Святлана Алексіевіч і беларуская місія
Любіце ворагаў вашых,
Рабіце дабро ненавіснікам вашым,
Дабраслаўляйце кляцьбітаў вашых
І маліцеся за напаснікаў вашых.
Лукі 6:27-28
Светлае імя
У 2015-м у гісторыю Беларусі ўвайшла Святлана Алексіевіч. Цяпер яе Нобель — такі ж факт календара XXI стагоддзя, як і Плошча 2010-га альбо Менскія перамовы па Украіне 2014-га.
Але больш таго — расейскамоўная Святлана Алексіевіч заззяла яшчэ адной зоркай эпічнай бітвы, якую вось ужо тысячу гадоў светлая Беларусь вядзе на Усходзе – за душу Расеі.
Ва ўсіх сваіх кнігах Святлана Алексіевіч мэтанакіравана выяўляе савецкага чалавека. Чырвонага чалавека. Генэтычна мадыфікаванага Франкенштэйна, заквашанага бальшавізмам, масавым тэрорам, раскулачваннем, вялікарасейскім шавінізмам і, у рэшце рэшт, канчаткова скалечанага абязбожваннем.
Калі хочаце, Святлана Алексіевіч – светлае беларускае люстэрка, у якое глядзіцца расейская цемра.
Глядзіцца. Брыдзіцца. Не падабаецца масаваму спажыўцу тэлевізарнага эфіру ад Калінінграда да Уладзівастока ўзірацца ва ўласныя глыбіні. Страшна.
У гэтым сэнсе Алексіевіч робіць тое ж самае, што рабілі ў свой час Кірыла Тураўскі, Іван Федаровіч, Пётра Мсціславец, Мялет Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, Хведар Дастаеўскі, Уладзімір Высоцкі, Валерыя Навадворская. Беларускія з паходжання волаты, якія гарэлі місіяй збавіць Расею.
Чаму ў Нобелеўскай лекцыі Святлана Алексіевіч найбольш казала пра Расею? За Расею? Для Расеі?..
Чаму Расея
Нас трасе ад Расеі.
Блізіня невыносная. З усіх суседзяў, пацярпелых ад маскоўскае ласкі, менавіта, мы, найпершыя ахвяры лютасці, няўмольнасці і крывавага гвалту, мы адныя – не можам расейцаў узненавідзець.
Навошта нам, такім маленькім, такім утульным і такім глыбокім, гэты крыж – наш найдалейшы бліжні, самая буйная ды разгульная краіна ў свеце з настолькі шырокай душой, што яна проста разрывае нас на шматкі?
Адно з галоўных наканаванняў беларускага лёсу – евангельская місія ў Расеі. Гэта відавочна для кожнага, хто хоць трохі задумваецца над гісторыяй.
Беларусь заўжды была для Расеі ўспышкай святла – наймацнейшым раздражняльнікам для цёмнай пыхі і дэспатыі, бліскучым выклікам пячорнай дрымоце імперыі.
Беларусь прыняла Хрыста, калі Масквы і не было на свеце. Яшчэ маленькай будучую Расею — Уладзіміра-Суздальскую Русь — спрабавалі навярнуць нашы місіянеры ХІІ стагоддзя – Эўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Аўрамій Смаленскі.
Затопленае на 300 гадоў Ардой, цьмянае Маскоўскае княства глядзела на святло з Захаду прымружана, з кепска схаванай зайздрасцю і пакутлівай падазронасцю. Паталагічнае расейскае антызаходніцтва – насамрэч адсюль.
ВКЛ і ВЫКЛ
Стагоддзямі Расея прагнула пагасіць ВКЛ гвалтам, вайной, фізічным знішчэннем – а ў адказ Беларусь высільвалася збавіць Расею верай, культурай ды асветай. Скарына прывёз у Маскву друкаванае Святое Пісьмо – спалілі. Федаровіч і Мсціславец заснавалі друкарню й пачалі друкаваць Біблію па-маскоўску – выгналі. У адказ на захоп Полацку ў 1654-м уніяцкі манах Сімяон робіць бліскучы рэйд у сэрца імперыі, запачаткоўвае вялікую расейскую літаратуру, робіцца асветнікам і выхавацелем царскіх дзяцей.
З Расеі ішоў Патоп 1654-67 гг., калі мы страцілі кожнага другога (найстрашнейшы генацыд у нашай гісторыі!), Паўночная вайна з 800 тысячамі ахвяраў, спаленымі касцёламі, цэрквамі й цэлымі гарадамі, і, нарэшце, канчатковая акупацыя ў канцы ХVIII стагоддзя.
А з Беларусі ішлі духовыя пасольствы Епіфанія Славінецкага ды Амброзія Вашкевіча, што змянялі змрочную маскоўскую царкву. Мітрапаліт Пётр Магіла адукаваў расейскіх святароў ды фармуляваў спавяданне веры, прынятае ўсімі праваслаўнымі цэрквамі свету. Мялет Сматрыцкі падрыхтаваў для расейцаў славутую Граматыку, якую, нароўні з “Псалтыром Рыфматворным” Полацкага, называў брамамі сваёй вучонасці Міхайла Ламаносаў. Ілля Капіевіч выдаў дзясяткі падручнікаў і распрацаваў для Расеі Пятра грамадзянскі, ён жа беларускі шрыфт, якім сотні мільёнаў носьбітаў кірыліцы карыстаюцца дагэтуль.
Раз’ятраная імперыя Беларусь укрыжоўвала. Ліквідацыя Вуніі, скасаванне Статута, знішчэнне мовы й гістарычнай памяці, нават забарона імя “Беларусь” – крывавыя ўдары наскрозь.
