адамовіча за “Лісты з лесу” – і сяброўскі білет.
За гэты час што-нішто змянілася: Андрэй Хадановіч, які стаў кіраўніком ПЭНу ў 2009-ым, за некалькіх гадоў прыцягнуў у арганізацыю групу радыкальных адэптаў культурнага марксізму – агрэсіўных феміністак, гей-лобі, агітатараў лявацтва.
На папярэднім З’ездзе ў кастрычніку 2017 года я выступіў з крытыкай антыкультурных мерапрыемстваў, у апошнія гады падтрыманых ПЭН-Цэнтрам: фотавыставы, прысвечанай “камінг-аўтам” з выявамі аголеных гомасэксуалістаў проста ў офісе ПЭНу на Залатой горцы (не беларускіх літаратараў, не палітычных вязняў – гомасэксуалістаў), усемагчымых “семінараў” і “фэстаў” ініцыятывы геяў і лесбіянак “Мэйкаут” пад эгідай ПЭНу, і да т.п.
Зразумела, тут жа пачаліся выступы Хадановіча, Бахарэвіча ды іх таварышаў пра “гамафобію”, “хэйт-спічы” і так далей. Старэйшае пакаленьне ПЭНаўцаў (Уладзімір Някляеў, Лявон Баршчэўскі) пакрыўджаных “левых” супакойвала – маўляў, ідзецца пра выказванне свайго меркавання.
Але стала зразумела, што “левыя”, якія на дух не выносяць хрысціянаў, сціснулі зубы і будуць помсціць.
У другой палове 2018-га, пакуль я адбіваўся ад судовых выканаўцаў па курапацкіх штрафах (у выніку за нясплату ў мяне сканфіскавалі нават тэлефон і гадзіннік), з мэйлу ПЭНа мне настойліва прысылалі патрабаванні наконт унёскаў. 12 лістапада я даслаў на пошту сакратаркі Дар’і Візнер кароткі адказ, дзе паведаміў, што не плачу ўнёскі з прычыны арганізацыі ПЭНам мерапрыемстваў, якія я не падтрымліваю.
Пасля майго адказу сярод сябраў Рады абмяркоўвалася рашэнне выключыць мяне са складу ПЭНу. Але яно не было прынята – бо справа, вядома, была зусім не ва ўнёсках.
Сапраўдным штуршком для майго выключэння стала падача заяваў на ўступленне ў ПЭН двух пісьменнікаў-хрысціянаў: Анатоля Астапенкі і Аляксея Шэіна. У снежні мінулага года я перадаў сябрам Рады заявы і рэкамендацыі.
Ах так, абурыліся “левыя”, ён яшчэ пісьменнікаў-хрысціянаў у ПЭН прапаноўвае! Няйнакш, хоча змяніць кіраўніцтва на будучым З’ездзе. Вы толькі падумайце, які неверагодны цемрашал! І вось у лютым група “левых радыкалаў” паставіла пытанне ў Радзе – і пасля зацятых спрэчак з Уладзімірам Арловым прагаласавала за выключэнне большасцю.
Ніхто мне нічога не паведаміў. Усё стала вядома выпадкова, праз два месяцы: адзін з “левых” пры людзях пахваляўся, што “Севярынца нарэшце выключылі”.
Напрыканцы лютага я атрымаў дзесяць сутак за арганізацыю акцыі падтрымкі палітвязняў на Кастрычніцкай плошчы, а пазней – яшчэ пятнаццаць ды вялізны штраф за спробы перашкодзіць крыжалому ў Курапатах. Але ж лукашэнкаўскія спектаклі за публікацыю закліку на акцыю ды стрым з крыжалому прынамсі адбываліся адкрыта (людзей пускалі ў залю “суда”), у ПЭНе ж мой лёс вырашалі таемна нават ад мяне.
Што маем у выніку? У ПЭНе атаборылася каля дваццаці чалавек “левых” – агрэсіўная крыклівая меншасць. Іх ідэалогія – культурны марксізм і прапаганда ЛГБТ. Бога няма. Усё дазволена. Быццё вызначае свядомасць. Ва ўсім вінаватая “среда”, поўная рэлігійных і нацыянальных забабонаў. Даеш роўнасць – найперш роўнасць вычварэнняў з нормай. Раней ворагамі абвяшчаліся “буржуі”, цяпер – хрысціяне.
Падчас скандалу з Лазуткіным у 2016-ым годзе, калі каманда Хадановіча ўзялася абараняць ад “дыскрымінацыі” расейскамоўнага камуністычнага агітатара, многія недаўмявалі: як беларускія чальцы ПЭНу могуць падтрымліваць мярзоту, каторая плюе на курапацкія магілы і ганіць Беларусь?
А якія праблемы? Лявак левака бачыць “іздалека”.
Аддаваць заснаваны тут патрыярхамі Адраджэння ПЭН, які прадстаўляе беларускую літаратуру на міжнародным узроўні, групе культурных марксістаў нельга.
