Суд над Віталём Рымашэўскім прайшоў за 7 хвілін
28 красавіка суд над сустаршынём аргкамітэту партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталём Рымашэўскім прайшоў за 7 хвілін. За гэты час былі апытаныя ўсе сведкі і вывучаныя ўсе матэрыялы справы.
Віталь Рымашэўскі абвінавачваўся ў тым, што 25 сакавіка падчас дазволенай уладамі акцыі на Дзень Волі размаўляў з людзьмі ля кінатэатру “Кастрычнік”.
“Абуральна тое, што ўдзельнікаў мірнай дазволенай акцыі судзяць толькі за тое, што яны сабраліся ля кінатэатра. Гэта беспрэцэдэнтна, такога нават раней не было. Рэпрэсіі ў Беларусі набываюць новы абарот і робяцца больш інтэнсіўнымі, але проста змянілі форму. Людзей не саджаюць за краты, але масава штрафуюць. Апроч фінансавага цяжару, на людзей і іх сем’і аказваецца яшчэ і псіхалагічны ціск. Вось так дзеючы рэжым рэагуе на адмену санкцый і дыялог з ім з боку Захаду, плюючы на ўсе дэмакратычныя нормы і каштоўнасці і спрабуючы знішчыць незалежны дэмакратычны рух”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.