Хрысціянска-дэмакратычны рух: алкаголь не павінен прадавацца ноччу
Хрысціянска-дэмакратычны рух, устаноўчы з’езд якога прайшоў 14 лістапада, будзе дамагацца развіцця ў Беларусі грамадзянскай супольнасці, заснаванай на хрысціянска-дэмакратычных, патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцях, умацавання прэстыжу і ролі сям’і ў грамадстве і дзяржаве, прапагандаваць здаровы лад жыцця. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 17 снежня ў Мінску заявіла старшыня аргкамітэту РГА “ХДР” Вольга Кавалькова.
Пры гэтым яна падкрэсліла, што ХДР не будзе займацца палітычнымі справамі. Гэта, паводле яе, дапаможа прыцягнуць да дзейнасці арганізацыі многіх актыўных людзей, якія гатовыя працаваць у важных для іх сферах, падзяляюць хрысціянскія і дэмакратычныя каштоўнасці, але не жадаюць удзельнічаць у палітычным жыцці. “Мы будзем займацца правядзеннем сацыяльна-значных для Беларусі кампаній, лабіяваннем тых заканадаўчых прапаноў, якія патрэбныя сёння ў грамадстве і на якія ўлады не звяртаюць увагі”, — сказала яна.
Першай такой прапановай стане кампанія па барацьбе з алкагалізмам у Беларусі. “На жаль, улады зараз робяць усё магчымае, каб папоўніць бюджэт сродкамі, і не звяртаюць увагі, што алкагалізм – вялікая праблема для Беларусі”, — падкрэсліла Вольга Кавалькова.
У прыватнасці, ХДР будзе патрабаваць абмежавання часу продажу алкагольных напояў з 10:00 да 21:00, забароны продажу алкаголю на аўтазапраўках і выключэння алкагольнай прадукцыі з катэгорыі харчавых прадуктаў. “У шматлікіх месцах сёння спецыяльна адчыняюцца кругласуткавыя крамы, каб прадаваць алкаголь. Трэба гэту практыку спыняць”, — сказала кіраўнік ХДР, нагадаўшы, што кожнае чацвёртае злачынства ў Беларусі здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення.
Рабіць гэта плануецца праз юрыдычнае абгрунтаванне неабходнасці прапанаваных мераў, збор подпісаў грамадзян у падтрымку прапаноў і асабістыя сустрэчы з чыноўнікамі, ад якіх залежыць рашэнне ў той ці іншай сферы.