Віталя Рымашэўскага выклікаюць у суд 28 красавіка
Сустаршыне аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, аднаму з замоўшчыкаў акцыі “Чарнобыльскі шлях” Віталю Рымашэўскаму даслалі позву ў суд на 28 красавіка за парушэнне заканадаўства аб правядзенні масавых акцый (арт. 23.34 КаАП).
Прычына выкліку ў суд ў позве не тлумачыцца.
Уручэнне падобных позваў напярэдадні акцыі “Чарнобыльскі шлях” без тлумачэння прычын Віталь Рымашэўскі расцэньвае як спробу аказання псіхалагічнага ціску.
“Ад нашай судовай сістэмы можна чакаць усяго, чаго заўгодна. Магчыма, яны ўжо прызначылі суд за акцыю 26 красавіка, бо пратаколы ўсе пішуцца пад капірку, і ўлады маглі проста вельмі спяшацца і загадзя даслаць позву”, – адзначыў ён у каментары прэсавай службе БХД.