У Маладзечне сабралі больш за 500 подпісаў за якасную медыцыну
Больш за 500 жыхароў Маладзечна паставілі свае подпісы пад зваротам да ўладаў з мэтай паляпшэння якасці медыцынскіх паслуг. Аб гэтым паведаміў каардынатар БХД па Маладзечанскім раёне Раман Ганчароў.
“У горадзе і раёне не хапае кваліфікаваных медыкаў, якія не затрымліваюцца доўга на сваіх працоўных месцах пасля размеркавання і часта мяняюць месца працы пасля адпрацоўкі. Дзяржава павінна забяспечыць годны ўзровень заробкаў і ўмовы для жыцця медыцынскім работнікам у рэгіёнах,” – адзначыў каардынатар БХД па Менскай вобласці Павел Пракаповіч.
У галіне аховы здароўя БХД выступае за забарону практыкі “платных кабінетаў” пры бюджэтных паліклініках, за эфектыўнае матэрыяльнае стымуляванне працы медыцынскіх работнікаў, у тым ліку маладых спецыялістаў пасля размеркавання, за ўвядзенне інстытуту сямейных лекараў, супраць прымусу выпісваць лекі выключна беларускіх вытворцаў, за неадкладнае выдзяленне сродкаў на пабудову дастатковай колькасці медыцынскіх устаноў у рэгіёнах – там, дзе гэтых устаноў не хапае.
Сабраныя подпісы плануецца перадаць у Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт, Міністэрства аховы здароўя, Савет міністраў Рэспублікі Беларусь.