Марына Хоміч: адмова ад рэлігійных прадметаў у школе пакідае Беларусь у савецкай сістэме адукацыі
Адмовай ад вывучэння рэлігійных прадметаў у школе прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка хоча пакінуць савецкую мадэль адукацыі. Пра гэта ў каментары Krynica.info заявіла лідар аргкамітэту “Маладых хрысціянскіх дэмакратаў” Марына Хоміч, якая ўдзельнічала ў распрацоўцы праекту БХД па рэформе сістэмы адукацыі ў краіне. Пры гэтым яна адзначыла, што вывучэнне рэлігіі прысутнічае ў школах большасці краін Еўропы.
“Вывучэнне асноваў хрысціянскай культуры і этыкі дапаможа духоўнаму адраджэнню беларусаў, моладзі і грамадства. Гэты прадмет паспрыяе лепшаму разуменню канфесій, якія існуюць у краіне, умацуе міжканфесійны мір ды абароніць беларусаў ад таталітарных сектаў”, – сказала лідар МХД.
БХД выступае за абавязковае вывучэнне ў сярэднеадукацыйных навучальных установах асноў хрысціянскай культуры і этыкі. Дзеля гэтага, лічаць хрысціянскія дэмакраты, неабходна адкрыць у педагагічных установах адпаведную спецыяльнасць для падрыхтоўкі кваліфікаваных педагогаў. Таксама можна звяртацца да практыкі запрашэння на урокі прадстаўнікоў духавенства ўсіх традыцыйных канфесіяў Беларусі. Школьны курс па асновах хрысціянскай культуры і этыкі будзе накіраваны на вывучэнне базавых прынцыпаў хрысціянскіх канфесіяў у Беларусі, іх развіцця, гісторыі, а таксама на іх мірнае суіснаванне з нехрысціянскімі традыцыямі ў Беларусі – юдаізмам і ісламам. Гэты курс будзе накіраваны на выхаванне павагі да ўсіх рэлігійных канфесіяў, на павышэнне ўзаемнага даверу ў грамадстве паміж прадстаўнікамі розных канфесіяў, гаворыцца ў праекце БХД.
Як паведамляла Krynica.info, Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка падчас выступу ў парламенце на пытанне аб магчымасці ўвядзення ў беларускіх школах асобных рэлігійных прадметаў, адказаў, што рабіць гэтага не будзе.