Таісію Кабанчук не пусцілі на грамадскія слуханні па медыцыне ў Бабруйску
Актывістаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі на чале з магілёўскім абласным каардынатарам Таісіяй Кабанчук 6 траўня не пусцілі на арганізаваныя ў Бабруйскай цэнтральнай бальніцы грамадскія слуханні па ініцыяваных БХД зваротах грамадзян у справе павышэння якасці медыцынскага абслугоўвання ў Бабруйску ў прыватнасці і Беларусі ў цэлым.
З усіх актывістаў запрасілі і пусцілі на слуханні толькі актывістку Наталлю Волах, чый подпіс быў на тым аркушы, які быў у чыноўнікаў ад медыцыны на руках. Нават Таісію Кабанчук, на адрас якой у зваротах прапануецца дасылаць афіцыйныя адказы, не пусцілі, бо яе подпісу няма на гэтым аркушы. “Вось вам пісьмова і дашлюць адказ”, – адказалі ёй.
Наталлі Волах, якую адзіную пусцілі на слуханні, галоўныя ўрачы анкалагічнага дыспансеру і дзіцячай бальніцы распавядалі, што частка пытанняў са зваротаў ужо вырашаная (дазвол выдаваць бальнічныя ў прыватных цэнтрах, выпісваць па рэцэпце міжнародную назву лекавага сродку, а не яго беларускі аналаг), а што не выканана – тое зараз выконваецца (вырашаецца пытанне недахопу спецыялістаў, кампутарызацыі дакументазвароту і іншае).
Цікава, што гэта не першыя падобныя слуханні. На 3 траўня гарадскія ўлады, паводле іх словаў, запрасілі больш за 90 падпісантаў звароту ў гарвыканкам, але ніхто з іх не прыйшоў на сустрэчу. Пра ініцыятараў звароту – актывістаў БХД – тады таксама забыліся.
“Хіба мы не жывём у гэтым жа горадзе, у гэтай жа краіне? Хіба мы не ходзім у тыя ж медычныя ўстановы? Але яны пускаюць толькі тых, чый подпіс стаіць на канрэтным аркушы. Іншых жа, хто ставіў свае подпісы на іншых аркушах, хто ініцыяваў гэтыя звароты, яны пусціць не могуць, нібыта мы іншапланецяне якія”, – адзначыла Таісія Кабанчук.