У чэрвені гэтага года ў Раду ПЭНу былі пададзеныя дакуманты на ўступленне яшчэ сямі пісьменнікаў, паэтаў і публіцыстаў – хрысціянаў: гісторыка Андруся Ўнучка, пісьменніка, аўтара бестсэлера “Залаты век Беларусі” і перакладчыка Бібліі Антонія Бокуна, публіцыста Алеся Гелагаева, пісьменніка Уладзіміра Бруя, пераможца конкурса “Кніга года – 2018” сярод чытачоў празаіка Яўгена Зубовіча, паэткі і перакладчыцы, дыпламанткі прэміі “Экслібрыс” Ганны Станіславенкі, даследчыка беларускай культуры і публіцыста, аўтара “Нашай гісторыі” Паўла Булатага.
Толькі адзін з іх (адзін!), Андрусь Унучак, быў прыняты Радай у склад ПЭНу. Яшчэ тром сказалі “пачакаць” (пэўна, пакуль З’езд пройдзе), а трох увогуле адхілілі – маўляў, малавата публікацыяў. “Левых”, вядома, прымалі ў свой час без праблемаў.
Днямі ў ПЭН былі пададзеныя яшчэ дзве заявы – ад евангельскіх хрысціянак, паэткі Дашы Зубовіч і эсэісткі Ніны Лістоты. Вынік той жа: сакратарка паведаміла, што Рада надта занятая, да разгляду аб сяброўстве справа не дайшла.
Што ж гэта за арганізацыя, каторая настолькі не зацікаўленая ў прыняцці новых сябраў?
Нянавісць і дыскрымінацыя, пра якую з пенай ля роту ўвесьчас гавораць камісары культурнага марксізму, тут відавочная. Хрысціянін? Выкінуць з ПЭНу, заткнуць рот альбо не дапускаць у арганізацыю. Бальшавізм. Найгрубейшае парушэнне Статуту ПЭНа і Міжнароднай хартыі ПЭН-клуба.
З’езд мусіць даць гэтаму ацэнку.
На З’ездзе будзе вырашацца пытанне пераабрання Рады і старшыні.
Хто цяпер у складзе Рады ПЭНу? Сямёра. Андрэй Хадановіч, заснавальнік лявацкага “гнязда”. Павел Анціпаў (чый брат, Коля Анціпаў, заснавальнік сумнавядомага “Мэйкауту”, рабіў непатрэбствы пад дахам ПЭНу) – камісар радыкальнай групоўкі. Алена Казлова, вядомая як Анка Упала, каторая нават на афіцыйных мерапрыемствах ПЭНу з’яўляецца ў цішотцы з надпісам матам па-ангельску. Перакладчык Уладзімір Лянкевіч з той жа”левай” групы. Пісьменнік Сяргей Дубавец, які нядаўна ўзначаліў масонскую ложу і даў на гэты конт некалькі інтэрвію. Паэтка Таццяна Нядбай, кіраўніца ПЭНу, што мусіць падпарадкоўвацца ў Радзе большасці. І – паважаны мною голас здаровага розуму ў гэтай кампаніі, пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў.
Асабліва змрочная роля тут у Анціпава. Менавіта гэты мала каму вядомы празаік, што піша па-расейску, маніпулюе Радай у справах кадраў, праектаў, падзеяў, прэміяў і вырашае лёсы беларускай літаратуры.
Надышоў час расставіць кропкі над “і”.
Для Беларусі з яе тысячагадовай хрысціянскай гісторыяй радыкальнае лявацтва – смяротная пошасць. Тысячу гадоў Беларусь была моцная, калі верыла ў Бога і трымалася дэмакратычнага самакіравання. Полацкае Княства – вечавая хрысціянская дэмакратыя. Вялікае Княства Літоўскае ў пару росквіту – шляхецкая хрысціянская дэмакратыя.
Ад самых пачаткаў пісьменнасці (а яна прыйшла ў Беларусь менавіта з хрысціянствам), выяўленчага мастацтва, музыкі, кнігадрукавання – беларуская культура глыбока і празрыста напоўненая святлом Евангелля.
У нашых нацыянальных героях першай велічыні мы скрозь бачым людзей, якія верылі ў Ісуса Хрыста як свайго Госпада і Збаўцу: Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Альгерд, Вітаўт, Мікола Гусоўскі, Францішак Скарына, Мялет Сматрыцкі, Мікалай Радзівіл Чорны, Канстанцін Астрожскі, Ян Хадкевіч, Леў Сапега, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч.
Ніводная асоба ў беларускай культуры не зможа і блізка параўнацца па частаце згадак з Ісусам Хрыстом. Ніхто, акрамя Яго, не мае ў Беларусі такой грандыёзнай калекцыі твораў літаратуры і мастацтва, яму прысвечаных.
І вось, прыплылі: антыхрысціянтва абвяшчаецца “перадавым краем” беларускай культуры.
