Павел Севярынец. Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!
Сябры!
Сабраў асноўныя пытанні, якія за два дні найчасцей задавалі на сустрэчах ды ў сацыяльных сетках.
Адказваю.
Пішуць: ды ніхто ня будзе ўдзельнічаць у вашым народным галасаванні.
Мілыя мае, я кожны год праяжджаю больш як сто гарадоў і мястэчак з сустрэчамі і прэзентацыямі кнігаў. Дзясяткі людзей у райцэнтрах, поўныя хаты ў мястэчках. За апошні год людзей больш у сярэднім у паўтара разы. Людзі хочуць надзеі. Людзі ня хочуць яшчэ пяць гадоў ныць у сацсетках пра абрыдлае. Людзі хочуць пераменаў.
Пішуць, ты радыкальны.
Дарагія! Ды беларусы цяпер у разы больш радыкальныя, чым вы. Яны плююцца ад бяззубасці і імітацыі, а не ад рашучасці. Памятаю выступ на адным з недармаедскіх мітынгаў, калі прадстаўнік апазіцыі прапанаваў “дыялог” з райвыканкамам. Яго засвісталі.
Пішуць: “Даеш удзел да канца!” Пішуць: “Даеш байкот!”
І рвуць адно аднаго ў сеціве. Беларусы так умеюць. Насмерць.
Сябры! Не стамлюся паўтараць зноў і зноў. Рэжым сутыкае нас ілбамі, і ўпотай рыхтуе фальсіфікацыі. Наша яднанне магчыма толькі тады, калі мы РАЗАМ, і удзельшчыкі, і байкотчыкі, выйдзем на масавы пратэст супраць фальсіфікацыяў НАПАЧАТКУ КАМПАНІІ.
Безагаворачны ўдзел – гэта вельмі проста: моўчкі выконваеш працэдуру Ярмошынай, сапеш у дзьве дзіркі і атрымліваеш намаляваны 1%.
Безагаворачны байкот – гэта яшчэ прасьцей: нічога ня трэба рабіць, і нічога ня будзе.
А вось змаганне за вольныя выбары – гэта ох як няпроста. Абранне адзінага лідэра падчас шматлюднага народнага галасавання. Масавыя кампаніі “Далоў Ярмо! Далоў Луку!”. Паўсюднае вылучэнне ў камісіі. Стрымы на тысячы гледачоў па ўсёй Беларусі. Могуць затрымаць і даць штраф? Пасадзіць на суткі? А ведаеце, свабоду так проста не даюць. Яе здабываюць. Чыталі Купалу? “Кроўю, потам – ня быць скотам!”
Будуць масавыя рэпрэсіі? Тады – масавы байкот.
Пішуць: “Масавы пратэст супраць фальсіфікацыяў пасля абвяшчэння “выбараў” – гэта фантазіі. Нічога ня будзе.”
Па веры вашай будзе вам. Напісаў Паша пост, што трэба выйсьці на вуліцы і ламаць сцэнар фальсіфікацыяў – сто сабраліся выйсьці. Напісаў Саша, што ўсё гэта лухта, фантазіі і ніхто ня выйдзе – дваццаць са ста падумалі і засталіся дома глядзець стрым. Так гэта працуе. Таму, калі можаш – дапамагай і станавіся побач. Ня можаш – не перашкаджай.
Паўтаруся, у снежні таксама ніхто ня верыў, што людзі выйдуць за незалежнасць. Выйшлі.
Пішуць: “Ну здымуць Ярмошыну, і што? Ну, будзе ўдзельнічаць Лука, і што?”
Сябры, а вы спрабавалі некалькі месяцаў будзіць народ пад гэтымі лозунгамі – па ўсёй Беларусі? Хадзіць ад дзьверы да дзьверы? Пераконваць, запальваць? Спрабавалі ў маштабах Беларусі размаўляць вочы ў вочы з тысячамі фальсіфікатараў, якія жывуць сярод вас? Прапаноўвалі ім адмовіцца, ды хаця б “захварэць”? Падчас народнага галасавання мы гэта пачнем.
Калі народу гэта сапраўды ня трэба – усё будзе марным. Але калі НАРОД падымецца – ніхто яго не пераможа.
Пішуць, трэба спакойна весці ціхую стваральную працу і чакаць, пакуль рэжым сам дасць дуба.
Ага. Дасць дуба гэты, прыдзе іншы. Альбо Масква. А народ праплыве міма. Стваральную працу трэба весці, я сам кнігі пішу, выдаю і тысячамі па краіне развожу. Але прыходзіць час, калі трэба на вуліцу выйсці, каб зразумець, наколькі змяніліся людзі за гады тваёй стваральнай працы. Можа быць, ужо пара.
Пішуць: “Ну-ну, на плошчы крычаць – гэта не перамовы пра нафту весці. А вось ці зможаш сесці за стол з Пуціным і не спасаваць?”
За дваццаць пяць гадоў у мяне бывалі і васьмігадзінныя допыты ў КГБ, і начныя маўчанні перад следчымі, і вывазы ў лес з пагрозамі закапаць. Так што ў вочы бандытам я глядзець умею. І сказаць кагэбэшніку Пуціну “Не” альбо паставіць яму умовы, паверце, змагу.
Калі мы будзем разам, адзіным народам, у адным духу – нас будзе не разбіць, не спыніць, не стрымаць.