Жыхары Шабаноў патрабуюць дзіцячую паліклініку (фота)
Актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Мінска праводзяць у Шабанах збор подпісаў за будаўніцтва ў мікрараёне дзіцячай паліклінікі. Пра гэта прэс-службе БХД паведаміў ініцыятар збору подпісаў Аляксандр Кавалькоў.
Мікрараён Шабаны існуе ўжо некалькі дзясяткаў гадоў, у мікрараёне функцыянуюць 6 дзіцячых садоў, 4 школы і ніводнай дзіцячай паліклінікі. Адзіная гарадская паліклініка № 36, якая абслугоўвае Шабаны і мікрараён Сосны, мае для дзяцей толькі педыятрычнае аддзяленне і стаматалогію, а да ўсіх астатніх спецыялістам бацькі вымушаныя вазіць сваіх дзяцей у іншыя раёны горада.
У сувязі з гэтым падпісанты звароту патрабуюць уключыць у план дэталёвага планавання забудовы мікрараёна Шабаны дзіцячую паліклініку, а ў перыяд яе праектавання і будаўніцтва забяспечыць гарадскую паліклініку № 36 вузкімі дзіцячымі спецыялістамі.