У Мінску патрабуюць зрабіць больш бяспечным скрыжаванне, у ДТЗ на якім загінулі два чалавекі (фота)
У Мінску актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі збіралі подпісы пад калектыўным зваротам за ўсталяванне дадатковых секцый светлафора для павароту налева з вуліцы Лагойскі тракт на вуліцу Гамарніка (цотны бок) і налева з вуліцы Гамарніка (цотны бок) на Лагойскі тракт. На гэтым месцы 3 красавіка адбылася аварыя, у выніку якой загінулі два чалавекі.
“Людзі добра рэагавалі на кампанію і ставілі подпісы, амаль усе ведалі пра аварыю і казалі, што гэта перакрыжаванне заўжды было небяспечным і ўжо даўно ДАІ павінна было адрэагаваць. Я сама жыву на Лагойскім тракце і кожны дзень праязджаю гэта перакрыжаванне, і ўсе аўтамабілісты, якія паварочваюць з Лагойскага тракту на Гамарніка, ведаюць, што зрабіць гэта няпроста, бо вялікая плынь машын, што рухаецца па тракце ў бок цэнтра, не дазваляе павярнуць налева на зялёнае святло. Адзіным магчымым спосабам павароту з’яўляецца праезд на чырвоны сігнал”, – адзначыла ініцыятар звароту Вольга Кавалькова.
7 красавіка актывісты перадалі калектыўны зварот і 120 подпісаў грамадзян у АДАІ РУУС Савецкага раёна Мінска, копіі выслалі у УДАІ Мінгарвыканкама і Міністэрства ўнутраных спраў. “Спадзяемся, што рашэнне ДАІ будзе станоўчым, а сітуацыя на іншых перакрыжаваннях, якія могуць быць небяспечнымі, будзе прааналізаваная УДАІ Мінгарвыканкама і выпраўлена, не чакаючы здарэнняў, якія могуць выклікаць ахвяр”, – адзначыла Вольга Кавалькова.