Апазіцыя – Захаду: ёсць тры асноўныя патрабаванні, выкананне якіх можа казаць пра паляпшэнне ў Беларусі
Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай апазіцыі – партнёры Еўрапейскай Народнай Партыі возьмуць удзел у палітычнай асамблеі ЕНП. Таксама адбудзецца шэраг сустрэч з еўрапейскімі палітыкамі і прадстаўнікамі Еўракамісіі.
Кажа сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі:
“Мэты сённяшняга візіту – прадставіць супольную пазіцыю па сітуацыі ў Беларусі. Для беларуска-еўрапейскіх стасункаў важна, каб прыпыненне санкцый з боку ЕС і ЗША было на максімум выкарыстана для правядзення рэальных рэформаў у краіне. Мы вылучаем тры асноўныя патрабаванні, пасля выканання якіх можна казаць пра змены да лепшага ў Беларусі: змяніць выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку нормы і правілы, якія б гарантавалі правядзенне свабодных і сумленных выбараў; зарэгістраваць усе дэмакратычныя грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, якім па надуманых прычынах адмаўлялася ў рэгістрацыі, ды адмяніць адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі; гарантаваць свабоду і роўнасць дзейнасці для СМІ. Толькі ў такім выпадку будуць шанцы на змены.
Вельмі шмат еўрапейскіх палітыкаў падтрымліваюць пачатак кантактаў з уладамі Беларусі без якіхсьці ўмоваў. Але аўтарытарная сістэма і татальная карупцыя не змогуць прывесці да эканамічных і палітычных рэформаў. Таму сёння як ніколі трэба, каб дэмакратычная апазіцыя і грамадзянская супольнасць казалі адным голасам і дамагаліся рэальных дэмакратычных рэформаў у нашай краіне. Безумоўна, улады гэта разумеюць і ўсялякім чынам будуць чыніць перашкоды яднанню дэмакратычных сілаў і супрацьстаяць рэальным зменам.
Я перакананы, што праз яднанне і ціск дэмакратычных сілаў у Беларусі магчыма дамагчыся права на свабоду і абранне ўладаў”.