Камітэт выратавання прадпрымальніцтва, заснаваны БХД, абвясціў пра збор 50.000 подпісаў
Прадпрымальнікі маюць намер сабраць 50 тысяч подпісаў у падтрымку адмены прэзідэнцкіх указаў № 222 “Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі» і 48 «Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў». Пра гэта было заяўлена 11 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша БелаПАН.
Кампанію па зборы подпісаў ініцыяваў Камітэт выратавання прадпрымальніцтва, створаны пры падтрымцы аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).
У калектыўным звароце, пад якім будуць збіраць подпісы, гаворыцца: названыя ўказы «незаконна абмяжоўваюць права грамадзян на ажыццяўленне гаспадарчай дзейнасці і ствараюць перашкоды для свабоднай эканамічнай дзейнасці». Адміністрацыйныя санкцыі, якія прымяняюцца судамі ў дачыненні да прадпрымальнікаў, «настолькі празмерна, што яны ў большасці выпадкаў прыводзяць да немагчымасці ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ў далейшым».
Аўтары дакумента заклікаюць прызнаць ўказы № 222 і 48 неадпаведнымі Канстытуцыі, адмяніць і спыніць пераслед ІП па абвінавачванні ў несапраўднасьці дакументаў, якія пацвярджаюць выраб тавараў, калі гэтыя тавары набыты і рэалізуюцца ў рамках адзінай эканамічнай прасторы.
Зварот таксама ўтрымлівае патрабаванне падрыхтаваць базавы нарматыўна-прававы акт аб умовах дзейнасці прадпрымальнікаў, якія займаюцца рэалізацыяй тавараў і прадастаўленнем паслуг, які быў бы уніфікаваны з адпаведным міжнародным заканадаўствам.
Як паведаміў дырэктар аналітычнага цэнтра па праблемных пытаннях ІП Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Змітровіч, сабраныя подпісы будуць перададзены прэзідэнту, а таксама ў Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Беларусі.
Сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец лічыць, што сабраць 50 тысяч подпісаў атрымаецца за два-тры месяцы.
Адначасова прадстаўнікі Камітэта выратавання прадпрымальніцтва маюць намер працаваць над стварэннем прафсаюза прадпрымальнікаў «Салідарнасць». Падчас збору подпісаў прадпрымальнікам будуць прапаноўваць далучыцца да працы аргкамітэта па стварэнні прафсаюза.