Прэс-канферэнцыя з удзелам Ігара Гузя адмененая. Віталь Рымашэўскі: улады Беларусі паказалі сваю залежнасць ад Крамля
Прызначаная на 26 красавіка прэс-канферэнцыя з удзелам дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Ігара Гузя, сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца і лідара БСДП НГ Міколы Статкевіча адмененая ў сувязі з тым, што ўкраінскага палітыка не пусцілі ў Беларусь.
Ігару Гузю беларускія памежнікі паведамілі пра забарону ўезду на падставе падання з такім патрабаваннем з боку адпаведных органаў Расіі.
“Гэта абуральны факт, які сведчыць, што пры сённяшняй уладзе Беларусь застаецца ў васальнай залежнасці ад Крамля. Ніякіх законных падстаў для Беларусі не пускаць дэпутата Ігара Гузя не было. Тое, што яго не пусцілі па патрабаванні Расіі, падкрэслівае той факт, што Беларусь не з’яўляецца незалежнай краінай. Падобныя крокі ганебныя для незалежнай дзяржавы”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Паводле яго, затрыманне Ігара Гузя сведчыць пра тое, што ніякага нейтралітэту ў пытаннях канфлікту Расіі з Украінай Беларусь не вытрымлівае, а падтрымлівае палітыку Крамля.