У Магілёве Хрысціянскія Дэмакраты пачалі падрыхтоўку да кампаніі 2016 года
Правядзеннем круглага стала па пытаннях медыцынскага абслугоўвання ў Магілёве мясцовыя актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” пачалі падрыхтоўку да парламенцкай кампаніі 2016 года.
Круглыя сталы, якія будуць праводзіцца хрысціянскімі дэмакратамі па розных пытаннях, з’яўляюцца складнікам падрыхтоўкі да бліжэйшай кампаніі, заявіў каардынатар аргкамітэта БХД Алег Аксёнаў.
У пасяджэнні круглага стала па пытаннях медыцынскага абслугоўвання, які прайшоў у Магілёве 1 снежня, удзельнічалі прыкладна 10 чалавек – актывісты аргкамітэта, пенсіянеры, медработнікі сярэдняга звяна, настаўнікі. На мерапрыемстве былі прадстаўленыя вынікі апытання, праведзенага актывістамі ў Магілёве адносна якасці медабслугоўвання. Былі апытаныя 100 чалавек – 50 жанчын і 50 мужчын. Больш за 90% з іх пагадзіліся з тым, што беларускай медыцыне патрэбныя пераўтварэнні з мэтай яе паляпшэння.
Нягледзячы на тое што Канстытуцыя гарантуе грамадзянам Беларусі бясплатнае медабслугоўванне, з 36 паслуг у паліклініках 31 з’яўляецца платнай, адзначыў Аксёнаў. Пры гэтым, паводле яго сцвярджэння, мае месца нізкая якасць абслугоўвання, якая ў сваю чаргу з’яўляецца вынікам карупцыі.
Сярод праблем, якія абмяркоўваліся на круглым стале, былі недахоп месцаў у стацыянарах, чэргі ў паліклініках, недахоп якасных медпрэпаратаў ва ўстановах аховы здароўя.
Удзельнікі круглага стала выступілі за хуткае будаўніцтва паліклінік у дзвюх мікрараёнах Магілёва – Казіміраўцы і Спадарожніку, якія актыўна забудоўваюцца. Для гэтага было вырашана пачаць збор подпісаў пад адпаведным зваротам да ўлад.