У памяць Алеся Чаркашына ўсталююць помнік. Патрэбна сабраць яшчэ каля $ 1 тысячы
На магіле Алеся Чаркашына, які аддаў жыццё за Украіну на Данбасе, маюць усталяваць помнік. Сабраная большасць сродкаў, але не хапае каля $ 1 тысячы.
Сёлета 28 жніўня спаўняецца год з дня смерці берасцейскага дзеяча БХД Алеся Чаркашына, якога забілі на Данбасе прарасейскія сепаратысты. На гадавіну смерці родныя, сябры і паплечнікі Алеся з БХД плануюць усталяваць на ягонай магіле ў Камяніцы-Жыравецкай пад Берасцем помнік. Аўтарам праекту памятнай пліты стаў скульптар Генік Лойка.
«Я бачыў у інтэрнэце ролік з Алесем Чаркашыным. Бачыў, як ён граў на гітары і замест медыятара ўжываў патрон. Гэта мяне закранула. Таму на помніку я выявіў гітару і бронзавыя струны, скрозь якія праходзіць куля», – адзначыў Генік Лойка Belsat.eu.
Паводле скульптура, першапачаткова планавалася зрабіць помнік вялікім, але мясцовыя ўлады пачалі ціснуць на родных Алеся Чаркашына, што помнік не можа быць вышэйшым за 180 см, бо гэта нібыта парушае дазволеныя нормы. Скульптар, параіўшыся з роднымі і сваякамі, прыйшоў да высновы, што ён мае быць гарызантальны. На помніку змесцяць каляровы партрэт Алеся Чаркашына, праўда, колер каменю пакуль яшчэ не вызначаны.
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец адзначыў Belsat.eu, што з самага пачатку планавалася зрабіць помнік Алеся Чаркашына ў такім жа стылі, што і памятны знак у гонар Міхася Жызнеўскага, пахаванага пад Гомлем.
«Усім з самага пачатку было ясна, што помнік мусіць быць. Гэта не абмяркоўвалася. Пытанне было толькі ў тым, хто возьмецца. Паколькі Алесь Чаркашын быў кіраўніком Берасцейскай гарадской арганізацыі БХД, мы ўзяліся збіраць сродкі. Усе разумелі, што помнік мусіць быць, што ён мусіць быць годны. Людзі, якія прыходзяць на магілу, павінны бачыць, што тут пахаваны герой», – адзначыў Павел Севярынец.
Паводле яго, збор сродкаў на помнік ішоў з самага пачатку: на могілках, дзе было пахаванне, сіламі родных загінулага і актывістаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. З Наваградку адгукнуліся людзі, якія прапанавалі бясплатна паставіць помнік.
«На дадзены момант ёсць агулам прыблізна $ 3 тыс, а трэба сабраць яшчэ недзе $ 1. Сюды ўваходзіць і агароджа, і страхоўка, бо абавязкова трэба застрахаваць помнік. Як і ў выпадку з помнікамЖызнеўскаму пліту могуць пашкодзіць вандалы альбоспецыяльна навучаныя людзі з органаў», – сказаў Павел Севярынец.
Сустаршыня БХД мяркуе, што на гадавіну смерці Алеся Чаркашына і адкрыццё помніка прыедзе шмат людзей. «Паводле беларускіх звычаяў, на гадавіну, каб ушанаваць памяць памерлага, заўсёды збіраецца шмат людзей», – адзначыў Павел Севярынец.
Сродкі ў Беларусі можна пералічыць брату Алеся Чаркашына на рахунак у «Беларусбанку»: 9112 0001 5805 4367 09/20, Чаркашын Ігар Мікалаевіч.
Беларусы замежжа могуць пералічыць грошы на рахунак рэжысёра-дакументаліста Антося Цялежнікава, які жыве ў Польшчы: PL 05 1240 6423 1111 0000 4583 0222; Anton Tsialezhnikau, SWIFT: PKOPPLPW банк: PekaoSA. Усе сродкі рэжысёр перадасць непасрэдна сваякам Алеся.
Раней Антось Цялежнікаў зняў адмыслова для «Белсату» кліп на песню АлесяЧаркашына «Не здавайся!»