Паўла Севярынца будуць судзіць за акцыю 14 сакавіка
Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец атрымаў поштай копію пратакола, складзенага супрацоўнікамі Ленінскага РАУС падчас акцыі прадпрымальнікаў на прыступках Міністэрства падаткаў і збораў, якая адбывалася 14 сакавіка.
Суд мусіць адбыцца 6 красавіка ў будынку Ленінскага раённага суда Мінска.
“Тое, што адбываецца апошнія паўтара месяцы з так званымі судамі – проста шал беззаконня, па-іншаму не назавеш, – сказаў у інтэрвію прэс-службе БХД Павел Севярынец. – Райаддзелы пачкамі штампуюць пратаколы “пад капірку”, сакратаркі ў судах штодня ліхаманкава распіхваюць па канвэртах ды рассылаюць копіі пратаколаў ды пастановаў, набіраюць эсэмэскі, суддзі завочна, адзін за адным, у пустой залі агалошваюць спушчаныя згары прысуды “імем Рэспублікі Беларусь – 50 базавых”, 10-20 на суд за дзень – пэўна, там ужо сцены пачырванелі ад сораму… Ёсць ідэя. Калі масава выходзіць на акцыі штодня, марафонам – усе гэтыя ўстановы будуць паралізаваныя і самі захлынуцца ў сваіх сфабрыкаваных паперах”.