Марына Хоміч узначаліць працу па справах моладзі ў Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства
Сябру савету беларускага нацыянальнага моладзевага савету «РАДА», Каардынацыйнага камітэту Нацыянальнай платформы Усходняга партнёрства Марыну Хоміч абралі сукаардынатарам Падгрупы па справах моладзі Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства.
Другім сукаардынатарам падгрупы абраная Аксана Бондар з Украіны. Такое рашэнне было прынятае падчас 7-й Штогадовай Асамблеі Форума Грамадзянскай супольнасці краін Ўсходняга партнёрства, які праходзіць у Кіеве.
Падгрупа будзе займацца пытаннямі моладзі, далучэннем яе да прыняцця рашэнняў як на заканадаўчым узроўні ўнутры краіны, так і ўнутры грамадскіх арганізацый ды рухаў, пытаннямі нефармальнай адукацыі, выклікамі, якія стаяць перад моладдзю.
“Форум Грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства – важны інструмент камунікацый паміж грамадскімі арганізацыямі і ўрадамі краін Усходняй Еўропы. Зараз робіцца шмат праграмаў і распрацоўваецца шмат рэформаў у галіне адукацыі, рэфармавання беларускага заканадаўства. Сваёй галоўнай задачай я бачу тое, каб голас беларускай моладзі быў пачуты, каб Беларусь, беларускую моладзь не прадстаўлялі толькі бутафорскія праўладныя арганізацыі – БРСМ, піянеры. Мы будзем настойваць, каб роўны доступ да працы з моладдзю атрымалі ўсе грамадскія арганізацыі, каб моладзь Беларусі мела правы і свабоды такія ж, як іх аднагодкі ў Еўропе”, – падкрэсліла Марына Хоміч.