Беларусь: штурм любові
Але неверагодны контрнаступ беларускага святла ў ХІХ-ХХ стагоддзях нагадвае біблейскія цуды.
Беларусь малілася за сваіх забойцаў вуснамі геніяў. Паміраючы на крыжы, усё імкнулася збавіць Расею сабой. Хрысціянскі прарок Дастаеўскі, нашчадкі ліцвінскіх шляхецкіх родаў Грыбаедаў, Грын і Бунін, аўтар расейскага гімну Глінка, Стравінскі, Барадзін, Рымскі-Корсакаў, Шастаковіч пераплаўлялі расейскае грамадства пранізліва евангельскай культурай.
Параза імперыі праз Беларусь была прадвырашаная. Калі ў 1898-ым у Менску сабраўся І зьезд РСДРП — партыі, якая разбурыць старую Расею да асноваў -, калі ў 1917-ым Мікалай ІІ, выехаўшы са стаўкі ў Магілёве, выракся прастолу, калі ў 1991-ым, на самай заходняй мяжы захопленай Беларусі у Віскулях, у маленькім доміку пад бел-чырвона-белым сцягам рухнуў СССР – усяму свету зрабілася ясна, дзе ключ ад расейскага сэрца.
Менавіта Беларусь — чыстая, светлая, натхнёная — скразіла ў героях свабоды і праўды расейскага ХХ стагоддзя – паэзіі Яўгена Еўтушэнкі і Міхаіла Ісакоўскага, у адкрыта вальналюбным “Новом мире” Аляксандра Твардоўскага і канцэртах Мсціслава Растраповіча, у шчырых да хрыпаты спевах Уладзіміра Высоцкага ды іранічных баладах Андрэя Макарэвіча, у ціхай адвазе праваабаронца Сяргея Кавалёва і бязлітаснай яснасці Валерыі Навадворскай…
Калі ў Расею можна толькі верыць – Беларусь можа толькі любіць.
Таму пераможная беларуская стратэгія ў змаганні з Масквой, выпрабаваная стагоддзямі гісторыі – наступальная. Ані роспачная абарона, ані свядомасць “асаджанай крэпасці”, ані сцяна на ўсходняй мяжы не ўратуюць. Выжывае не той, хто крычыць “Я не хачу паміраць!”. Выжывае той, хто кажа сабе: “Я ведаю, дзеля чаго мне жыць”, – і ідзе наперад.
Шлях хобіта Фрода з “Валадара колцаў”: адважны ўдар з астатніх сілаў у самае сэрца.
Беларуская місія
У рэшце рэшт, чалавека, як і народ, ацэньваюць не па тым, колькі ён мае, а па тым, колькі ён аддае. Аддаючы з любоўю, ахвяруючы – нашмат больш набываеш Там.
Беларуская місія ў Расеі сёння – гэта беларускія святары-каталікі ад Піцера да Далёкага Ўсходу; беларускія пратэстанты з вялізнымі музычнымі евангелізацыйнымі служэннямі; беларускія прыхільнікі Аляксандра Меня; самаадданыя журналісты і творцы. Сапраўдны беларускі прарыў на Усход – гэта не вынаходніцтва кампутаровых стралялак, а хрысціянскія інтэрнэт-праекты, выдавецтвы ды дабрачынныя служэнні. Замест сённяшніх беларусачак для Цвярской ды стрыптыз-бараў – цуды прыгажосці, вобразы цнатлівасці і сямейнага шчасця. Беларускае Радыё Вера, Тэлевізія Любоў, біблейскае асветніцтва, міжканфесійныя сацыяльныя сеткі, новыя духовыя рухі на ўзор “Чыстых сэрцаў”, міжканфесійнае хрысціянскае трыадзінства – усё гэта Расея можа ўспрыняць хіба толькі ад братоў-беларусаў.
Якім мусіць быць беларускі адказ на барадатых расейскіх казакоў з аўтаматамі, авіяцыйныя базы, ядзерныя эфіры “Расеі-24”?
Кнігі Алексіевіч для Масквы і Піцера. Масавыя беларускамоўныя курсы ад Беластоку да Смаленску. Шматтысячныя малітвы пад бел-чырвона-белымі сцягамі. “Пагоня” на футболе ў Лужніках.
Хто збавіць Расею
Безумоўна, Беларусь мусіць быць незалежнай – каб адасобленасць святасці, выяўленая ў хрысціянскай нацыянальнай ідэі, свяціла найясней.
Але цяперашняя нясцерпная блізкасць Расеі – такая, што ўвушшу яе шэпт, у роце яе язык, а абедзве шчакі ўжо гараць ад удараў – азначае, што надыйшоў час, як бы гэта не было цяжка, яшчэ мацней любіць. Любіць не ўладарную іванагрозную ды пятравялікую фальш – а няшчасных людзей, расейскім фарысействам ды нецярпімасцю засеяных.
Збавіць Расею – пытанне жыцця і смерці для самой Беларусі.
Бо Беларусі наканавана любіць Расею той невытлумачальнай, найвышэйшай любоўю, якая кажа: “Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабіце дабро ненавіснікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых”.
І толькі тады, калі агаломшаная любоўю Расея пачне развальвацца, сумнявацца, каяцца, выракацца імперскай пыхі і адкрывацца Богу (грандыёзнае відовішча, якое натхняла найвялікшых беларусаў!) – мы нарэшце ўбачым, Каго насамрэч хацела ўкрыжаваць у Беларусі імперыя.
Праз Беларусь пад бел-чырвона-белым сцягам Расею збаўляе Ісус.