Хрысціянскія дэмакраты перадалі ва ўрад сімвалічныя пустыя кашалькі (відэа)
Прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова, Віталь Рымашэўскі, Дзяніс Садоўскі і Марына Хоміч 5 мая наведалі Савет міністраў і Міністэрства эканомікі з сімвалічнымі пустымі кашалькамі, прызначанымі для кіраўнікоў гэтых дзяржорганаў.
«Пусты кашалёк – гэта сімвал таго, што грошай у народа зараз няма. А ў міністраў грошай шмат, напэўна, у адзін кашалёк яны ўсё не змяшчаюцца. Мы ім падарылі яшчэ адзін», – паведаміў БелаПАН Рымашэўскі.
Акрамя таго, у аддзелы па зваротах грамадзян Мінэканомікі і Саўміна перададзены калектыўны зварот і канцэпцыя мадэрнізацыі эканамічнай сістэмы Беларусі, распрацаваная з удзелам незалежных экспертаў, у тым ліку былога кіраўніка Нацбанка Станіслава Багданкевіча. Гэтыя дакументы па пошце будуць таксама накіраваныя ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства фінансаў і Нацыянальны банк.
У звароце адзначаецца, што эканоміка Беларусі «ўступіла ў вострую фазу зацяжнога сацыяльна-эканамічнага крызісу, ахвярамі якога ў першую чаргу становяцца беларускія сем’і, якія не бачаць перспектыў у заўтрашнім дні».
Актывісты БХД патрабуюць ад урада распрацоўкі комплекснай праграмы эканамічных пераўтварэнняў, у якой былі б прадугледжаны: стварэнне нармальных прававых умоў для прадпрымальнікаў, стварэнне новых працоўных месцаў, меры па супрацьдзеянні чыноўніцкаму і судзейскаму самавольству і іншае.
За перамяшчэннем прадстаўнікоў БХД ад Міністэрства эканомікі да Дома ўрада сачылі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, ведучы відэазапіс таго, што адбываецца.