ХДР будзе дамагацца пашырэння беларускамоўнага школьніцтва
У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, але на практыцы беларуская мова фактычна выцясняецца з ужытку. У краіне ў беларускамоўныя групы запісаныя толькі 10,5% дзяцей у дзіцячых садках, у школах па-беларуску навучаюцца толькі 14,5% вучняў, у сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах – адпаведна 0,2% і 0,1% студэнтаў.
Пры гэтым беларускамоўная адукацыя пераважае ў сельскай мясцовасці, тады як у буйных гарадах дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску, — адзінкі. Сама ж беларуская мова аднесеная ЮНЕСКА да ліку тых моў, якім пагражае знішчэнне, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 17 снежня намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнні РГА “Хрысціянска-дэмакратычны рух” Максім Гацак.
У сувязі з гэтым ХДР будзе дамагацца забеспячэння рэальнага раўнапраўя беларускай і рускай моваў у сістэме адукацыі.
У прыватнасці, прапануецца, каб пры пастаноўцы на ўлік ў дзіцячы садок ці пры прыёме ў школу альбо іншую ўстанову адукацыі бацькам прапаноўвалі пісьмова ў форме заявы выбраць мову навучання. Апроч таго, ХДР прапануе стварыць у кожным садку ды школе беларускамоўныя групы і класы, якія б “забяспечвалі канстытуцыйнае права грамадзян Беларусі на адукацыю на роднай мове”.