Сто гадоў таму радыкальныя марксісты, якія ненавідзелі Бога, спрабавалі асядлаць беларускі нацыянальны рух і ўсталяваць таталітарную дыктатуру. Мы памятаем і трагедыю беларускіх сацыялістаў, і КПЗБ, Тарашкевіча і Дудара, шматлікіх беларускіх паэтаў-камуністаў, якія крычалі перад расстрэлам: “Я не вінаваты!..”
А цяпер увага: чаму гэта важна менавіта сёння, у 2019-ым.
Беларуская незалежнасць пад пагрозай. Па Беларусі навалай ідзе расейская прапаганда пра “Гейропу”: маўляў, Пуцін прыдзе і абароніць вас ад хцівага ды разбэшчанага Захаду і ягонай “пятай калоны”. А нашы культурныя марксісты ёй, расейскай прапагандзе, падыгрываюць – і аж высіляюцца, каб паказаць: так! Мы, “прагрэсіўныя” беларусы, за гей-парады! Мы за фемінізм! Мы супраць хрысціянства!..
Ды рэч у тым, што больш за 80% беларусаў не прымаюць абсурднага культурнага марксізму. Беларускія культурныя і палітычныя дзеячы, гатовыя ўдзельнічаць у гэтым цырку, выстаўляюцца на смех і паглум “рускім мірам” – і люд паспаліты, адштурхнуты брыдотай, становіцца на бок Пуціна.
Скажаце, падумаеш, гендар-шмендар, што, няма іншых праблемаў? Ды тут і цяпер Расея вакол пальца абводзіць увесь беларускі рух, карыстаючыся выгоднай заходняй бздурай.
Атаясамленне пошлай лявацкай бязглуздзіцы і абсурду з беларускай культурай прама штурхае хрысціянаў – каталікоў, пратэстантаў, не заражаных імперскасцю праваслаўных – у абдымкі Крамля. Паверце, за два апошнія гады неаднойчы чуў гэта ад шматлікіх святароў і вернікаў. А менавіта Касцёл сёння – галоўная структура беларусізацыі ў нашай краіне. Не камуністычнае Мінадукацыі, не жалю варты Мінкульт, не ўніверсітэты ці тэлевізія, і нават не шаноўныя пісьменніцкія саюзы. Касцёл. Мільён вернікаў, якія спяваюць, моляцца, размаўляюць, чытаюць і пішуць па-беларуску.
Бітва за незалежнасць насамрэч ідзе не ў калідорах улады паміж Лукашэнкам ды Пуціным – гэтыя паміж сабой дамовяцца, крумкач крумкачу вока ня выдзяўбе. Бітва ідзе ў душах беларускага народа. І пакуль мы прайграем Расеі – у тым ліку таму, што многія беларускія дзеячы ды актывісты ўпалі ў марксісцкую аблуду.
Наша сапраўднае апірышча – стагоддзі магутнай беларускай хрысціянскай культуры. Полацкая Сафія. Біблія Скарыны. Статут ВКЛ. “Песня пра Зубра”. Постаці волатаў. Паспрабавалі б вы паагітаваць за садамію Мікалая Радзівіла альбо Вітаўта, Сапегу ці Астрожскага, Каліноўскага ці Багушэвіча. Сказалі б вы пра тое, што “ученіе Маркса верно”, у твар катаваным Адаму Станкевічу, Ларысе Геніюш, Францішку Аляхновічу альбо Язэпу Германовічу.
А яны глядзяць на нас з неба.
Такім чынам: што рабіць.
На З’ездзе прыстойным беларускім паэтам, пісьменнікам і публіцыстам, якіх у ПЭНе большасць, трэба выдаліць з Рады групоўку марксісцкіх “камісараў”.
Камунізм розных гатункаў – бальшавізм, марксізм, найноўшы леваліберальны радыкалізм – мае быць адкінуты беларускай культурай нароўні з нямецкім нацызмам і расійскім імперыялізмам як варожая Беларусі ідэалогія. Інакш мы асуджаныя вяртацца да курапацкіх ямаў. Інакш Лукашэнка, крыжалом і лазуткіны здадуцца нам кветачкамі.
Трэба спыніць ганебную бальшавіцкую практыку пераследу вернікаў і прыняць у склад ПЭН-цэнтру восем пісьменнікаў-хрысціянаў, якія падалі заявы ў адпаведнасці са Статутам.
Заклікаю сябраў ПЭН-цэнтру падтрымаць “Ноч расстраляных паэтаў”, якую ладзіць Зміцер Дашкевіч, курапацкую варту і шэсце на Дзяды – каб ушанаваць ахвяраў камісарскага тэрору.
Творцам усё-такі варта заставацца творцамі, а не разбуральнікамі.
Творцамі – на ўзор Таго, Хто даў нам, паводле словаў класіка, мову, Хто калісьці стварыў і гэты свет, і гэтую зямлю.
Павел Севярынец, пісьменнік.